Вы тут

Гэта было прыгожае свята


Беларускія гімнасткі заваявалі дзевяць узнагарод на чэмпіянаце Еўропы ў Мінску

Завяршылася першынство старога кантынента па мастацкай гімнастыцы, якое праходзіла ў мінулыя выхадныя ў Мінску. Беларускія грацыі перавыканалі задачу галоўнага трэнера зборнай Ірыны Ляпарскай і заваявалі дзевяць узнагарод.

5-38

За два першыя спаборніцкія дні беларускі выйгралі два сярэбраныя медалі ў групавых практыкаваннях. Адна ўзнагарода ў юніёрак, другая — у дарослых гімнастак. Але самым багатым на цырымоніі ўзнагароджання днём стала нядзеля.

Апошні спаборніцкі дзень чэмпіянату Еўропы для Беларусі пачаўся з залатых медалёў. У фінале групавых практыкаванняў з пяццю мячамі нашы юніёркі абышлі галоўных канкурэнтак — расіянак.

Завяршальным акордам спаборніцкай часткі чэмпіянату сталі выступленні ў індывідуальных практыкаваннях. Лідар зборнай Меліціна Станюта заваявала пяць узнагарод: тры «срэбры» (абруч, стужка, камандныя спаборніцтвы) і дзве «бронзы» (практыкаванні з мячом і булавамі).

— Перад сабой не ставіла ніякіх канкрэтных задач па медалях, якую колькасць трэба выйграць. Галоўнае для мяне было — правесці ўвесь чэмпіянат роўна, паказваць стабільныя вынікі. Хачу ўсім падзякаваць за падтрымку. Атмасфера падчас турніру была ўзрушаючая. Вельмі прыемна выступаць дома, калі нават ахоўнікі ў «Мінск-Арэне» адчыняюць дзверы і кажуць: «Дзяўчаты, мы з вамі!», — адзначыла Меліціна пасля завяршэння спаборніцтваў.

Другая беларуска Кацярына Галкіна стала ўладальніцай сярэбранай узнагароды ў камандных спаборніцтвах разам з Меліцінай Станютай. Бронзавыя ўзнагароды спартсменка заваявала ў асобных практыкаваннях з абручом і з булавамі, што стала добрым вынікам для маладой гімнасткі.

— Яна ўварвалася, як віхор. «Расціснула» суддзяў: яны самі не ўсведамляюць, што даюць ёй такія адзнакі. Але гэтых ацэнак Каця вартая ўжо даўно. Яна вельмі таленавітая дзяўчынка, — ацаніла выступленне Галкінай Ірына Ляпарская.

Першыя прыступкі п'едэстала па традыцыі засталіся за расіянкамі Янай Кудраўцавай і Маргарытай Мамун.

Завяршылася першынство Еўропы двухгадзінным гала-прадстаўленнем.

Пасля заканчэння чэмпіянату Ірына Ляпарская адзначыла, што задаволена як выступленнем дзяўчат, так і арганізацыяй усяго першынства.

— Мы ставілі задачу мінімум — атрымаць два медалі. А калі яшчэ трэці — проста выдатна. Але ў мяне іх столькі, што я нават не ведаю... Дзяўчаты малайцы. Гэта было годнае выступленне. Вядома, былі і памылкі, і ўдалыя моманты, але трэба разумець, што графік вельмі напружаны, канкурэнцыя сур'ёзная і дзяўчаты — не робаты. Мы, як арганізацыйны бок, перажывалі за правядзенне кантынентальнага форуму. Цяпер магу сказаць, што па арганізацыі, па афармленні «Мінск-Арэны», па атмасферы ў зале чэмпіянат атрымаўся. Гэта было сапраўднае свята спорту, дзякуй усім, хто падтрымаў Беларускую асацыяцыю гімнастыкі і дапамог правесці гэты кантынентальны форум. Мы вельмі стаміліся ад арганізацыі чэмпіянату, але яна прынесла вялікае задавальненне. «Мінск-Арэна» нават зусім па-іншаму выглядае на мастацкай гімнастыцы.

Беларуская каманда заняла другое месца ў агульным заліку, на першым месцы Расія — шэсць залатых медалёў і два сярэбраныя.

Чарговы ХХХІІ чэмпіянат Еўропы пройдзе з 13 па 19 чэрвеня 2016 года ў ізраільскім Халоне.

Дар'я Лабажэвіч

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.