Вы тут

«У ваенным гарадку Мала месцаў у садку...»


Як заўжды: можа, анекдот, а можа, і праўда было. Стукае хтось у вароты раю. Апостал Пётр,
перш чым адчыніць, абачліва пытаецца:

— Хто там?

— Я, расійскі футбаліст, — чуе ў адказ.

— Быць таго не можа!.. А як жа ты ў вароты пацэліў?..

Футбалістам, ну вядома ж, крыўдна такое чуць.
Як і хакеістам, баскетбалістам... Папракаюць, здараецца, іншых спартсменаў...

— А вось нас чамусьці не, — заўважыў біятланіст, закідваючы на плечы

Адчуваеце, куды вецер дзьме? Так-так: з аднаго боку — на чарговым конкурсным здымку вайскоўцы, і пажартаваць з іх самы час, здавалася б, а з другога — як бы чаго не выйшла, бо людзі ж пры зброі. Карацей, мае рацыю адзін з нашых чытачоў: «Жывеш і ўсё жыццё баішся, / Бы прадчуваеш — быць бядзе...»

Цьфу-цьфу-цьфу... А зрэшты, няйначай як побач яна, бо з чаго б гэтыя хлопцы так «кіпці рвуць»? Гляньце на здымак (і «пачуйце» — ад спадара Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна):

Ад няшчасця, ад бяды

Пруць наперагонкі:

Бо салагам страх — «дзяды»,

Афіцэрам — жонкі.

Яны, ці вам казаць, і сапраўды могуць з нічога зрабіць абед, прычоску і скандал, лёгка выносяць смецце і мозг — асабліва мужам:

Прачуханцаў дасць штодня,

Калі штось не зробіцца...

Старшына ці старшыня

Ды якая розніца?!

І галоўнае — часцяком — было б з-за чаго? Падумаеш

Затрымаўся на дзве ночкі

У каханкі на Калядкі.

Жонка выперла ўпрочкі:

Вон, маўляў, і без аглядкі!..

А з нажытага — дык трасцы:

Усё змясцілася ў калясцы.

Крыўдна за чалавека
(у прыватнасці спадару Міколу Кісялю з Мінска), баліць душа, але ж гэта, прабачце, яшчэ не спіна... Хоць магла б і яна, прычым — у абодвух герояў, калі б (згадаеце мелодыю?)...

Цешча хлопцаў гнала

Ды жалезным прутам,

Бо жонак, дзетак мала

Гэтым баламутам!

Перапеў — ад спадарыні Галіны Пятроўскай з вёскі Ардашы Смаргонскага
раёна.

Хоць, магчыма, наконт баламутаў яна і памылілася, бо героі здымка, як мяркуе спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце, што на Вілейшчыне, зусім не такія: яны пра жонак і дзяцей сваіх дбаюць.

5-20

А хто дбае, той, як вядома, і мае:

Пруць маёр і капітан

Па сямейны капітал,

Бо цяпер жа ёсць указ...

(Немаўляткі — на паказ).

Трэба разумець, замест розных паперак — у якасці доказаў? І, адпаведна, з надзеяй.

Менавіта яна, гэтая надзея (паводле спадара Сцяпана Нефідовіча з вёскі Любань Лунінецкага раёна), іх і прыспешвае:

У банк шыбуюць
з дзецьмі таты —

Атрымаць сертыфікаты...

Час, як муха, праляціць,

Грошай будзе — не злічыць!

Дай Бог пачутае ды ўбачыць, хоць праз 18 гадоў, бо сем'ям з дзеткамі і сапраўды трэба падкінуць таго капіталу, дапамагчы з жыллём, з працай...

Не менш актуальную праблему згледзеў на здымку спадар Мікалай Старых з Гомеля:

У іх ваенным гарадку
Мала месцаў у садку...
Зранку ў ба
́цькаў
марш-кідок —
У суседні гарадок.

Што, вядома ж, «напружна», як цяпер кажа моладзь! І не толькі для ба́цькаў... Але ж карысць таксама ёсць (на думку спадарыні Марыі Грышчанкі з Дзяржынска):

Таты сёння рана ўсталі,

У марш-кідку ўдзел узялі.

Няхай ведаюць сынкі,

Што такое марш-кідкі:

Хто з вазка да іх прывык,

Афіцэр той... І мужык!

Мужык, трэба разумець, сапраўдны?! І нішто чалавечае яму не чужое?

Там, за лесам, будуць песні,

Жонкі, у лазеньцы палок...

Засталося — годна здзейсніць

Толькі гэты марш-кідок, —

піша спадарыня Таццяна Петрачэнка з Мінска. З таго ж канверта — вельмі «тонкі» намёк, што канкрэтна трэба разумець пад «гэтым кідком»:

Сёння ў нашых жонак шопінг.

Дык гайда дамоў хутчэй,

Каб без іх прыняць свой «допінг»!

Здаць бы некаму дзяцей...

Каму — ведаюць сужэнцы Астроўскія з Мінска:

Для вайскоўца —
гэта шчасце,

Калі жонка з ім у часці.

А калі паблізу й мама,

Дзеткам шчасцейка таксама!

Ну сапраўды: хто ж іх дагледзіць лепш, чым родная бабуля?! А ў ба́цькаў тым часам рукі развязаны: марш-кідок зрабіў (матулі малых падкінуў) і гуляй, Вася, як той казаў:

Вось якое выйсце

Вынайшаў Патап.

Па вінцо каб выйсці,

Ён каляску — хап!

Заадно — суседа

Можна засланіць...

Будзе ў іх бяседа —

Жонкам не «накрыць»!

Сцвярджае гэта спадар Мікола Кісель. А вось чым падобныя бяседы могуць скончыцца, ведае «перапевачніца» спадарыня Галіна Пятроўская (мелодыю, як падаецца, вы адгадаеце):

Выйдуць на вуліцу:

Ёсць угамон...

Але ж, гульнулі —

Не іх гарнізон?!

А значыць, зараз па шпалах, як той казаў...

Чаму з вазкамі? Ніякай загадкі — у прыватнасці для спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў:

Салдат кашу з тапара

Прыгатуе лоўка:

У вазках — не дзетвара...

Тару здаць прыйшла пара —

Вось і маскіроўка.

5-26

Нічога святога, як казаў герой Карачанцава з фільма «Белыя росы». І таму, вядома ж, мае рацыю спадарыня Алена Невяровіч з Асіповіч:

Хоць вясковец,
хоць вайсковец...

Сёння цяжка лёс звязаць:

Хто прывык здаваць бутэлькі,

Той і дзетак можа «здаць».

Што праўда, тое праўда. Але ж не будзем пра сумнае. Тым больш што ў пошце конкурсу і вясёлага шмат. Напрыклад, ад спадарыні Любові Чыгрынавай:

У гэтай часці — бэбі-бум,

А ў казарме, значыць, тлум...

Таму Дзіма і Валодзя

Шпацыруюць на прыродзе.

Малайцы, значыць! А ўсё чаму? Таму што ў гэтым ваенным гарадку (як мяркуе спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў) аб'яўлены адмысловы конкурс, праходзяць пастаянныя спаборніцтвы, і на здымку — проста адна з намінацый:

Гэта званне, што карона —

«Лепшы татка гарнізона»...

Немаўлятак пакатаць,

Верш напамяць прачытаць...

Хутка ў дошку цвік забіць,

Мігам лямпачку ўкруціць...

Жонкі ставілі ўмовы,

А мужы — на ўсё гатовы!

Прыкладна гэткай жа думкі трымаецца і спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч:

На тым здымку — усё проста:

На правы здаём... бацькоўства.

А чаму б і не? Цікавая ідэя! І ў каго, на вашу думку, болей шанцаў на тое, каб атрымаць гэты дакумент з першай спробы? Здагадка ад сужэнцаў Астроўскіх:

Лёс у армію пакліча?

Гэта, хлопча, не ў турму,

Бо год службы — два здабычы:

Там навучышся ўсяму!

І тады любая праца

Будзе лёгкай падавацца:

Да мужчынскай, да жаночай —

Ты ўмелы, ты ахвочы!

Анекдот у тэму: іспанец — чалавек, а іспанка — грып; амерыканец — чалавек, а амерыканка — більярд; індзеец — чалавек, а індзейка — птушка: карэец — чалавек, а карэйка — ежа; балгарын — чалавек, а балгарка — інструмент; фін — чалавек, а фінка — нож; паляк — чалавек, а полька — танец; чэхі і в'етнамцы — людзі, а чэшкі і в'етнамкі — абутак... І толькі беларуска — чалавек, а «беларус» — трактар. Прычым, кажуць, досыць надзейны — часам правераны... А значыць, калі яго «завесці», ёсць шанц — ён выцягне ўсё!.. Нягледзячы на супярэчнасці, пра адну з якіх, прычым тыповую не толькі для арміі, піша спадар Анатоль Гарачоў. Ён, дарэчы, служыў, таму ведае, што ў войску гэтак бывае:

Цябе пакрыўдзяць насамрэч —

Заўвагу выкажуць ці злосць...

І ты — у душы — паслаў бы... прэч,

Але па звычцы кажаш: «Ёсць!»

І — адпаведна — бяжыш.

Куды? Здагадка ад спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска:

Зіма прайшла, а ці была?

Хоць месцамі — снег бачны...

А што вясна ўжо прыйшла,

Мы вельмі ёй удзячны!

Быў сакавік... А зараз — май:

Дзянькоў багата светлых!

То, мужыкі, кулём у гай!

Падорым любым кветкі!

Бо яны, тыя любыя, як ні круці, а варты (не толькі кветак). Яшчэ і таму, што разам з мужчынамі, з мужамі (паводле спадара Гарачова):

Жывуць і ўсё жыццё баяцца,

Бы прадчуваюць — быць бядзе...

З малымі дзецьмі — не наспяцца,

А падрастуць — дык сон не ідзе!

(Анекдот да слова: «Ты, унучачка, малайчына, падрасла, — кажа бабуля. — Праз годзік у школку пойдзеш». Дзяўчынка ў адказ: «Эх, бабулечка... Татка мой праўду кажа: умееш ты чалавеку настрой сапсаваць!).

Мы — не будзем, бо якраз на гэтай ноце і скончым чарговы агляд.

Засталося назваць пераможцаў? Тады нагадаем, што на папярэднім этапе конкурсу чытачы прыдумлялі подпіс да здымка, на якім па́ра (магчыма, сужэнцаў?) у скрыні везла казу, а побач стаяла кабета з роварам. Дык вось. Найлепшыя радкі пра іх, паводле вялікага чытацкага журы, напісалі: спадары Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, Сцяпан Нефідовіч з Лунінеччыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыні Раіса Васільева з Гомеля, Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Марыя Кахоцкая з Воранаўшчыны і Ларыса Салей са Скідаля. Яна (і, дарэчы, адзіная!) у васьмі вершаваных радках напісала пра ўсё, што было на здымку: пра дзеда з бабай, пра казу, суседку, воз, ровар... Варта цытавання:

Дзед і баба ў воз паселі

І — гайда на наваселле!

Конік ведае кірунак,

Козка — лепшы падарунак...

Ды суседка ім сказала,

Што казы цяпер замала:

— Каб зяцёк не супіў бровы,

Падарыце й гэты ровар.

Нашы людзі, праўда? Гатовыя не толькі прыпыніцца, з некім пагаманіць ды штось параіць, гатовыя — каб чужога зяця парадаваць — свой веласіпед аддаць!

А «Звязда» — адпаведна — свой прыз (у выглядзе падпіскі на газету на трэці квартал), спадарыні Ларысе Салей, якая не толькі заўважыла гэтую рысу нацыянальнага характару, але і «агучыла» яе.

Вы таксама хочаце паспрабаваць — заўважыць, агучыць, паўдзельнічаць у конкурсе і выйграць? Тады — пішыце: коратка, трапна, дасціпна, па-беларуску... Здымак, як заўжды, дадаецца. Поспехаў!

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.