Вы тут

Героі ў сталічным небе


Штогадовы конкурс паветраных змеяў «ТэхнаЭнергія», што праводзіцца Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, ужо традыцыйна прымеркаваны да Дня Перамогі. У спаборніцтве прынялі ўдзел больш як 40 змеяў, кожны з якіх «узляцеў» у гонар пэўнага беларуса — Героя Савецкага Саюза. У сталічнае неба непадалёк ад сядзібы Ваньковічаў узняліся папяровыя, тканінныя, поліэтыленавыя лятальныя апараты, створаныя моладдзю з усіх куткоў Беларусі. На мерапрыемстве пабывалі і карэспандэнты «Звязды».

5-41

Хлопцы і дзяўчаты (так, былі тут і аматаркі авіямадэлявання) прыехалі з Брэста, Нясвіжа, Пінска, Наваполацка, Капыля і іншых гарадоў. Ужо на месцы многія збіралі сваіх змеяў, бо давезці іх у Мінск у гатовым да палёту выглядзе было немагчыма: некаторыя мадэлі па памеры былі большыя за сваіх стваральнікаў. Апараты даводзіліся да ладу, юныя канструктары рабілі апошнія ўдасканаленні.

Трынаццацігадовы Мікіта Ярмыш, навучэнец Капыльскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, займаецца авіямадэляваннем роўна год. Спачатку хлопцу падабаліся мадэлі караблёў, але з цягам часу зацікавіўся і лятальнымі апаратамі. Ён захапляецца радыётэхнікай, абсталёўвае мадэлі радыёпрыладамі, маторамі.

— На спаборніцтвы я прывёз змея, названага ў гонар адразу двух герояў, — расказвае Мікіта. — Хоць Васіль Нячаеў і не беларус, я выбраў яго як аднаго з найбольш славутых савецкіх пілотаў-асаў. Другі — мой зямляк, Мікалай Рамашка, яго імем названа адна з вуліц у Капылі. Мяне вельмі ўражвае яго подзвіг, калі ён цаной свайго жыцця абараніў пераправу праз Бярэзіну непадалёк ад Асіповічаў. На стварэнне змея ў мяне пайшло не так шмат часу, значна больш — на дэкарыраванне. Гэта вельмі карпатлівая праца, але яе трэба выканаць, бо адна з намінацый на конкурсе — «Гераічны вандроўнік» — будзе аддадзена самаму прыгожаму апарату.

Пасля ўрачыстага адкрыцця дзеці наведалі нядаўна адкрыты інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, пра які пісала «Звязда». Потым усе накіраваліся да «лётнай пляцоўкі» — пусткі на вуліцы Філімонава. Толькі на месцы спаборніцтваў стаў бачны маштаб конкурсу — якіх толькі змеяў тут не было! Простыя поліэтыленавыя, папяровыя, аб'ёмныя каробчатыя, з жорсткім каркасам і складныя... Усе ўдзельнікі змаглі праявіць фантазію і ў афармленні: нехта проста ўпрыгожыў апарат партрэтам свайго героя, хтосьці зрабіў са змея сапраўдны твор мастацтва. Была і цэлая эскадрылля авіямадэляў савецкіх самалётаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якую прывезлі на спаборніцтвы хлопцы са Шчучына.

5-42

— Конкурс мы праводзім у трэці раз, — распавяла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля БУРАЯ, адзін з арганізатараў «ТэхнаЭнергіі». — Канцэпцыю стараемся не мяняць, штогод удзельнікі прыязджаюць са змеямі, прысвечанымі Героям Савецкага Саюза. Сёлета да нас прыехала ў два разы больш удзельнікаў, чым летась. Большасць з іх — жыхары рэгіёнаў, са сталіцы зарэгістравана толькі адна заяўка. Сваім конкурсам мы хочам папулярызаваць тэхнічную творчасць і яшчэ раз нагадаць суайчыннікам пра герояў Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні святкавання Дня Перамогі.

Пераможцы ІІІ рэспубліканскага конкурсу паветраных змеяў
«ТэхнаЭнергія»:

у намінацыі «Гераічны вандроўнік» — Уладзімір ДЫЛЕЎСКІ, СШ №3
г. Нясвіжа;

у намінацыі «Уладар нябёсаў» — Міхаіл ЛОБАЧ, Шчучынскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці;

у намінацыі «Змяіны найвышэйшы пілатаж» — Аляксей ЛОБАН, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Капыля.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.