Вы тут

Паркуйся правільна і жыві спакойна


Чым больш у сталіцы аўтатранспарту, тым менш для яго месца. Недахоп стаянак і парковак у Мінску — праблема вядомая. Але абвінавачваць ва ўсіх заганах даўнішніх планіроўшчыкаў не трэба. Даволі часта самі аўтамабілісты робяць усё дзеля таго, каб убачыць сваю машыну на штрафстаянцы. Журналісты «Звязды» зафіксавалі, як на мінскіх вуліцах працуюць эвакуатары аўтатэхнікі.

5-5

Вуліца Рафіева. Раніца працоўнага дня. Здавалася б, усе ў гэты час павінны быць на рабоце, аднак машын у дварах як грыбоў пасля дажджу, — процьма! Аўтамабілямі застаўлена літаральна ўсё. Вольных месцаў сапраўды няшмат.

— Пры забудове гэтага раёна ніхто не ўлічваў, што з часам аўтатранспарту стане больш, — кажа Іван Таргоня, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Маскоўскага РУУС. — Няхватка парковачных месцаў — адна з асноўных праблем спальных раёнаў сталіцы.

Кандыдаты для эвакуацыі на штрафстаянку тут у кожным двары. Але ўсіх, безумоўна, не аштрафуеш. Супрацоўнік Дзярж-аўтаінспекцыі разам з кіроўцам эвакуатара працуюць з 8 да 17 гадзін і за дзень, па статыстыцы, эвакуіруюць каля 10 машын.

Прычыны, якія прымушаюць забіраць аўтамабіль, а гаспадару выпісваць штраф, вядомы кожнаму. Адзін кінуў машыну на тратуары, другі — заблакіраваў уезд у двор, а трэці наогул аказаўся самым нахабным — заехаў на газон і пакінуў пасля сябе глыбокія сляды ад колаў, якія надоўга застануцца на зялёнай зоне.

Пакуль Яўген Каласоўскі, кіроўца эвакуатара, рыхтуецца ўзняць з тратуара і ўстанавіць на платформу чорную іншамарку, нашу са старшым інспектарам размову перарывае мясцовы жыхар.

— Ведаеце, яны ўжо проста «дасталі»! — вельмі эмацыйна скардзіцца на аўтамабілістаў пажылы мужчына. — Кідаюць машыны там, дзе ім хочацца. Рэжуць пратэктарамі ўвесь газон. Такім нядбайным кіроўцам на машыны трэба наклейкі мацаваць!

5-6

— Іван Адамавіч, а ці прыходзіцца вам выязджаць па выкліках жыхароў?

— З просьбамі эвакуіраваць машыну нам даволі часта тэлефануюць мясцовыя жыхары. Напрыклад, калі нехта падпёр чужы аўтамабіль, заблакіраваў праезд смеццявозу ці перашкаджае гуляць людзям па тратуары.

Цікава, што падобныя сітуацыі даволі часта вадзіцелі вырашаюць самі. Яны пакідаюць пад лабавым шклом свой кантактны нумар, каб той, каму замінае машына, мог у любы момант паведаміць яму аб гэтым. Парадокс у тым, што па гэтых нумарах часам тэлефануюць... самі інспектары ДАІ, каб кіроўца прыйшоў, адагнаў аўто і атрымаў квітанцыю.

Дарэчы, пагрузка аўтамабіля на эвакуатар вымагае запаўнення дакументацыі. Напрыклад, трэба абавязкова выпісаць усе пашкоджанні машыны, каб пасля ўласнік не прычапіўся да нейкіх «новых драпін».

На штрафстаянцы па вуліцы Напалеона Орды, куды эвакуіруем аўтамабіль, чакаюць сваіх гаспадароў яшчэ некалькі машын. Усё ж такі большасць вадзіцеляў ці іх давераныя асобы прыбягаюць за імі адразу, аднак ёсць і тыя, хто не спяшаецца па сваю маёмасць на колах. Некаторыя машыны могуць завіснуць тут на некалькі тыдняў.

— Як паводзяць сябе вадзіцелі, калі даведваюцца, што іх транспартны сродак эвакуіравалі?

— 80 працэнтаў вадзіцеляў ставяцца спакойна, бо разумеюць, што парушылі закон. А астатнія пачынаюць спрачацца, пры складанні пратакола кажуць, што аўто не было дзе прыпаркаваць. Дарэчы, калі вы не знайшлі сваёй машыны, тэлефануйце 102. Вам паведамяць аб яе месцазнаходжанні. На многіх эвакуацыя дзейнічае даволі станоўча. Калі чалавек бачыць, як на штрафстаянку забіраюць суседнюю машыну, ён міжволі задумваецца аб тым, каб не парушаць правілы паркоўкі.

Праз хвілін 20 мы зноў на вуліцы Рафіева. Новага пасажыра эвакуатару доўга шукаць не прыйшлося. На тратуары, непадалёк ад увахода ў краму, прыпаркаваўся ўладальнік чорнага «Фольксвагена». Праўда, кіроўца знаходзіўся на месцы, а таму эвакуіраваць аўто не спатрэбілася. Як аказалася, гэты мужчына ўжо не ў першы раз пападаецца за здзяйсненне правапарушэнняў.

5-7

— Стабільнасць — прыкмета майстэрства, — у размове пра чарговы штраф з Іванам Таргонем спрабуе аджартавацца засмучаны аўтамабіліст.

— А ці не прасцей вадзіцелям пакідаць машыну на працяглы час не ў двары, а на платнай стаянцы, каб не рызыкаваць? — пытаюся пасля ў Івана Таргоні.

— Я так і раблю. Плачу за машына-месца 240 тысяч у месяц. І гэта ў любым выпадку менш за тую суму, якую выплачвае кіроўца пасля паўторнага парушэння.

Зразумела, лічыць працу эвакуатара панацэяй ад праблем, звязаных з паркоўкай, нельга. Вядома, задачы тут крыху іншыя. А вось паменшыць колькасць тых, хто абы-як кідае сваё аўто, перашкаджае тым самым астатнім, цалкам верагодна. Тым больш, як кажа Іван Таргоня, пасля першага штрафу за няправільную паркоўку многія паводзяць сябе больш дысцыплінавана і паўтараць старыя памылкі не збіраюцца.

Тарас ШЧЫРЫ

Фотаздымкі Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.