Вы тут

Застанецца толькі «Камароўка»?


Спецыялісты сталічнай нерухомасці прагназуюць выцісканне мясцовых рынкаў і кірмашоў буйнымі гандлёвымі цэнтрамі

Імклівае развіццё гандлёвых цэнтраў у Мінску ў бліжэйшай будучыні прывядзе да закрыцця або пераарыентацыі большасці рынкаў і кірмашоў сталіцы, лічыць кіраўнік праектаў агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Дзмітрый Дробышаў.

[caption id="attachment_82081" align="alignnone" width="600"]Хут­ка па­тар­га­вац­ца мож­на бу­дзе толь­кі на «Ка­ма­роў­цы»? Хут­ка па­тар­га­вац­ца мож­на бу­дзе толь­кі на «Ка­ма­роў­цы»?[/caption]

Брэнды гатовы да зніжак

Эксперт паведамляе, што рынак гандлёвых цэнтраў стаў адным з самых хуткарослых у галоўным мегаполісе краіны. Толькі сёлета горад павінен прырасці на 150 тысяч такіх «квадратаў». А сёння дэвелаперы пачынаюць барацьбу не толькі за арандатараў, але і за трафік. Каб прыцягнуць наведвальнікаў, у ход ідуць велізарныя галерэі на сотні магазінаў, сямейна-забаўляльныя цэнтры і фармат распродажаў. Традыцыйным рынкам з прылаўкамі цяпер няма чаго ім супрацьпаставіць.

Разам з уласнікамі гандлёвых цэнтраў сталі актыўна дзейнічаць і аператары. Шматлікія кампаніі асвойваюць мас-маркет і пера-арыентуюцца на аўдыторыю з узроўнем даходу ніжэй сярэдняга. Гэта звязана з тым, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва паменшылася. «Брэндавыя сеткі імкнуцца зніжаць цэны і прадастаўляць зніжкі, пры гэтым стаўка робіцца не на высокую маржу, а на аб'ёмы продажаў. Гэта практычна не пакідае шанцаў рынкам і кірмашам, якія за апошнія гады і без таго амаль разгубілі сваю аўдыторыю», — удакладняе сітуацыю спецыяліст.

Знікненне рынкаў пачалося

Аналітыкі ўпэўнены, што кірмашовы гандаль паступова сыходзіць у мінулае. У 2013 годзе ў Мінску знеслі Чэрвеньскі рынак, а нядаўна стала вядома пра закрыццё рынку каля гандлёвага цэнтра «Экспабел». Тэндэнцыя толькі збольшага звязана з жаданнем уладаў перайсці да больш цывілізаваных форм гандлю. Ключавую ролю адыграў эканамічны фактар: калі ў гандлёвыя цэнтры патокі пакупнікоў у апошнія гады раслі, то традыцыйныя рынкі перажывалі бурны спад. «Сталіца перайшла на новы ўзровень, а тыя, хто не паспеў своечасова падрыхтавацца да сучасных умоў, былі вымушаныя мірыцца са складанасцямі або зачыніцца — гэта натуральны працэс», — звярнуў увагу Дзмітрый Дробышаў.

У той жа час гандлёвыя цэнтры працягваюць пашыраць свой уплыў. На замену «адзінокім» аб'ектам прыходзяць гандлёвыя кварталы. Амаль у кожным раёне прадстаўлены магутны шопінг-цэнтр, які замыкае на сабе асноўны трафік пакупнікоў. Так, у Маскоўскім раёне такой знакавай кропкай выступае ГЗЦ «Тытан» з тэматычнымі зонамі і цэнтрам забаў, у Цэнтральным — «Замак» з прасторнай галерэяй, а ў цэнтры горада — падземны цэнтр «Сталіца». У Фрунзенскім раёне на гэты статус прэтэндуе GreenCity, але пакуль яго адкрыццё зацягваецца.

Увогуле Мінск сёння развіваецца ў двух напрамках — будаўніцтва буйных гандлёва-забаўляльных цэнтраў і адкрыццё рэгіянальных аб'ектаў у спальных раёнах. Перспектыўныя гіганцкія молы цяпер найбольш уразлівыя: прадстаўленыя ў краіне рытэйлеры не могуць забяспечыць іх запаўняльнасць, а сусветныя брэнды ў краіну не спяшаюцца. Таму некаторыя дэвелаперы развіваюць інстытут франчайзінгу — адкрываюць уласныя крамы пад вядомымі шыльдамі. Для ўжо адкрытых гандлёвых цэнтраў сітуацыя больш спакойная, паколькі яны паспелі заручыцца падтрымкай буйных аператараў.

Выжывуць хіба што прадукты

Вытрымаць моцную канкурэнцыю з боку гандлёвых цэнтраў змогуць толькі некаторыя сталічныя рынкі. «Гэта, у прыватнасці, тычыцца «Камароўкі» і «Ждановічаў», жыццёвы цыкл якіх далёкі ад завяршэння. Яны, вядома, ужо не змогуць вярнуць сабе былы поспех, але ў стане ўпэўнена развівацца. Многае, вядома, будзе залежаць ад таго, ці змогуць яны адаптавацца да ўзрослых чаканняў пакупнікоў і знайсці сваю нішу. Так, «Камароўка», хутчэй за ўсё, застанецца выключна прадуктовым рынкам», — падкрэсліў эксперт.

Тым больш што ў свеце цяпер ёсць нямала прыкладаў, калі рынкі карыстаюцца велізарным поспехам у гарадах з высокай канцэнтрацыяй гандлёвых цэнтраў. «Каб у гэтым пераканацца, дастаткова наведаць рынак Бакерыя ў Барселоне або Гранд-базар у Стамбуле», — патлумачыў сваю пазіцыю прадстаўнік агенцтва.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.