Вы тут

Бібліятэка… у мабільніку


Электронная бібліятэка Bookmate, якая аб’ядноўвае больш як 200 тысяч кніг на розных мовах свету, цяпер даступная і ў Беларусі. Прэзентацыя гэтага ўнікальнага праекта адбылася ў сталіцы. Адметнасць сэрвісу Bookmate заключаецца ў тым, што ён за невялікую плату прадастаўляе доступ да велізарнай бібліятэкі, дае магчымасць карыстальнікам ствараць уласныя віртуальныя паліцы, дзяліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг. Важна, што аплаціць паслугі Bookmate надзвычай проста. У абанентаў кампаніі МТС — партнёра міжнароднага кніжнага сэрвісу — грошы будуць залічвацца з рахунку (1200 рублёў на дзень), аматары іншых мабільных аператараў змогуць аплаціць паслугі бібліятэкі банкаўскай картай праз інтэрнэт ці адправіўшы смс-паведамленне.

Чытаць кнігі з Bookmate можна не толькі на мабільным тэлефоне, але і на камп’ютары, планшэце, варта проста спампаваць з сайта адмысловы дадатак. Пры чытанні можна карыстацца рознымі прыладамі, яны будуць сінхранізавацца і паказваць тую старонку кнігі, на якой вы спыніліся.

Сузаснавальнік бібліятэкі Bookmate Сайман Данлап распавёў:

— Даследаванні паказалі, што людзі ў асноўным чытаюць электронныя кнігі з экранаў мабільных тэлефонаў. Тэлефон заўсёды з сабой. 80 — 85 працэнтаў карыстальнікаў бібліятэкі Bookmate чытаюць кнігі з мабільнага тэлефона. Адметна, што за чытаннем з дамапогай нашага дадатку карыстальнік праводзіць прыкладна 50 хвілін на дзень. Але гэта не значыць, што чалавек адкрыў кнігу і амаль цэлую гадзіну запар правёў з ёй. Ён чытае ў чарзе, калі едзе ў метро ці чакае сябра. Пагадзіцеся, лепш пачытаць хоць некалькі хвілін, чым патраціць гэты час на гульню ці сацыяльныя сеткі. Людзі, якія карыстаюцца бібліятэкай Bookmate, — моладзь ва ўзросце ад 17 да 32 гадоў.

Зараз ідзе працэс падрыхтоўкі паўнавартаснай працы Bookmate ў Беларусі. Так, інтэрнэт-старонка будзе перакладзеная на беларускую мову. Таксама адбываецца працэс фарміравання беларускамоўнага каталога. На электронных паліцах міжнароднай бібліятэкі будзе прадстаўленая беларуская класіка, а таксама (пасля заключэння дамоваў з аўтарамі і выдаўцамі) сучасныя айчынныя выданні. Сёння Bookmate працуе амаль з усімі выдаўцамі Расіі, вялікай колькасцю замежных выдавецтваў. Важна, што беларускія карыстальнікі сэрвісу атрымаюць доступ не толькі да мясцовых выданняў, але і да ўсяго багатага асартыменту бібліятэкі Bookmate.

Для таго каб карыстацца электроннай бібліятэкай Bookmate, неабавязкова мець пастаянны доступ да інтэрнэту. Карыстальнік сэрвісу можа захаваць некалькі кніг на тэлефоне ці камп’ютар і чытаць іх у зручны для яго час. Пры гэтым капіраваць, перасылаць і перадаваць электронныя выданні нельга — самі файлы схаваныя ўнутры дадатку. Так стваральнікі бібліятэкі абараняюцца ад
пірацтва.

— Мы ведаем, што і ў Беларусі, і ў Расіі высокі ўзровень пірацтва ў галіне элетронных кніг, — зазначыў спадар Данлап, — але я не думаю, што гэта звязана з жаданнем жыхароў атрымліваць кнігі бясплатна. Хутчэй прычына ў тым, што людзі проста не ведаюць, як і дзе набыць легальныя копіі выданняў. Ды і рынак электронных кніг тут зусім не развіты.

Для выдаўца Bookmate — не толькі магчымасць атрымаць прыбытак (яго памер залежыць ад колькасці чытачоў, якія захочуць прачытаць кнігу), але і дадатковы спосаб прамоцыі сваіх выданняў, а таксама пэўнага кшталту інструмент, што дазволіць сачыць за тым, як чытач рэагуе на кнігу, ці дачытвае да канца, як успрымае сам твор, якімі цытатамі дзеліцца з сябрамі, побач з якімі іншымі кнігамі стаіць выданне на віртуальных паліцах.

Зараз, калі працэс фарміравання беларускага каталога толькі пачынаецца, прадстаўнікі Bookmate гатовыя аказваць айчынным выдаўцам дапамогу ў падрыхтоўцы электронных версій кніг у адмысловым фармаце для мабільных прылад epub. Плануецца правядзенне спецыяльных майстар-класаў, а для некаторых выданняў Bookmate самастойна падрыхтуе epub-версію.

Bookmate — гэта не толькі бібліятэка, але і пэўнага кшталту сацыяальная сетка для аматараў чытання. Сайман Данлап разважае:

— Мы звычайна чытаем кнігі на адзіноце. Але бывае, што прачытанае вельмі моцна на нас уздзейнічае. Можам гучна засмяяцца ў метро, заплакаць ці захацець абмеркаваць прачытанае з сябрамі. Тэхналогія Bookmate дазваляе знайсці чалавека, які ўжо чытаў ці проста зараз чытае гэтую кнігу, падзяліцца цытатай. А хутка ў нас з’явіцца функцыя гутаркі, якая дазволіць абмяркоўваць прачытанае з іншымі карыстальнікамі. Гэта ўсё стварае дадатковае метаполе вакол кнігі, якое дазваляе прыцягнуць новых чытачоў. Пагадзіцеся, калі чалавек збіраецца пачытаць нейкую кнігу, яму вельмі важна разумець, з чым ён мае справу. Не надта хочацца «інвеставаць» 8 — 10 гадзін уласнага часу на твор, які не прынясе ніякай карысці і задавальнення. Таму функцыі рэкамендацый ад аўтара, прафесіянала ў галіне, працуюць на Bookmate. Больш за тое, карыстальнік сам можа зрабіць працэс чытання больш зручным: змяніць колер літар, шрыфт.

У планах Bookmate у Беларусі — праца з выдаўцамі і аўтарамі (у тым ліку правядзенне юрыдычных кансультацый), падтрымка маладых пісьменнікаў, а таксама публікацыя аглядаў навінак ды самых папулярных кніг у СМІ.

Сайман Данлап упэўнены:

— У Беларусі любяць чытаць,
мы ж толькі прадстаўляем новы спосаб чытання элетронных кніг, просты і даступны. Bookmate прынясе карысць і выдаўцам. Тыя, хто ўжо выпускае электронныя кнігі, будуць з намі працаваць, а тыя, хто іх яшчэ не мае, пабачаць сэнс падрыхтоўкі кніг у фармаце epub.

Калі вы хочаце стаць карыстальнікам бібліятэкі Bookmate, заходзьце на старонку book.mts.by, спампоўвайце дадатак для тэлефона ці камп’ютара, рэгіструйцеся і атрымлівайце асалоду ад чытання.

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.