Вы тут

«Калі мне было 16...»


У ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Фёдара Малахавіча Супрановіча шмат цікавых успамінаў. Седзячы перада мной, ён разгортвае вялікую кнігу, прысвечаную партызанам, яго баявым таварышам, і нетаропка пачынае сваю гісторыю.

5-11

Здраднік па імені Давід

Вайну Фёдар сустрэў у 16-гадовым узросце. Спачатку вучыўся ў роднай вёсцы Касцюкі, што на Барысаўшчыне, пасля — у Зембіне, але ўсе планы хлопца перапыніла вайна, прымусіла адаптавацца да зусім іншай рэчаіснасці. У першыя дні яго ўключылі ў знішчальны камсамольска-маладзёжны атрад для барацьбы з дыверсантамі, выдалі зброю ды наказалі хлопцу з таварышам сцерагчы мост праз Бярэзіну. Неўзабаве да іх пад'ехаў Давід Эгаф, школьны настаўнік нямецкага паходжання, які спрабаваў выехаць на Барысаў. Ён вельмі доўга ўгаворваў, каб яго прапусцілі, але хлопцы трымаліся загада. Якім жа было здзіўленне ў мясцовых жыхароў, калі пазней разам з атрадам карнікаў у нямецкай форме з'явіўся той самы настаўнік Давід. Выпытваў, хто забіў салдатаў і нямецкага афіцэра і, зразумела, не забыўся пра Фёдара, якога любіў з-за прычоскі называць Карлам. «А дзе Карл?» — спытаў у жыхароў Касцюкоў Эгаф. «А Карла ў нас няма, — адказаў яму стараста. — Ёсць толькі Карп, але ён ужо стары і хворы». У выніку тады расстралялі 18 чалавек, але Супрановіч здолеў захаваць жыццё. Ён уладкаваўся на торфапрадпрыемства, што забяспечвала палівам электрастанцыю ў Барысаве.

5-9

Неяк у лесе, непадалёк ад месца працы, сустрэў двух аўтаматчыкаў, якія прадставіліся байцамі асобнай мотастралковай брыгады асаблівага назначэння. Яны збіраліся знішчыць з паплечнікамі нямецкі гарнізон, і ім неабходна была дапамога. Супрановіч пачаў збіраць інфармацыю, увайшоў у давер да начальніка прадпрыемства. «Я запамінаў усё, што бачыў, — узгадвае суразмоўца, — колькасць зброі, як выглядалі памяшканні. Літаральна ўсё». У выніку 31 ліпеня 1942 года гарнізон знішчылі, а Віктар Бальшакоў, былы начальнік штаба партызанскай брыгады «дзядзькі Колі», пасля ў сваіх успамінах адзначаў, што вялікую дапамогу ў гэтай справе аказаў «рабочы торфазавода Фёдар Малахавіч Супрановіч».

Задача — завербаваць паліцаяў

Партызаны паручылі Супрановічу яшчэ адно заданне: пераманіць на свой бок паліцаяў, якія сталі служыць фашыстам не па сваёй ахвоце. «Я ўвесь час праводзіў сярод іх. І мясцовыя жыхары мне нават казалі: «Ну, Федзя, дагуляешся. Заб'юць цябе партызаны за дапамаганне немцам». Праз пэўны час Супрановічу прыйшло паведамленне аб тым, што яго забіраюць на працу ў Германію. Партызаны ў выніку прапанавалі перайсці да іх у славутую брыгаду «дзядзькі Колі», у якую ён потым прывёў 17 былых паліцаяў з боепрыпасамі. Так Супрановіч апынуўся ў атрадзе імя Чапаева. Ён актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, разам з іншымі спусціў з рэек варожы эшалон. Выдатна страляў з кулямёта. Некалькі разоў атрымліваў раненні. «Я быў адным з самых маладзейшых у атрадзе, — кажа Фёдар Малахавіч. — Сярод нас больш было людзей сталых, якім пашанцавала вырвацца з палону».

5-10

Самым складаным днём вайны для брыгады Фёдар Малахавіч называе 26 чэрвеня 1944 года, калі немцы чарговы раз спрабавалі акружыць партызанаў. «У гэты дзень па-геройску загінулі 164 байцы. Параненых мы схавалі ў дрыгве, прыкрылі травой. Але фашысты з сабакамі знайшлі ўсіх і забілі. А нашу радыстку Надзю Качаргу прывязалі да дрэва, афіцэр выпусціў у яе сем куль, але яна выжыла. І мы двойчы пасля сустракаліся з ёй на партызанскіх сустрэчах». Параненага Фёдара накіравалі ў шпіталь у Арэхава-Зуева, а пасля адправілі радыстам на Далёкі Усход ваяваць з Японіяй. Там ён аказаў дапамогу ў затрыманні японскага генерала, быў паранены. За гэту вайну Супрановіч атрымаў падзяку ад Іосіфа Сталіна за вызваленне Маньчжурыі.

Мірнае жыццё

Фёдар Малахавіч доўга служыў у органах унутраных спраў, адказваў за тэхнічныя сродкі аховы аб'ектаў народнай гаспадаркі. Пэўны час працаваў нават намеснікам начальніка тагачаснага дэпартамента аховы. А цяпер пры магчымасці сустракаецца з маладым папаўненнем міліцыі, дзеліцца ўспамінамі са школьнікамі, удзельнічае ў мерапрыемствах, што праводзіць МУС Беларусі. На парад сёлета не пойдзе, але абавязкова ў святочны дзень надзене пінжак, упрыгожаны 34 ордэнамі і медалямі, адзначыць свята дома, сярод сваіх блізкіх сваякоў і ўзгадае баявых таварышаў, што загінулі ў тым страшным пекле, так і не дачакаўшыся Дня Перамогі.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.