Вы тут

Стартавалі з перамогі і паражэння ў авертайме


Галоўная хакейная каманда краіны распачала ў чэшскай Астраве чарговы чэмпіянат свету.
І старт у калектыва Дэйва Льюіса атрымаўся неблагім. Нашы хлопцы атрымалі звышважную вікторыю ў паядынку са Славеніяй (4:2) і саступілі ў авертайме славакам (1:2).

Ужо даўно прайшлі тыя часы, калі славенцы былі лёгкай здабычай для хакейных флагманаў. На мінулай Алімпіядзе ў Сочы «рысі» наогул апынуліся ў васьмёрцы лепшых. Хакеісты з гэтай невялічкай краіны выступаюць за чэшскія, расійскія і шведскія каманды. Ну а зоркай зборнай, безумоўна, з’яўляецца нападаючы амерыканскага «Лос-Анджэлес Кінгз» Анжэ Копітар. Праўда, спыніць беларусаў у саперніка не атрымалася. Нашы чатыры разы адпраўлялі шайбу за спіну славенскаму варатару: спачатку Андрэй Стась, пасля Андрэй Касціцын, Аляксей Калюжны і Аляксандр Кітароў. Славенцы забівалі двойчы.

— У першым перыядзе была даволі роўная гульня, — заўважыў пасля сустрэчы Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі. — У другім мы пачалі кідаць больш і закінулі шайбу яшчэ раз. У заключныя дваццаць хвілін славенцы прымусілі нас нервавацца. Аднак напрыканцы мы закінулі ў пустыя вароты, і гэта была добрая кропка.

— Славенія – вельмі сур’ёзны сапернік, — прызнаўся наш варатар Кевін Лаланд. — У іх у складзе ёсць сапраўдныя майстры. Напрацягу 60 хвілін мы рабілі ўсё правільна, а таму здолелі перамагчы.

Між іншым, менавіта Кевін прадэманстраваў выдатную гульню ў варотах у наступнай сустрэчы супраць Славакіі. Лік у сустрэчы адкрыў Сяргей Касціцын, аднак літаральна праз хвіліну сапернік яго зраўняў, а ў авертайме здолеў здабыць перамогу – 2:1.

— Ведалі, што нам будзе супрацьстаяць класная каманда з граматнымі выканаўцамі, два з якіх гуляюць у НХЛ, — адзначыў трэнер нашай зборнай. — Пасля матча сказаў хлопцам, што ганаруся тым, як яны справіліся.

— Здолелі закінуць першымі, аднак напрыканцы не хапіла канцэнтрацыі, каб утрымаць пераможны лік, — рэзюмаваў вынік сустрэчы нападаючы Арцём Дзямкоў.

Свой чарговы матч  зборная Беларусі правядзе сёння. Нашай камандзе будзе супрацьстаяць Данія. Пачатак трансляцыі на тэлеканале «Беларусь 1» у 17:10.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.