Iсцi ад зямлi


У развiццё вёскi за апошнiя дзесяць гадоў краiна ўклала больш за $45 млрд

Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка, знаёмячыся з ходам веснавых палявых работ у Магiлёўскай вобласцi, наведаў аграгарадок «Александрыя» Шклоўскага раёна, дзе, сярод iншага, сустрэўся з фермерамi.

Паводле слоў беларускага лiдара, ён, з аднаго боку, даўно рыхтаваўся да гэтай сустрэчы. З iншага боку, яна своеасаблiвая i незвычайная  —  у раён не пасылалi спецыялiстаў, каб вывучыць сiтуацыю. «Я хацеў на роднай зямлi сустрэцца з людзьмi, якiх ведаю, якiя працуюць на зямлi, разлiчваючы на iх шчырасць у бачаннi праблем i перспектыў далейшага развiцця вёскi»,  —  адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт Беларусi нагадаў, з чаго пачыналася яшчэ зусiм нядаўна развiццё аграрнага сектара. Не хапала сродкаў, адчуваўся недахоп сельгаспрадукцыi. Накармiць, як аказалася затым, народ можна, як i прадаць прыстойную колькасць прадукцыi. А сёння Беларусь iмкнецца выйсцi на экспарт $7 млрд сельгаспрадукцыi. Забяспечана харчовая бяспека краiны. А тады стаяла пытанне: «Што рабiць?» Было шмат розных прапаноў. У тым лiку адна з прапаноў  —  раздаць зямлю ў прыватную ўласнасць. «Вы ведаеце маё рашэнне. Я быў катэгарычна супраць. I пабываўшы сёння ў паспяховых фермераў Шклоўскага раёна, у людзей, з якiмi я працаваў, якiх я добра ведаю, пераканаўся, што тады мы абсалютна правiльна паступiлi»,  —  сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, калi б тады раздалi зямлю, то сёння б мелi цяжкiя наступствы. Шмат негатыўных момантаў «прыватызацыi» ён сёння бачыць у суседняй Расii i нават Еўропе. Паводле слоў Прэзiдэнта, сёння нават еўрапейскiя госцi зайздросцяць беларускiм аграрыям, паколькi там далёка не ўсе фермеры могуць дазволiць сабе працаваць на такiх вялiкiх плошчах зямлi. Там вельмi жорсткая канкурэнцыя, а зямля прыватная. I кожны прыватнiк змагаецца за сваю зямлю, iмкнучыся атрымаць са свайго шматка максiмум выгады. «Напэўна, тады мы прынялi правiльнае рашэнне, i я не думаю, што ад яго трэба адмаўляцца,  —  лiчыць кiраўнiк дзяржавы.  —  Тады ж мною было прынята рашэнне не перашкаджаць развiццю фермерскага руху. I калi яшчэ некалькi гадоў таму былi абмежаваннi на карыстанне зямлёй, то сёння яны знятыя. Важным крокам у развiццi вёскi Прэзiдэнт таксама лiчыць тое, што ў Беларусi быў створаны цэлы шэраг сельскагаспадарчай тэхнiкi ад шырокай лiнейкi трактароў, навясных агрэгатаў да камбайнаў. «Пытанне якасцi застаецца сур'ёзным,  —  заўважыў ён.  —  Але на гэта мы сёння звяртаем асаблiвую ўвагу. Тым не менш, наша тэхнiка, i гэта паказвае практыка, можа працаваць эфектыўна. Для гэтага толькi патрэбныя веды i ўменнi».

Прэзiдэнт даручыў ураду таксама разгледзець i вырашыць праблемы ўласнасцi для фермераў. «Гэта не той выпадак, дзе дзяржава павiнна трымацца за гэтую ўласнасць, напрыклад, стары свiнакомплекс, якi быў бы даўно ўжо разбураны. Я думаю, нам трэба прадумаць, сабраць разам усе праблемныя пытаннi фермерскай супольнасцi, звязаныя з уласнасцю, i адным махам iх вырашыць»,  —  даручыў Аляксандр Лукашэнка. «Таму давайце ад жыцця пойдзем i вырашым гэтае пытанне. Але трэба ўлiчваць, што ў пытаннi прыватнай уласнасцi мы яшчэ толькi ў пачатку шляху. I нам трэба вельмi асцярожна iсцi, улiчваючы меркаванне грамадства»,  —  лiчыць Прэзiдэнт.

Што тычыцца пытання прыватнай уласнасцi на зямлю, то, на думку Прэзiдэнта, у Беларусi час для яе ўстанаўлення яшчэ не прыйшоў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.