Вы тут

Паштоўкі Вялікай Айчыннай


Салдацкія трохкутнікі — адзін з сімвалаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны прыносілі і найвялікшую радасць, калі родныя даведваліся, што іх салдат жывы і здаровы, і смутак, калі баец быў цяжка паранены або скалечаны. Самымі ж чорнымі пасланнікамі бяды былі пахаронкі…

Але існаваў яшчэ адзін від эпісталярных зносін — паштоўкі. Іх пачалі друкаваць з першых месяцаў вайны, каб узняць баявы дух салдат Чырвонай Арміі, паказаць зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, арганізаваць мірнае насельніцтва на барацьбу з ворагам. Так, ужо з 1941 г. у Ленінградзе друкаваліся паштоўкі з красамоўнымі назвамі: «Танк КВ знішчае варожы дзот», «Захаваем помнікі рускай культуры», «За вадой на Няву», «Мы гэта ніколі не забудзем!». Навагодняя серыя нагадвала байцам пра мірнае жыццё, іх сем’і і заклікала не шкадаваць ні сіл, ні жыцця для Перамогі.

Падчас працы з фондам Мікалая Лобана ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва
(БДАМЛМ) я натрапіў на некалькі паштовак ваеннага часу. Кожная з іх мае сваю гісторыю…

Вось паштоўка ад знаёмай настаўніцы Міколы Лобана, з якой яны разам працавалі ў пасёлку Келераўка Паўночна-Казахстанскай вобласці. Жанчына выказвае падзяку Мікалаю Паўлавічу за дапамогу яе сыну ў дарозе. Паштоўка надрукавана ў 1942 г. у Свярдлоўску Выдавецтвам упраўлення скульптурна-мастацкімі прадпрыемствамі мастацкага фонду СССР. На ёй змешчаны партрэт Героя Савецкага Саюза лётчыка А. Лук’янава, а на адваротным баку — тэкст: «4 ліпеня 1941 года камсамолец малодшы лейтэнант А. А. Лук’янаў у паветраным баі тараніў самалёт ворага, а астатнія нямецкія машыны адагнаў ад ахоўваемага ім аб’екта. Усяго на ліку Лук’янава 6 знішчаных варожых самалётаў».

Падобная паштоўка таго ж выдавецтва была адпраўлена Мікалаю Лобану 20 кастрычніка 1943 г. з пасёлка Келераўка настаўніцай Еўдакіяй Баранавай. На ёй — партрэт Героя Савецкага Саюза лётчыка М. Татміна, работа мастака А. Н. Яр-Краўчанкі. Тэкст на адвароце — пра яго подзвіг: «4 ліпеня 1941 года на наш аэрадром наляцела вялікая група «Юнкерсаў-88» і «Месершмітаў-109». Насустрач ворагу ўзляцеў наш знішчальнік, якім пілатаваў камсамолец старшына Мікалай Якаўлевіч Татмін. Ён уступіў у няроўны бой і не даў магчымасці немцам бамбіць наш аэрадром. У гэтым баі Татмін на сустрэчным курсе плоскасцю свайго самалёта тараніў «Месершміт-109» і ўвагнаў яго ў зямлю». Прааналізаваўшы подпісы да абодвух малюнкаў, можна зрабіць выснову, што лётчыкі Лук’янаў і Татмін удзельнічалі ў адным і тым жа паветраным баі.

Яшчэ адну паштоўку Міколе Лобану адправіў з дзеючай арміі 25 снежня 1943 г. яго паранены сябар па іркуцкім шпіталі Б. Кур’яце: «Дарагі Мікалай Паўлавіч! Твой ліст, які ты пісаў 1 кастрычніка 1943 года, я атрымаў 22 снежня, за што табе вельмі ўдзячны. Бо мы ж дамаўляліся быць сябрамі і сустрэцца ў Мінску, або ў хаце тваіх родных, а для гэтага патрэбна мець зносіны. Я цяпер ужо сапраўдны салдат і ведаю, што такое фронт і артылерыйская музыка. Хаця на перадавой яшчэ не быў, але знаходзіўся вельмі блізка. З афіцэрскай школы я быў накіраваны радыстам у дзеючую армію, а зараз вучуся на наводчыка артылерыі 76 мм. Жыццё маё для цябе, як чалавека вопытнага ў гэтай справе, вядомае. Як твае справы і вучоба? Пішы. Да пабачэння. Твой сябар Барыс».

Вось паштоўка 1944 г. ад сябра Мікалая Паўлавіча Івана Мележа. Вядома, што ў 1939 г. Іван Паўлавіч паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. З першага курса ён быў прызваны ў Чырвоную Армію. Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце. У чэрвені 1942 г. пад Растовам Іван Мележ быў цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Восенню 1943 г. ён прыязджае на станцыю Сходня пад Масквой і становіцца студэнтам БДУ, дзе знаёміцца з былым франтавіком Мікалаем Лобанам. Яны не толькі разам вучацца, але і выкладаюць ваенную справу таварышам па вучобе. У верасні 1944 г. Іван Мележ наведаў сваю вызваленую радзіму — вёску Глінішча Хойніцкага раёна, адкуль даслаў сябру паштоўку. Вось яе змест: «Мікола! Ужо некалькі дзён, як я ў радзімых прасторах, дышу родным паветрам, гляжу на лясы, на жытнёвыя палі. Многа перажыта і перабачана за гэтыя дні, як мы рассталіся. Пасля калі-небудзь раскажу, а цяпер толькі ў некалькіх словах пра самае галоўнае. Перш за ўсё — мне так многа прышлося перацалавацца з роднымі, уключаючы і дзядкоў і бабулек, якіх я і не знаў раней, што я баюся, як бы мне часам не дасталося ад жонкі. Прашу захаваць гэта ў тайне, бо калі будзе патрабаваць яна адказ, то я заблытаюся, пералічваючы іх, і яна можа падумаць, што я абманваю і здраджваю. Па-другое, я ўзненавідзеў гарэлку і гасцепрыімных людзей. У адзін дзень мне прышлося пабыць у чатырох месцах такіх, і таварышы такія ўпартыя, што з тых пор я лічу за лепшае не сустракацца з імі, ведаючы сваё мяккае сэрца. Акрамя гэтага за мной вельмі руплівы нагляд устанавіла мама. Яна ўсё хоча, каб я паправіўся, а я пасля маскоўскіх пайкоў такі дрэнны, што яна толькі сумуе. Па цэлым дням я хаджу у лугах, лясах, гляджу, чытаю, слухаю. Вельмі цікавыя рэчы прыходзіцца слухаць. Проста рукі чэшуцца, але пакуль маўчу. Дрэнна тут з газетамі. Ні радыё, ні газет. Прыблізна ў пятых чыслах верасня сустрэнемся. Будзь здаровы! Іван М.».

Аформлена паштоўка проста і лаканічна: пад чорна-белым малюнкам атакі нашых байцоў надрукавана цытата з Загада № 195 Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна ад 1 мая 1943 г.: «Чырвоная армія павінна яшчэ мацней біць ворага, бязлітасна нішчыць нямецкіх захопнікаў, безупынна гнаць іх з Савецкай зямлі!» Адметнасць ваеннага часу — штэмпель «Прагледжана ваеннай цэнзурай». Яшчэ адна дэталь: на штэмпелі ў правым верхнім рагу паштоўкі бачым, што горад Хойнікі ў той час уваходзіў у склад Палескай вобласці.

Тэма паштовак Вялікай Айчыннай неабсяжная і вартая спецыяльнага даследавання, але і тыя некалькі эпізодаў, пра якія я распавёў, паказваюць, як усімі магчымымі сродкамі наш народ набліжаў Вялікую Перамогу.

Надрукавана ў «ЛіМ»

Аляксандр ВАШЧАНКА

Аўтар выказвае падзяку БДАМЛМ за прапанаваныя матэрыялы.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.