Вы тут

Да сваіх каранёў


Паэт Яўгеній Еўтушэнка, найвыбітнейшы прадстаўнік «шасцідзясятнікаў», зноў завітаў у Беларусь. Учора ён правёў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі творчы вечар. Учора ж паэт сустрэўся з маладымі мастакамі ў галерэі імя Міхаіла Савіцкага.

Вядомага літаратара з нашай краінай звязвае радавод (яго родны дзед нарадзіўся ў палескай вёсцы Хомічы, што знаходзіцца ў Калінкавіцкім раёне) і шчырая любоў да яго беларускіх чытачоў і слухачоў. У 1970 годзе аўтара падтрымаў часопіс «Неман» першай у СССР публікацыяй паэмы «Пад скурай статуі Свабоды». У тым жа годзе Еўтушэнка наведаў Хомічы, дзе сустрэўся з роднымі. Гэта паездка стала асновай для паэмы «Мама і нейтронная бомба». У 2010 годзе рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і мастацтва» выпусціла зборнік вершаў Яўгенія Еўтушэнкі «Сережка ольховая» (склаў Юрый Сапажкоў).

Прадстаўнік паэтычнага буму 1950—1980 гадоў, Еўтушэнка стаў у шэраг найгучнейшых аўтараў побач з Андрэем Вазнясенскім, Робертам Раждзественскім, Бэлай Ахмадулінай, Булатам Акуджавай. Ён заўсёды не проста пісаў вершы, але і ўласна даносіў іх сэнс праз чытанні — сцэнічныя выступленні творцы сталі вельмі папулярнымі. Паэт з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, ён упэўнена выказвае яе праз сваю творчасць. Радасць і боль, смех і плач людзей і краіны, у якой мы жылі, — усё ў яго вершах і паэмах. Літаральна ўсе творы паэта ўражвалі і ўражваюць сваім грамадзянскім пранікненнем у жыццё. Глыбока сацыяльнай падаецца паэма «Брацкая ГЭС», як і многія іншыя творы паэта прысвечаная простаму чалавеку. І сёння болем у сэрцах людзей адгукаецца яго верш «Бабін яр», дзе трагедыі і мужнасці настолькі многа, што і праз дзесяцігоддзі радкі гэтага твора крывавяць сардэчнымі ранамі.

Літаратар, крытык і публіцыст, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак пра старэйшага калегу адзываецца з цеплынёй: «Дзякуючы Яўгенію Еўтушэнку і Андрэю Вазнясенскаму, нягледзячы на тое, што гэта вельмі розныя паэты, пачалася мая вялікая любоў да паэзіі. Яны прыйшлі да мяне яшчэ ў школьныя гады. Час ад часу ўспамінаю перыяд, калі я быў старшакласнікам: тады на тэлевізійных каналах літаратуры надавалася шмат увагі і я любіў глядзець творчыя вечары ў канцэртнай зале Астанкіна. Там выступаў і Яўгеній Еўтушэнка. Гэтыя перадачы я запісваў на магнітафон і слухаў, як ён чытае свае вершы. Дзякуючы яму я адкрыў для сябе паэзію не толькі як слова, але і як гук: яна павінна ўспрымацца не толькі зрокава, але і гучаць. Такой яна для мяне і застаецца. З таго часу прайшло шмат гадоў, нават дзесяцігоддзяў, але мае адносіны да Яўгенія Еўтушэнкі не змяніліся. Вядома, можна выдзяляць яго інтымную лірыку, але не трэба забывацца і на тое, што ў свой час яго публіцыстычная паэзія аказала вялікі ўплыў на чытачоў Савецкага Саюза. Ён агучыў формулу «Паэт у Расіі больш, чым паэт». І сапраўды менавіта Еўтушэнка, Вазнясенскі першыя даказалі, што паэт у сябе на радзіме можа быць кімсьці большым, чым паэтам».

Выдаваліся вершы Еўтушэнкі і ў перакладзе на беларускую мову. Напрыклад, вось гэтыя надрукаваныя ў літаратурным зборніку «Далягляды» ў 1979 годзе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

5-31

Настрой мой вось што непагодзіць:

друг даўні да мяне не ходзіць,

а тыя ў тлумнай гамане

ідуць, што не патрэбны мне.

І ён

не з тымі недзе ходзіць,

і ён з самім сабой не ў згодзе,

няясны наш разлад зусім,

пакутуем абое з ім.

Настрой мой вось што непагодзіць:

не тая да мяне прыходзіць,

на плечы рукі мне кладзе

і ў той, другой, мяне крадзе.

А тая  —

на чыіх, парайце,

плячах рукамі адпачне.

Яна,

ў каго мяне укралі,

каб помсціць, адкрадаць пачне.

Не ўраз душу ахвярай злеціць,

з сабой жыць будзе ў барацьбе

і неўсвядомлена намеціць

кагось далёкага сабе.

Нервовых колькі,

недалужных

натужных сувязей

і дружбаў!

Мяне ўжо цвеліць

апантанасць!

Прыйдзі ж

хто-небудзь

і паруш

зусім чужых людзей з'яднанасць

і раз'яднанасць блізкіх душ!

Б. Ахмадулінай

Калі мужчыну сорак год

Калі мужчыну сорак год,

душа не звыклася да згод?  —

адказваць чэсна трэба

перад сваімі сарака,

і кожнай кропляй малака,

і кожнай крошкай хлеба.

Калі мужчыну сорак год,

няма ані выгод, ні льгот

перад сабой і богам.

Сляза, што праз яго лілі,

чарніла подлыя саплі  —

усё выходзіць бокам.

Калі мужчыну сорак год,

ён сам павінен даць развод

пацехам і разгулу:

бо плоць калі не пабароць,

вурчыць, аблізваецца плоць  —

такі душу глынула!

І плоці, з рэшты рэшт, кранты,

як вуснамі ссулочан ты  —

ілжэ-Хрыстос прыязні.

Адзін раман, другі раман,

а ў выніку  —  адзін туман

і голых баб, што ў лазні.

Да сарака  —  не ў знакі мель.

Да сарака жыццё  —  як хмель,

а ў сорак год  —  пахмелле.

І галава сцяжэла ўраз,

не хочуць словы лезці ў сказ.

Што ў яме, наваселле.

Да сарака дарогай  —  гаць,

за рогі ўдачу залыгаць

да кірмашу мы скачам,

а ў сорак пешшу з кірмашу:

наш мех пусты, смех увушшу.

Абрабавалі  —  плачам.

Калі мужчыну сорак год,

кірмаш не для яго варот:

сабе даць трэба продых.

Не ашукаў  —  не збыў тавар,

як ашукаў  —  ты сам гандляр.

З такім законам продаж.

Яшчэ агідней без таўра

ірзаць у цуглях гандляра,

у жывадзёра, скнягі.

Два сорамы  —  адзін разбой:

калі гандлюеш і табой

гандлююць без павагі.

Калі мужчыну сорак год,

жыццё фарбуе без турбот

у шэры колер хмура,  —

пабудзь у яблыках канём

і не прадай базарным днём

ні яблыка са шкуры.

Калі мужчыну сорак год,

не значыць, ён пайшоў на звод

на кірмашовым гаме.

Усё наперадзе яшчэ.

Як у камедзь не упячэ,

дык не губляйся ў драме!

Калі мужчыну сорак год,

распад ці росквіт,

спад ці ўзлёт,  —

рашэнне сам прымае.

Ад смерці не ўцячы ў жыцці,

ды, апроч смерці, расцвісці

нішто не замінае.

Доўгія крыкі

Ю. Казакову

Дрэмле хаціна на беразе тым.

Конь у лагчыне бялее, як дым.

Крыкам крычу і страляю, страляю  —

не разбудзіць мне нікога нічым.

 

Хай бы хоць вецер ім стрэлы данёс,

хоць бы сабака дзе вытыркнуў нос!

Спяць як забітыя... «Доўгія крыкі»  —

так называецца перавоз.

 

Голас мой залы будзіў, як набат,

плошчы разгойдваў з грымотамі ў лад,

а дацягнуцца да гэтай хацінкі

і абудзіць яе  —  сілы няшмат.

 

І для сялян, што, стаміўшыся, зноў

спяць, як аруць, спяць, не бачачы сноў,

голас не чутны таксама мой, быццам

шолахі сосен і шум чаратоў.

 

Што ж ты, прамоўца, што ж ты, прарок?

Ты разгубіўся, азяб і прамок.

Скончыўся порах. Голас сарваўся.

Дождж залівае твой аганёк.

 

Ды не нудзіся, што крыўдна да слёз.

Можна падумаць пра ўсё насур'ёз.

Часу даволі... «Доўгія крыкі»  —

так называецца перавоз.

Пераклаў з рускай Рыгор Барадулін.

 Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.