Вы тут

«Мой бацька ваяваў»


Напярэдадні 9 Мая наша размова з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Віталем БУСЬКО пра памяць, гарантыю бяспекі для Беларусі і свету і пра адбітак, які Вялікая Айчынная вайна пакінула на некалькіх пакаленнях савецкіх людзей.

5-12

— Віталь Леанідавіч, мы з вамі належым да пасляваеннага пакалення. Тым не менш, Вялікая Айчынная займае ў нашым жыцці досыць значнае месца. Раскажыце, што яна азначае для вас?

— Мой бацька ваяваў. І першыя згадкі ў маім жыцці звязаны з вайной, з яе следам на нашай зямлі: ў 1959-м у нашым двары капалі калодзеж і выкапалі... гранату. Ад нас, народжаных у 50-я, вельмі адрозніваліся дзеці, якія нарадзіліся або перад самай вайной, або адразу пасля яе. Гэта было асаблівае пакаленне, яно было старэйшае за свой біялагічны ўзрост. Яно амаль адразу было дарослым.

Яшчэ адна рыса пасляваеннага часу — наяўнасць вялікай колькасці зброі ў мірнага насельніцтва: практычна ў кожнага быў або шмайсер, або карабін. Для вясковых хлопчыкаў у Беларусі не было праблем пайсці і накапаць... патронаў.

Першыя цукеркі я ўбачыў гадоў у дзесяць. А да таго мы ласаваліся смажаным цукрам. Электрычнасць з'явілася, калі ў школу пайшоў. Быў у нас радыёпрыёмнік — бацька з вайны прынёс...

Бацьку майму было 19 гадоў, калі пачалася вайна. Ён быў камсамольцам. Усё лета 1941-га сыходзіў у начное, пасвіў коней, каб дома не начаваць. Потым мясцовая моладзь арганізавалася ў падпольную групу: збіралі і хавалі зброю, пісалі лістоўкі. Восенню наступнага года стварылі партызанскі атрад «Камсамолец».

У партызанах бацька быў мінёрам, і насуперак вядомай прыказцы яму двойчы ўдалося выжыць праз мінёрскія памылкі. Да таго, як партызанам сталі скідваць узрыўчатку з самалётаў, і калі яе скідвалі недастаткова, тол выплаўлялі з нямецкіх снарадаў. Аднойчы група, у складзе якой быў мой бацька, замініравала дарогу, аднак яму здалося, што міна дрэнна замаскіравана, ён вярнуўся і выпадкова наступіў на яе. Адбыўся выбух запалу і дэтанатару, на шчасце, асноўны зарад не спрацаваў — бацьку адкінула выбуховай хваляй, але не забіла.

Немцы ўжо восенню 1942-га сталі прымаць сур'ёзныя меры для бяспекі чыгункі і аўтамабільных дарог. Абапал іх высякалі лес, усталёўвалі сігнальныя агароджы, абсталёўвалі мінныя палі, ахоўвалі станцыі і палотны паміж імі. Апроч таго, перад цягніком пускалі дрызіну з пяском. Задача партызан была паспець закласці ўзрыўчатку перад праходам цягніка і пасля таго, як пройдзе дрызіна. Адыходзіць трэба было так, каб не трапіць пад вугал абстрэлу нямецкіх аўтаматчыкаў — уздоўж палатна. Падчас адной такой аперацыі бацька не паспеў адбегчы і яго пасля ўзрыву накрыла вагонам. Сябры былі ўпэўнены, што ён загінуў, але глыбокі снег выратаваў бацьку жыццё.

Ён не надта любіў расказваць пра гэтыя выпадкі, увогуле, вайну згадваў пад настрой, часцей за ўсё, на свята Перамогі. Але адну гісторыю расказваў з задавальненнем. Пра любімую кабылу. Неяк ён ехаў ноччу з задання, драмаў, а па дарозе ў яго былі могілкі, і на іх — засада. Кабыла раптам стала. Адзін з паліцаяў не вытрымаў і стрэліў, бацька адразу павярнуў кабылу і пад кулямі ўжо паскакаў прэч. Так кабыла выратавала яму жыццё.

У 1944-м бацька спачатку адбудоўваў дамы ў роднай вёсцы, усё на той ж сваёй кабыле вазіў з лесу бярвёны, а потым папрасіўся на фронт і пасля перападрыхтоўкі стаў камандзірам артылерыйскай устаноўкі, быў узнагароджаны медалямі за вызваленне Варшавы, Будапешта і ўзяцце Берліна. Ён таксама часта згадваў з вялікай горыччу, асабліва ў Дзень Перамогі, як 2 мая, калі яны ехалі па Берліне, снайпер забіў іх кіроўцу. Дэмабілізаваўся ён у 1946 годзе.

— Як вайна паўплывала на пакаленне вашага бацькі?

— Іх адрознівала дабрыня. Яны ўмелі цаніць жыццё. Жылі бедна, але заўсёды было месца святу. Яны з задавальненнем збіраліся разам, пелі песні. А яшчэ ў іх была вельмі моцная вера ў тое, што яны рабілі. Тыя, хто выжыў у страшэннай вайне, так горача марылі пра мірнае жыццё, што цяжкасці іх не пужалі. А цяжка было неймаверна. Першы час не было ў што даіць кароў. Немцы ўсё знішчылі або вывезлі. Араць не было на чым, вазіць не было на чым, сеяць не было чым. Але яны не сумавалі, дамы будавалі па крузе: аднаму паднялі два бервяны, потым другому...

[caption id="attachment_82027" align="alignnone" width="400"]Пры ўсіх рэ­га­лі­ях.  Ле­а­нід Сяр­ге­е­віч Бусь­ко. 2004 год. Пры ўсіх рэ­га­лі­ях.
Ле­а­нід Сяр­ге­е­віч Бусь­ко. 2004 год.[/caption]

У іх было вострае пачуццё справядлівасці. Памятаю, як моцна бацька перажываў, калі недзе наверсе прымалася несправядлівае рашэнне. Яшчэ яны ўмелі цаніць тое, што мелі. Шафа ў доме з'явілася — свята!

І яшчэ адна рыса ўласціва гэтаму пакаленню: вернасць. Мае бацькі пражылі разам 57 гадоў, выхавалі трох дзяцей, дачакаліся праўнукаў...

Аўтарытэт бацькі для мяне заўсёды быў вельмі высокі. Усё сваё жыццё я імкнуўся не падвесці яго. Калі быў дзіцем, то самай жахлівай была думка пра тое, што бацьку ў школе могуць сказаць, што яго сын разгільдзяй. Самай высокай адзнакай было, калі бачыў, што бацька мной ганарыцца. Прыклад бацькі — гэта стрыжань, на якім я будаваў сваё жыццё. Ён казаў: «Сынок, запомні адно: за нейкі ўчынак ты можаш апраўдацца перад іншымі, але перад сабой — ніколі, цябе трэба будзе жыць з тым, што ты зрабіў».

Калі бацькі не стала ў 2008 годзе, я доўга не мог прыйсці ў сябе. Пустата пасля яго сыходу муліць душу дагэтуль.

— Што са спроб перагляду вынікаў Вялікай Перамогі больш за ўсё турбуе вас — сына ветэрана?

— Мы выхаваны на ідэалах, якія стваралі нашы бацькі. Калі з'явіліся першыя спробы абяліць калабарантаў, мой бацька быў абураны, ён казаў: «Яны былі горшыя за немцаў, гэта былі звяры». Ён сваімі вачыма бачыў спаленыя вёскі ў Беларусі, закатаваных людзей, лагеры смерці ў Польшчы. Таму апраўданне фашызму было для яго немагчымым. Разам з тым, ён быў рэалістам і прызнаваў уклад саюзнікаў у Перамогу, казаў: «Калі б не другі фронт, не дапамога з Захаду, хто б з нас дажыў да мірнага часу?» Яго ацэнкі тых падзей былі заўсёды цвярозымі, але ён не паверыў бы, калі б яму сказалі, што праз 70 гадоў пасля Перамогі над фашызмам славяне будуць страляць адзін у аднаго.

— Як вы думаеце, калі з намі не застанецца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адстаяць праўду пра яе будзе цяжэй?

— Для пасляваеннага пакалення нічога не памяняецца. Мы надта добра памятаем доўгае рэха вайны. Але справа ў тым, што павялічваецца колькасць людзей, якія ўвогуле нічога не ведаюць пра тую вайну. Яны не даюць ацэнак, але і самой вайны для іх быццам бы не было. І заўсёды ёсць невялікая колькасць людзей, якія ўсім незадаволены. Маўляў, «калі б мы не выйгралі тую вайну, мы б уволю пілі баварскае піва». Вось такія разважанні, цалкам памылковыя, небяспечныя. Бо праўда ў тым, што ў адпаведнасці з «Заўвагамі і прапановамі па Генеральным плане Ост», якія былі складзены нямецкім міністэрствам акупаваных усходніх тэрыторый у снежні 1941 года, 75 працэнтаў беларусаў і 65 працэнтаў украінцаў прапаноўвалася перасяліць ў Сібір, а астатнія падлягалі анямечванню.

Той, хто забываецца на сваю гісторыю, не мае будучыні. На жаль, зараз гістарычная забыўлівасць напаткала лідараў некаторых краін. І тут ужо ні ветэраны, ні мы з вамі ім не дапаможам, бо, напэўна, некаму выгадна, каб гэтую вайну забылі. Іншая справа — просты народ. Ён помніць.

— На адлегласці ўсяго ў тысячу кіламетраў ад нашай мяжы вайна ўсё яшчэ застаецца магчымай. Вы лічыце — для Беларусі няма пагрозы?

— Сама гэтая сітуацыя ў суседняй з намі краіне — жудасная. Яна не можа не датычыцца нас не толькі таму, што яна побач, не толькі таму, што славяне ваююць самі з сабой, але і таму, што там — шмат беларусаў, а ў нас — шмат украінцаў. Так склалася. Так мы паступалі вучыцца падчас існавання адзінай дзяржавы, так нас размяркоўвалі пасля навучальных устаноў.

Войны бываюць вызваленчыя, справядлівыя, заваёўніцкія, але ў гэтай вайне ва Украіне — сем праўдаў адначасова. Пра якую перамогу ў ёй можна казаць?

Май 1945 года навучыў нашых бацькоў, што перамога патрэбна адна на ўсіх. «Адна на ўсіх — мы за цаной не пастаім». Сем перамог не бывае. Да канфлікту ва Украіне падключылася сусветная суполка, але ніхто яго не вырашыць, акрамя самой Украіны. Паглядзіце, колькі было прыкладаў у гісторыі: В'етнам, Афганістан... Украінцы павінны зразумець, што гэта — іх зямля, іх народ, і ў іх можа быць толькі адна перамога.

Надта шмат ужо пралілося чалавечай крыві, каб падзеі 2014 года было лёгка дараваць і забыць. Але няма іншага выйсця, як толькі садзіцца разам і дамаўляцца, як жыць далей, як спыніць узаемнае забойства. Патрэбны казачы круг, народнае веча або нешта падобнае. Інакш краіны не стане.

Што тычыцца Беларусі, то нас заўсёды адрознівала ўменне выжываць у любой сітуацыі і разважлівасць. Мы больш цярпімыя да тых, хто інакш думае, інакш верыць, інакш выглядае, інакш жыве. Беларусы — мудры народ. Яму часта было несалодка, але ён разумее, што суседзяў не памяняеш, з імі трэба ўжывацца. Наш народ добра ўсведамляе, што чужынцы не будуць клапаціцца пра нашу зямлю, што ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць нашу краіну багатай, бяспечнай і прыгожай.

Думаю, у Беларусі ёсць яшчэ адна важная рэч — адсутнасць вялікіх разрываў паміж сацыяльнымі групамі, паміж горадам і вёскай, паміж працоўнымі і інтэлігенцыяй, паміж бізнесменамі і небізнесменамі, паміж жыхарамі ўсходніх рэгіёнаў і жыхарамі заходніх.

Пра здароўе грамадства мяркуюць па ўвазе да старых і па дагледжанасці дзяцей, астатнія за сябе могуць пастаяць самі. Тое, што старыя і дзеці ў нас абаронены, традыцыі жывыя, памяць не згублена, дазваляе спадзявацца, што катаклізмы, падобныя да тых, што адбываюцца ва Украіне, нас мінуць. Рознага кшталту цяжкасці, безумоўна, будуць, без іх не абыходзіцца ніякае жыццё, але мы зробім усё, каб не дапусціць беззаконнасць і ўзброенае супрацьстаянне на сваёй зямлі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.