Вы тут

Важныя рэчы


Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту актыўна абмяркоўваецца

Росквiт любой краіны немагчымы без моцнай эканомiкi, без сучаснай, мадэрнiзаванай сiстэмы адукацыi, без нармальнай сацыяльнай базы, нацыянальнай культуры, якая арыентавана на выхаванне цывiлiзаваных, культурных людзей, сапраўдных грамадзян сваёй краiны. Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць пэўныя абавязацельствы (у тым лiку i гiстарычныя i прававыя, звязаныя з нашымi партнёрамi), асноўнае для беларускай дзяржавы  —  суверэнiтэт, а ў дзяржаве  —  чалавек, асоба. Яго здароўе, бяспека, дабрабыт.

Гэтыя моманты знайшлi сваё адлюстраванне i ва ўжо 19-м па лiку Пасланнi Прэзiдэнта народу i парламенту Беларусi.

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Найважнейшая тэма паслання, натуральна, эканоміка. Гэта бяспека дзяржавы і дабрабыт нашых людзей. Прэзідэнт правільна паставіў пытанне наконт таго, што немагчыма бясконца аказваць бюджэтную падтрымку прадпрыемствам. Калі яны не могуць самастойна працаваць, значыць, трэба іх перапрафіліраваць, шукаць нейкія іншыя варыянты, каб яны пачыналі прыносіць прыбытак. Таму што ў адваротным выпадку такі шлях вядзе ў нікуды, а для грамадства гэта заўсёды дрэнна заканчваецца, бо гэтыя ўсе выдаткі павінен несці на сабе народ.

Трэба большую стаўку рабіць на развіццё малога, сярэдняга бізнесу. Заканадаўчая база для гэтага ў нас створана, і сёння не трэба казаць, што не хапае нейкіх законаў. Проста ў нас шмат рознага кшталту бюракратычных заслон пры рэалізацыі гэтых законапраектаў. І пры адкрыцці нейкага малога або сярэдняга прадпрыемства, і тады, калі праводзіцца працэдура банкруцтва... Тут найбольш актыўную пазіцыю павінны займаць нашы мясцовыя органы ўлады. Заканадаўчай базы хапае.

Найважнейшым кірункам з'яўляецца экспарт. Прэзідэнт сказаў, што мы спачатку вырабляем прадукцыю, а потым думаем, куды яе прадаць. Гэта няправільна, гэта зноў жа — шлях у нікуды. Трэба пралічваць рынкі краін, на якія нам найбольш выгадна выходзіць. Мы не павінны дзейнічаць метадам спроб і памылак. Павінна быць сістэмная праца ў гэтым плане.

Трэба рабіць дыверсіфікацыю рынкаў збыту, шукаць новыя краіны. Як вы ведаеце, у дадзеным напрамку парламент працуе вельмі актыўна. Мы ўжо атрымалі статус назіральніка ў міжпарламенцкай асамблеі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), і, дзякуючы дэпутатам, больш актыўна ідзе супрацоўніцтва з В'етнамам і Камбоджай, стараемся ўстанавіць кантакты з Лаосам. Зараз мы працуем над атрыманнем статуса назіральніка ў Лацінаамерыканскім парламенце, куды ўваходзяць 23 краіны. Думаю, там вельмі вялікі рынак: гэта і Бразілія, і Аргенціна, і Чылі, і Эквадор, і Венесуэла... Трэба выходзіць на новыя рынкі, не варта зацыклівацца на дзяржавах, з якімі ўжо наладжаны кантакты, хоць, напрыклад, у той жа Расіі ёсць нявыкарыстаныя магчымасці, асабліва ў плане міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Тут таксама неабходна больш актыўна працаваць мясцовым органам улады: у іх свае бюджэты, ім трэба менш праводзіць розных узгадненняў.

Аляксей ДЗЕРМАНТ, філосаф, удзельнік грамадскага аналітычнага праекта «Цытадэль»:

— У Пасланні была дадзена дакладная характарыстыка адносінам з Захадам, выразна акрэслена пазіцыя, што Беларусь будзе імкнуцца паляпшаць гэтыя адносіны, Беларусь вітае, робіць намаганні і высілкі для гэтага. Але не на шкоду адносінам з Расіяй. Прэзідэнт зноў падкрэсліў, што Расія — наш стратэгічны саюзнік. Ён паведаміў, што сумеснае святкаванне 70-годдзя Перамогі адбудзецца 8 мая, і дэклараваў, што гэта прадэманструе: мы ў гэтым сэнсе адносім сябе да «рускага свету». Гэта расставіла кропкі над «і», бо апошнім часам было шмат спекуляцый у Расіі і ў нас наконт адсутнасці беларускага лідара 9 мая ў Маскве.

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму мы імкнёмся паляпшаць адносіны з Захадам. Некаторыя палітолагі трактуюць гэта як падрыхтоўку Беларуссю нейкага плацдарма для манеўру, але гэта не так. Справа ў тым, што наша дзяржава стварае падушку бяспекі ў рэгіёне, гэта, натуральна, карысна і для Расіі. Мы прынялі на сябе функцыю міратворца, пляцоўкі для перамоў, донара бяспекі і стабільнасці, што на Захадзе зараз запатрабавана. Мы пачалі выконваць тую функцыю паспяхова, і гэтым тлумачыцца паляпшэнне нашых адносінаў з Захадам. Расія таксама нас тут не крытыкуе. Такая пазіцыя Беларусі — вельмі прагматычная і разлічаная, і, мне здаецца, найлепшая ў сітуацыі, якая склалася.

Сцяпан Байцоў, старшыня Лапаціцкага сельскага Савета дэпутатаў Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці:

— Сельскія жыхары заўсёды ажыўлена рэагуюць на розныя навіны. А за выступленнем Прэзідэнта з пасланнем да беларускага народа сачылі з павышанай увагай. У нас гэтыя словы нават старэнькія бабулькі абмяркоўваюць. На вёсцы народ больш законапаслухмяны і працалюбівы, таму людзі вельмі станоўча аднесліся да Дэкрэта аб утрыманстве. Калі працаздольны чалавек не прыносіць карысць ні сваёй сям'і, ні грамадству, трэба неяк рашаць гэтае пытанне. У нас амаль 80-90% насельніцтва трымае жывёлу, ім працаваць не прывыкаць. Гэта так званы сярэдні клас, якому няма часу скардзіцца. Людзі больш звяртаюцца па кансультацыі. Здараецца, што ў дзень вырашаеш па 5 і больш розных пытанняў. Але гэта дробязі, якія мы нават не запісваем, разглядаем у рабочым парадку. Людзі зямлю дзеляць, рэгіструюцца па месцы жыхарства. На сваім узроўні мы дапамагаем, чым можна. Але не ўсё ад нас залежыць. Зараз вось ускладніліся ўмовы здачы дзяржаве малака, сталі больш жорсткімі ў адпаведнасці з расійскімі патрабаваннямі. Лічу, што павінна быць больш адчувальная дзяржаўная падтрымка для тых, хто займаецца падсобнай гаспадаркай. Людзям трэба дапамагаць і з рэалізацыяй малака, і з набыццём буйной рагатай жывёлы. Яны гэтыя грошы адпрацуюць з лішкам. Больш дасканаласці не перашкодзіць унесці і ва Указ № 100. Трэба больш жорстка ставіцца да спадчыннікаў, якія знаходзяцца толькі тады, калі іх дом спарахнеў да падмурка і мы праз суд пачынаем яго зносіць. Вось тады з'яўляюцца нашчадкі ў 5-м калене і пачынаюць прад'яўляць свае правы.

Больш складаныя задачы ставяць перад мясцовай уладай не працоўныя людзі, а так званыя ўтрыманцы. Яны, як правіла, добра ведаюць свае правы і нічога не жадаюць чуць пра абавязкі. Але ніводнае пытанне не выходзіць у нас з-пад кантролю. Ідзём на кампраміс, знаходзім рашэнне, якое задавольвае абодва бакі.

Ганна Ізотава, шматдзетная маці, якая сёння знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску:

— Мы з мужам вельмі любім дзяцей. У нашай сям'і іх сямёра. Справа ў тым, што такую колькасць мы дазволілі сабе, бо ў нас ёсць дах над галавой. Калісьці мы з мужам жылі ў двухпакаёвай кватэры разам з бацькамі: бацькі ў адным пакоі, а мы з дзецьмі ў другім. Калі нарадзілася чацвёртае дзіця, нам прапанавалі набыць чатырохпакаёўку... Ільготны крэдыт стаў сапраўдным выйсцем. А калі ўжо ёсць кватэра, нейкія бытавыя пытанні вырашаюцца значна лягчэй.

Але кватэра — гэта не адзіная дапамога ад дзяржавы, хаця і вельмі значная. Мы атрымліваем і адрасную сацыяльную дапамогу, і бясплатнае харчаванне для малых да двух гадоў. Да таго ж каля трох мільёнаў мы эканомім на гуртках і секцыях. Напрыклад, усе нашы дзеці атрымліваюць адукацыю ў музычнай школе, а хлопчыкі яшчэ і наведваюць гурткі «Дзюдо» і «Картынг» — і ўсё гэта бясплатна, у якасці падтрымкі для шматдзетных сем'яў. Пра бясплатнае харчаванне ў школах гаварылі і добрае, і не вельмі, але... Асабіста мне за такую дапамогу хочацца сказаць дзякуй. Калі малое пасля школы бягом ляціць у «музыкалку» і проста не паспявае зайсці дадому перакусіць, то школьныя абеды яму падаюцца вельмі смачнымі.

На днях мы сям'ёй хадзілі ў цырк... Купіць білеты на прадстаўленне на дзевяць чалавек не так проста, але гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы горада. Нас запрасілі бясплатна. І ведаеце, такія «вялікія паходы» дзецям запамінаюцца на ўсё жыццё. Так, мы ўсе не змясціліся ў машыне, бо там ужо не хапае месца. Але ж было столькі эмоцый! Такія прыемныя падарункі ад дзяржавы мы атрымліваем на працягу года не адзін раз. І я лічу гэта таксама падтрымкай!

У пасланні Прэзідэнт адзначыў, што моцная шматдзетная сям'я — ідэал грамадства. Мы з мужам з такой пазіцыяй згодны на ўсе сто. Са свайго боку пастараемся выхаваць дзяцей годнымі грамадзянамі нашай краіны.

www.zviazda.by

— Слухаў. Мае рацыю! Інвестары баяцца звяртацца ў нашы суды. Свае арбітражныя бліжэйшыя і больш зразумелыя, але Беларусь прававая дзяржава і ў нас таксама ўсё выразна і адкрыта. На жаль, гэта трэба даносіць не толькі да замежнікаў, але дастукацца і да сваіх.

Мікалай Саракомля.

— Дзяржпадтрымка нашых прадпрыемстваў рэальна не дае вярнуцца ў 90-я. І пра інвестараў правільна. Які толк дзяржаве ў прыцягненні тых, хто даход ёй не прыносіць. Так можна ўсё разбазарыць.

Вольга Рудзіч.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.