Вы тут

Медыяпрастора запрашае


Сёння ў сталіцы распачынае працу XІX Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»

Як адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч, роля медыя ў развіцці сучаснага грамадства, міждзяржаўных камунікацый істотна ўзрастае. Таму вельмі важна, каб нацыянальная інфармацыйная прастора працавала стваральна, адлюстроўваючы ўсе тыя з'явы і падзеі, якія адбываюцца ў краіне, каб забяспечвала канстытуцыйнае права нашых грамадзян на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі, спрыяла развіццю суверэннай Беларусі. Адна з прыярытэтных тэм у найбліжэйшы час — гэта 70-годдзе Вялікай Перамогі, яна і стане лейт-матывам выставы СМІ.

На пачатак мая ў нашай краіне прыпадае і яшчэ некалькі свят: 5 мая — адзначаецца Дзень друку, які ўсе супрацоўнікі газет і часопісаў лічаць сваім прафесійным святам, 7 мая — Дзень радыё, тэлебачання і сувязі. Акурат у гэтыя дні, з 5 па 7 мая, будзе праходзіць выстава «СМІ ў Беларусі». Таму ёсць магчымасць не толькі завочна павіншаваць сваіх любімых журналістаў, але і асабіста сустрэцца з імі падчас шматлікіх прэзентацый, аўтограф-сесій, дыскусій.

Сёння ў 12.00 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, на якое завітаюць высокія госці, прадстаўнікі айчыннай медыясферы. А праз кароткі час, у 13.30, варта далучыцца да прэзентуемага ўпершыню аб'яднанага партала беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі пад назвай «СМІ Беларусі». Яго ідэя ў тым, каб усе дзяржаўныя СМІ прадставіць на адным рэсурсе. Там ужо змешчана 170 выданняў і кампаній, апублікавана 7000 матэрыялаў. І гэта толькі пачатак, база будзе папаўняцца.

Сёння ўвечары, у 18 гадзін, у Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў XІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая ліцера».

6 мая, зранку, усім зацікаўленым раім далучыцца да прэс-дыялогаў па тэмах распаўсюджвання друкаваных СМІ, а таксама новых медыя Беларусі з удзелам найлепшых прадстаўнікоў гэтай галіны. Аматарам фатаграфіі варта дачакацца вечара, бо сёлета ўпершыню падводзяцца вынікі конкурсу «Фота Беларусі». Цырымонія ўрачыстага ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў 17 гадзін. Дарэчы, за гадзіну да яе можна паўдзельнічаць у яшчэ адным прэс-дыялогу, прысвечаным фотажурналістыцы будучыні.

7 мая, зразумела, больш увагі атрымаюць тэлебачанне і радыё. З раніцы ахвотным варта далучыцца да семінара па тэме вытворчасці і распаўсюджвання тэлевізійнага кантэнту. Таксама адбудзецца прэзентацыя радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі, аўтограф-сесіі вядучых ранішніх праграм каналаў АНТ, СТБ. Цікава будзе і на інтэрактыўнай пляцоўцы (з фота- і відэазонамі) канала «Космас-ТБ».

На стэндзе Выдавецкага дома «Звязда» вас, зразумела, чакаюць у любы дзень і час. Але для таго, каб дапамагчы зарыентавацца ў насычанай праграме, адзначым, што ў першы дзень тут будзе праходзіць электронная прэзентацыя праектаў «Звязды»: «70 гадоў Вялікай Перамогі», «Шляхамі вызвалення», «Урочышча Пяскі», «Паміж жыццём і смерцю». Можна будзе бліжэй пазнаёміцца з супрацоўнікамі газеты «ЛіМ», часопісаў «Родная прырода», «Алеся», «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Вожык», «Бярозка». У другой палове дня — аўтограф-сесіі Аляксея Чароты, Алены Мальчэўскай, Яны Явіч, Таццяны Сівец. 6 мая ў 12 гадзін завітвайце на гадзінку гумару ад часопіса «Вожык». З 16 гадзін можна будзе пазнаёміцца з творчасцю маладых паэтаў. 7 мая таксама не абыдзецца без сюрпрызаў: пройдзе майстар-клас экалагічных вырабаў з другаснай сыравіны ад «Роднай прыроды», адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі Алесем Пушкіным, Уладзімірам Мазго, Генадзем Аўласенкам.

Лілія Ананіч адзначыла, што на выставу будзе цікава завітаць і самым маладым гасцям:

— Сёлета мы разлічваем усур'ёз папрацаваць з дзіцячай аўдыторый. Бо чытач выдання не з'яўляецца сам сабой. Для таго, каб у вялікіх газет былі дарослыя падпісчыкі, трэба з імі працаваць з самых малых гадоў. Таму на дзіцячай пляцоўцы будзе працаваць стэнд дзіцячай прэсы, на якім пройдуць розныя майстар-класы, конкурсы, віктарыны, пераможцы ў іх атрымаюць прызы. Мы чакаем актыўнага ўдзелу і студэнцкіх сродкаў масавай інфармацыі: абмяркуем, што павінна быць на старонках іх выданняў, каб рэальна паказваць жыццё ВНУ, тыя тэмы, якія цікавыя самой моладзі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».