Вы тут

Памятаць пра Скарыну


Падчас ХІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, што прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, значная ўвага была звернутая на асобу першадрукара Францыска Скарыны.
І гэта заканамерна: сёлета мы адзначаем 525-годдзе з дня яго нараджэння, а праз два гады будзем шырока святкаваць 500-гадовы юбілей айчыннага кнігавыдання. Так, у межах Дзяржаўнай праграмы ўжо пабачылі свет пяць кніг Скарыны ў выглядзе факсіміле, ідзе падрыхтоўка да друку яшчэ сямі выданняў.

Адметна, што падчас форуму адбылося ўрачыстае гашэнне паштовага блока «525 гадоў з дня нараджэння Францыска Скарыны», выпушчанага Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Макет распрацаваў мастак Іван Лукін. На паштовым блоку змешчана выява самога першадрукара, а таксама словы яго знакамітай прадмовы да кнігі «Юдзіф».

У той жа час навукоўцы адзначаюць, што пра асобу і дзейнасць Францыска Скарыны нам вядома не так і шмат. Доктар гістарычных навук, вядомы медыявіст Георгій Галенчанка падчас пленарнага пасяджэння форуму распавёў:

— Дзейнасць Скарыны вельмі загадкавая, можна нават напісаць асобную работу, прысвечаную фактам, якія мы не ведаем пра нашага славутага земляка. Над вывучэннем спадчыны першадрукара працуюць беларускія, польскія, расійскія даследчыкі, таму варта разглядаць і метадычныя аспекты, якія затрымліваюць працу. Гэта, перадусім, адсутнасць якаснай бібліяграфіі па тэме. Яна разгалінаваная, але кепска структураваная, што выклікае пэўныя спрэчныя пытанні і стварае міфы пра Скарыну. Больш за тое, у сваіх працах даследчыкі карыстаюцца тэрмінамі, што не адпавядаюць часу вывучэння, напрыклад, разглядаюць катэгорыі этнасу, нацыянальнай прыналежнасці. Ды і самі навуковыя працы, прысвечаныя асобе першадрукара, напісаныя на розным узроўні і часта змяшчаюць шмат фантастычнага. Гэта звязана з тым, што перыяд канца XV — пачатку XVI ст. не вельмі добра даследаваны навукоўцамі.

У сваім выступленні Георгій Якаўлевіч звярнуў увагу і на асноўныя міфы, звязаныя з імем Скарыны. Так, існуе версія, што яго бацька быў багатым купцом, аднак ёсць звесткі, што ён здзяйсняў наезды на маскоўскіх купцоў. Натуральна, багаты чалавек мог знайсці спосаб гэтага пазбегнуць, даўшы заданне сваім падначаленым. Загадкай застаецца і навучанне Скарыны ў Падуі ў 1512 годзе. Па меркаванні некаторых даследчыкаў, ён не мог там вучыцца, бо ў той час у Італіі ішлі войны. Магчыма, у Падуі будучы першадрукар толькі здаў экзамен на атрыманне ступені доктара медыцыны, перад гэтым прайшоўшы навучанне ў Кракаве. Справа ў тым, што ступень Падуанскага ўніверсітэта лічылася надзвычай прэстыжнай, — зацвярджалася самім Папам Рымскім.

Але нават нягледзячы на лакуны ў біяграфіі і апісанні дзейнасці Скарыны, яго асоба можа стаць выдатным фактарам для ідэйнага злучэння прадстаўнікоў розных этнічных і канфесійных груп насельніцтва Беларусі. Постаць яго і сёння пазнавальная і выклікае пазітыўныя асацыяцыі. На гэта звярнуў увагу ў сваім выступленні намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдыт культуралогіі Алесь Суша.

— Імя Скарыны адлюстравана ў назвах вуліц, універсітэтаў, навуковых цэнтраў, перыядычных выданняў. Скульптурнае і мастацкае ўвасабленне яго постаці таксама надзвычай багатае. Таму варта працаваць у кірунку папулярызацыі спадчыны першадрукара, бо не ўсе ведаюць, што яго кнігі знаходзяцца ў бібліятэках краіны, і каб іх пабачыць, неабавязкова ехаць за мяжу, — падкрэсліў Алесь Аляксандравіч.

Па меркаванні даследчыка, новым крокам у кнігазнаўстве краіны можа стаць стварэнне Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі, куды ўвойдуць звесткі пра ўсе каштоўныя і рэдкія выданні, што захоўваюцца ў бібліятэках, музеях і нават прыватных калекцыях.

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

 

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.