Тое, чаго не было


Белгазпрамбанк папоўніў сваю карпаратыўную калекцыю працамі класікаў нацыянальнай школы жывапісу — Фердынанда Рушчыца і Станіслава Жукоўскага. У прыватнага калекцыянера з Беларусі былі набыты пейзажы Ф. Рушчыца «Хлеў і прасла для сена» (1899) і С. Жукоўскага «Адліга. Свіслацкая пушча» (1935).

Уклад Фердынанда Рушчыца (1870 — 1936) у мастацтва Беларусі, Літвы і Польшчы цяжка пераацаніць. Менавіта ён арганізаваў ў 1919 годзе мастацкі факультэт адроджанага тады Віленскага ўніверсітэта. У вёсцы Багданава Валожынскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца магіла мастака, тут жа плануецца стварэнне мемарыяльнага музея яго імя. Пры ўсім гэтым у нашай краіне захоўваецца толькі адно палатно Ф. Рушчыца, якое знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея. Каб выправіць гэтую прыкрую акалічнасць, Белгазпрамбанк адшукаў і набыў адзін з твораў жывапісца. На маляўнічым эцюдзе «Хлеў і прасла для сена» — наваколлі Багданава, дзе знаходзіўся радавы маёнтак майстра і дзе ён напісаў лепшыя са сваіх твораў.

У адрозненне ад небагатай спадчыны Рушчыца, работ Станіслава Жукоўскага (1873—1944) у Нацыянальным мастацкім музеі каля сарака. Але сярод іх няма ніводнагаўласна беларускага пейзажу. Адзін з самых уплывовых пейзажыстаў пачатку ХХ стагоддзя С. Жукоўскі шмат падарожнічаў па Еўропе і Расійскай імперыі —«захоўваў» прыгажосць мясцовых ландшафтаў. Аднак штогод жывапісец нязменна выпраўляўся на пленэр на Гродзеншчыну — па сваіх родных мясцінах. Белгазпрамбанку пашчасціла стаць уладальнікам адной з работ Станіслава Жукоўскага, прысвечаных краявідам Свіслацкай пушчы — паўночнай часткі Белавежскай. Па звестках мастацтвазнаўцаў, нават у музеях Польшчы, дзе мастак правёў апошнія дваццаць гадоў жыцця, працы гэтага цыкла практычна не прадстаўлены.

Набыткі Белгазпрамбанказначна пашырылі канцэпцыю яго карпаратыўнай калекцыі. Першапачаткова былі творы, прысвечаныя спадчыне мастакоў Парыжскай школы з Беларусі, цяперашняя калекцыя адлюстроўвае спецыфіку больш глабальнага праекта «Арт-Беларусь». Мэта яго — паказаць працэс развіцця культуры нашай краіны ва ўсёй паўнаце. Фарміраванне калекцыі сёння звязана з вяртаннем у культурны кантэкст незаслужана забытых імёнаў беларускіх мастакоў, якія належаць да розных гістарычных эпох.

Таццяна ШЧЭРБА

Даведка «ЛіМа»

Фердынанд Рушчыц (1870, маёнтак Багданаў Мінскай губерніі — 1936, там жа) — мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Майстар рамантычнага пейзажа. У 1892 — 1897 гг.
навучаўся жывапісу пад кіраўніцтвам І. Шышкіна і А. Куінджы ў імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Браў удзел у выстаўках аб’яднання «Свет мастацтва», таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Sztuka». У 1904 — 1907 гг. выкладаў жывапіс у Вучылішчы прыгожых мастацтваў у Кракаве, прафесар кракаўскай Акадэміі мастацтваў. У 1918 — 1919 гг. кіраваў стварэннем мастацкага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні і быў яго першым дэканам. У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым узнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёна. У віленскі перыяд працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, супрацоўнічаў з тэатрам.

Станіслаў Жукоўскі (1873, маёнтак Старая Воля каля в. Ендрыхавічы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерніі — 1944, г. Прушкаў, каля Варшавы, Польшча) — жывапісец, педагог. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе вучыўся ў І. Левітана. У 1899 годзе яго карціна «Месяцовая ноч» была набыта Траццякоўскай галерэяй. Да пачатку ХХ ст. С. Жукоўскі стаў адным з самых вядомых у Расіі пейзажыстаў імпрэсіяністычнага кірунку. Арганізаваў у Маскве прыватную школу, дзе кладаў. У 1923 годзе вярнуўся ў Беларусь, затым перасяліўся ў Польшчу. Падчас Другой сусветнай вайны мастак быў арыштаваны нацыстамі. Памёр у канцэнтрацыйным лагеры ў Прушкаве ў 1944 годзе.

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».