Вы тут

Выйсці за межы: суцінскія цуды


Простага хлопца, які нарадзіўся ў беларускай глыбінцы больш чым стагоддзе таму, добра ведаюць у Францыі. Гэта сусветна любімы мастак Хаім Суцін, чые карціны адны з самых дарагіх у свеце і нязменна выклікаюць захапленне аматараў мастацтва. У Беларусі пра яго, як ні дзіўна, да нядаўняга часу мала хто ведаў, лічылі рускім. Сёння творчасць Хаіма Суціна нарэшце вяртаецца на радзіму. Тры дні запар прысвяцілі яму даследчыкі, мастацтвазнаўцы, дыпламаты, гісторыкі, паэты, выдаўцы і калекцыянеры — таямнічая асоба Суціна выклікала цэлую хвалю дыскусій падчас I Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Суцінскія чытанні», якая прайшла ў канцы красавіка ў Мінску і Смілавічах.

Выратаванне Еўропы

У чым прычына цікавасці да Суціна на Беларусі? На гэтае пытанне пастараўся адказаць арт-кансультант і калекцыянер Уладзімір Шчасны. «Прыналежнасць сусветна вядомага мастака да культуры нашай краіны не падлягае сумневу. І мы, нарэшце, пачалі гэтым ганарыцца. Прыходзіць разуменне неаддзельнасці беларускага мастацтва ад агульнасусветнага развіцця культуры», — паведаміў арт-кансультант.

На думку многіх мастацтвазнаўцаў, і Уладзіміра Шчаснага ў тым ліку, Шагал, Суцін, Царфін і іншыя мастакі Парыжскай школы з Беларусі разам з экспрэсіяністамі іншых краін выратавалі еўрапейскае мастацтва ад трывіяльнасці і руціннага акадэмізму.

«Марк Шагал — самы вядомы французам прадстаўнік Парыжскай школы. Але былі і іншыя, як Суцін і Царфін, якія зрабілі вялікі ўклад у сучаснае еўрапейскае і сусветнае мастацтва. Мастацкія сувязі Беларусі і Францыі звязаны не толькі з творчасцю Марка Шагала, але і са шматлікімі імёнамі іншых мастакоў. І такія канферэнцыі дапамагаюць зразумець, што нашы краіны маюць больш багатую агульную культурную спадчыну, чым мы прызвычаіліся думаць», — адзначыла на канферэнцыі першы сакратар Пасольства Францыі ў Беларусі Эльза Піньоль, працягваючы думку Уладзіміра
Шчаснага.

Вакцына ад міфаў

Карціны Суціна — погляд сур’ёзнай і складанай асобы. У працах адчуваюцца матывы на мяжы суіцыду. Разбуральная сіла і стваральная. Як гэта можа спалучацца? Дырэктар Парыжскай Пінакатэкі, гісторык мастацтва Марк Рэстэліні, які арганізаваў у Парыжы выстаўку «Смілавіцкі вар’ят», упэўнены, што «шаленства ў творчасці Суціна можна параўнаць з настроем героя Дастаеўскага».

Выступоўца развеяў многія міфы, звязаныя з Суціным. «Галоўная праблема даследчыкаў у тым, што людзі, якія ведалі Суціна, дадавалі шмат асабістага ў яго апісанне. Асабліва жанчыны», — лічыць спадар Рэстэліні.

Звярнуўшыся да псіхалогіі мастака, ён падкрэсліў, што «здольнасць адчуваць глыбока — рыса, якая адрознівае не толькі Суціна, але і ўсю кагорту творцаў Парыжскай школы». У гэтым таксама выяўляецца падабенства Суціна з Мадзільяні. Яны прадстаўлялі ўнутраны вобраз, а не капіравалі знешнія рысы.

«Упэўнены, што іудаізм не іграе вялікай ролі ў творчасці Суціна. Больш за тое, антыяўрэйскія павевы часу, у якім жыў мастак, даюць падставу думаць, што ён пазбягаў свайго паходжання. Таму ўсё, што мы бачым на карцінах Суціна, — гэта спасылкі да еўрапейскага мастацтва. Нацюрморты з дзічынай, напрыклад, прадстаўляюцца як уплыў Рэмбранта, а пейзажы — вынік уражання ад работ Каро», — канстатаваў даследчык.

Убачыць сутнасць

«Многія знаёмыя Суціна, казалі, што галоўнай рысай яго характару была жахлівая нясмеласць. Ён мала распавядаў пра сябе, таму галоўную інфармацыю пра мастака трэба шукаць у яго карцінах», — адзначыла дырэктар Мастацкага музея імя Поля Валеры, арганізатар першай буйной выстаўкі Суціна ў Францыі, мастацтвазнаўца Маітэ Валес-Блэд.

Паводле яе слоў, Суцін працаваў у межах традыцыйнай трыяды: партрэт, пейзаж, нацюрморт. Але ён не быў прыхільнікам рэалізму, імкнуўся выйсці за межы традыцыйнасці, зрэшты, як і не заганяў сябе ў межы модных кірункаў, напрыклад, сюррэалізму або футурызму. Разам з тым яго карціны адрозніваюцца дзіўнай экспрэсіяй, у іх ярка выяўляецца рух і пошук сэнсу жыцця.

«Суцін часта вяртаўся да адных і тых жа сюжэтаў, каб даследаваць усе магчымасці матэрыялу, колеру, формы. У кожным творы ён бачыў унутраную сілу, схопліваў праўдзівы характар рэчаў і з’яў. Затое на яго карцінах прысутнічае мноства вонкавых скажэнняў», — дадала Маітэ Валес-Блэд.

Мастацтвазнаўца звярнула ўвагу на тое, што карцінам Суціна была характэрна дваістасць, у тым ліку проціпастаўленне колераў. Напрыклад, белага і чырвонага. Дарэчы, белы ніколі не быў у яго адна-
значным, а заўсёды з мноствам адценняў. Суціна па праве лічаць майстрам накладання аб’ёмнага мазка.

«Ён адлюстроўваў сябе на кожнай карціне — выказваў свой унутраны свет. Стараўся ўбачыць у натуршчыкаў, простых людзей з вуліцы, іх сутнасць, зняць маскі з людзей. У жывапісе Суціна мы бачым пільнае стаўленне да дэталяў і разам з тым увагу да абстракцый», — падкрэсліла Маітэ Валес-Блэд.

Праўда праз аб’ектыў

Аналіз фотадакументаў, звязаных з Суціным, прадставіў падчас канферэнцыі Мішэль Лебрэн-Франзаралі, мастак і паэт, які прысвяціў творцу дзве кнігі, доўгі час займаўся даследаваннем яго жыцця. Фотаздымкі, пра якія распавёў спадар Лебрэн-Франзаралі, адносяцца да перыяду сярэдзіны 1920-х гадоў, калі мастак знаходзіўся ў Францыі. На адным з іх Суцін катаецца на лодках з сябрамі, у тым ліку Леапольдам Збароўскім, гандляром яго карцінамі.

«Дакумент аб найманні жылога памяшкання пацвярджае, што дом Суціна быў у французскай камуне Ле-Блан. Можна ўбачыць яго фатаграфію — прыгожае памяшканне з грунтоўнай майстэрняй, стайняй, шыкоўным садам», — канстатаваў Мішэль Лебрэн-Франзаралі.

Даследчык патлумачыў і канцэпцыю нацюрмортаў Суціна з выявамі мёртвай дзічыны, падвешаных індычак і курыц, рыбы, якая ляжыць на прылаўках рынку, туш быкоў. Па яго словах, гэта не жорсткасць мастака, а, наадварот, нежаданне згаджацца са смерцю, імкненне знайсці рэцэпт вечнага жыцця.

Гульня з часам

Вялікую цікавасць падчас канферэнцыі выклікалі мініяцюрныя макеты інтэр’ераў, дзе бываў Суцін, створаныя маскоўскім тэатральным цэнтрам «Вулей». Гэта назва невыпадковая, бо мастак, які прыехаў у Францыю з Еўропы, спачатку жыў у прыстанішчы для творчых жабракоў з усяго свету. Звалася яно таксама «Вулеем». Там, па словах Марка Шагала, «альбо акалявалі ад голаду, альбо рабіліся знакамітымі». Цікава і тое, што Дарына Крук, кіраўнік тэатральнага цэнтра, таксама нарадзілася ў Смілавічах. Яна адданая прыхільніца творчасці
Суціна.

Сябра, але не аднадумец

Канферэнцыя была прысвечана не толькі Суціну, але і яго земляку, сябру і мастаку Шраге Царфіну. Ён быў, у адрозненне ад Суціна, вельмі прывязаны да сваёй радзімы. Моц карцін Царфіна ўпершыню адчуў менавіта Суцін і падказаў маладому творцу развіваць свае здольнасці. Існуе цэлае даследаванне знакаў і сімвалаў у творчасці Царфіна. Карціны мастака сярэдзіны 1940-х гадоў вельмі багатыя на алегорыі і містыцызм. Потым Царфін адкрые для сябе гатычную архітэктуру і царкоўныя сюжэты — пачне ствараць палотны з выявамі сабораў, залітых загадкавым сінім святлом.

Сховішча скарбаў

Важнай часткай канферэнцыі стала экспазіцыя арыгінальных (у тым ліку самых дарагіх) карцін Суціна і Царфіна, якія былі прадстаўлены толькі адзін дзень — у новай зале музея «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах. Выстаўка стала заслугай складальнікаў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, бо да 2012 года на тэрыторыі Беларусі не было ні адной працы Суціна. Самая дарагая карціна мастака ў Беларусі, «Ева», каштавала на аўкцыёне 1,8 млн долараў.

Музей «Прастора Хаіма Суціна» быў створаны яшчэ ў 2008 годзе па ініцыятыве Уладзіміра Шчаснага ў Цэнтры дзіцячай творчасці Смілавіч. У першай зале музея, прысвечанага радзіме мастака, размешчаная інфармацыя пра яго сям’ю, перыяды дзяцінства, юнацтва і вучобы ў Вільні і Мінску. Другая зала стылізавана пад атмасферу парыжскіх вуліц. Можна ўбачыць там кафэ са столікамі і крэсламі, а на сценах — рэпрадукцыі карцін Суціна і яго сяброў з «Парыжскай
школы».

Што далей?

Завяршылася канферэнцыя анонсам працягу «Суцінскіх чытанняў». Дырэктар галерэі «Кніжны салон» Ала Зміёва распавяла пра адкрыццё міжнароднага мастацкага пленэру «Прастора Суціна», запланаванага на восень бягучага года. Усе гэтыя мерапрыемствы дазволяць яшчэ глыбей зразумець феномен Суціна і яго значэнне для развіцця сусветнай культуры і, у прыватнасці, мастацтва Беларусі.

Канферэнцыя арганізавана па ініцыятыве прыватнай установы культуры «Спадчына і час» пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і галерэі «Кніжны салон»

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

Марыя ВОЙЦІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?