Вы тут

Кожнае слова — стрэл, трапны радок — кулямётная чарга


На востраве Зыслаў у гады вайны выйшла амаль сто нумароў падпольнай «Звязды»

Яшчэ Арыстоцель казаў, што самая моцная зброя чалавека — слова. Менавіта з дапамогай гэтага «інструмента» змагалася з гітлераўцамі і газета «Звязда» — адзінае рэспубліканскае выданне краіны, якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны на працягу доўгага часу выходзіла ў тыле ворага.

 

[caption id="attachment_82077" align="alignnone" width="400"]Абел­іск на вост­ра­ве Зыс­лаў. Тут дру­ка­ва­ла­ся «Звяз­да»-пар­ты­зан­ка. Абел­іск на вост­ра­ве Зыс­лаў. Тут дру­ка­ва­ла­ся «Звяз­да»-пар­ты­зан­ка.[/caption]

Напярэдадні свайго прафесійнага свята ў межах сумеснай ініцыятывы газет «Звязда» і «Мінская праўда», Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў «Слова клікала ў бой» мы пабывалі на Любаншчыне. Тут, у эпіцэнтры партызанскага руху Міншчыны, са студзеня 1943 года па ліпень 1944-га выйшла 98 нумароў «Звязды»!

Сярод любанскіх балот

Сёння на легендарным востраве Зыслаў, дзе размяшчаліся партызанскі штаб Мінскага падпольнага абкама і партызанскі аэрадром, выдаваліся газеты «Звязда», «Чырвоная змена» і раёнка «Кліч Радзімы», вельмі ціха і спакойна. Пра былое нагадваюць толькі помнікі і абеліскі, якія арганічна ўпісаліся ў лясны ландшафт. Вецер гойдае векавыя хвоі, шапацяць маладыя лісточкі яшчэ даваенных дрэў — быццам перагаворваюцца, узгадваючы тое, што тут было больш чым сем дзесяцігоддзяў таму.

Тут, у лесе, сваю выдавецкую дзейнасць газета «Звязда» працягвала пасля спынення выхаду ў Мінску. 26 верасня 1942 года гітлераўцы арыштавалі 21 падпольшчыка, сярод якіх быў і рэдактар газеты Вячаслаў Нікіфараў. Многія з іх былі жорстка закатаваныя. У партызанскай зоне газету аднаўляла новая каманда журналістаў-патрыётаў, якія кожны дзень віселі на валаску ад смерці.

Рэдактарам «Звязды» быў зацверджаны вопытны журналіст, даваенны рэдактар рэспубліканскай камсамольска-маладзёжнай газеты «Чырвоная змена» Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў. У рэдакцыйны калектыў увайшлі даваенны рэдактар любанскай раённай газеты Піліп Касцюкавец, былы супрацоўнік газеты «Советская Белоруссия» Георгій Шчарбатаў, а таксама дасведчаныя журналісты і паліграфісты Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка, Амяльян Шурпач і Ніна Цылько.

На маленькі востраў сярод любанскіх балот, дзе размясцілася рэдакцыя «Звязды», невялікую групу ўзброеных людзей вёў вопытны разведчык-следапыт — партызан Гальчэня. Акрамя аўтаматаў, яны неслі з сабой абсталяванне: чамаданы са шрыфтам, паперу, партатыўную друкавальную машынку.

«Звязда» — яркая зорка ў цемры

27 студзеня 1943 года выйшаў першы нумар «Звязды» ў партызанскай зоне. Газета выходзіла два разы на тыдзень — у сераду і суботу, фарматам 1/8 друкаванага аркуша, накладам 500 экзэмпляраў.

[caption id="attachment_82075" align="alignnone" width="600"]Іван Му­ра­вей­ка з ма­ла­ды­мі ўдзель­ні­ка­мі чы­тан­няў. Іван Му­ра­вей­ка з ма­ла­ды­мі ўдзель­ні­ка­мі чы­тан­няў.[/caption]

Выданне выкрывала хлуслівую фашысцкую прапаганду, звярталася да працоўных з заклікамі аказваць дапамогу партызанам, як толькі можна: бязлітасна граміць нямецкія гарнізоны і калоны машын, захопліваць зброю гітлераўцаў і ёю іх жа біць. Сваім словам газета раіла мірным жыхарам як мага больш пасеяць азімых і яравых, папярэджвала, што трэба надзейна хаваць сабраны ўраджай, каб ім не завалодаў вораг. На яе старонках расказвалася пра падзеі на фронце, пра подзвігі народных мсціўцаў, паведамлялася аб выніках «рэйкавай вайны», аб дыверсіях найбольш актыўных груп, прапагандавалася авалоданне насельніцтвам падрыўной справай.

«Партызаны і партызанкі! — заклікала газета ў нумары за 29 верасня 1943 года. — Мініруйце ўсе шляхі адходу нямецкіх войск. Пад адхон нямецкія эшалоны! У паветра аўтамашыны, танкі і гарматы праціўніка. Ірвіце сувязь і чыгуначнае палатно, нападайце на тылы, высочвайце і знішчайце штабы і склады гаручага і боепрыпасаў. Агнём і куляй сустракайце нямецкіх фашыстаў заўсёды і ўсюды!»

Там, дзе пабывала «Звязда», адразу ж мяняўся настрой у людзей, панавала ўпэўненасць у перамозе над гітлераўцамі. Многія, хто трымаў у руках тагачаснае выданне, якое ўсяляла надзею ў светлую будучыню і хуткую перамогу, ішлі ў партызаны.

— Наша «Звязда» ззяе яркай зоркай у цемры, — гаварыў жыхар вёскі Боркі Сцяпан Балвановіч сваім аднавяскоўцам. — Яна прынесла нам радасную вестку аб перамогах Чырвонай Арміі і заклік роднай Кампартыі да нас. Давайце, таварышы, дзейнічаць больш рашуча». На наступны дзень, як у свет выйшлі гэтыя радкі, да народных мсціўцаў далучылася 15 чалавек з той жа вёскі.

Нягледзячы на тое, што ў лютым 1944 года ад тыфу памёр бясстрашны рэдактар «Звязды» Міхаіл Барашкаў і ад хваробы зляглі іншыя супрацоўнікі выдання, газета працягвала жыць. Апошні партызанскі нумар «Звязды» быў надрукаваны 1 ліпеня 1944 года ў Слуцку. Усяго за час выдання газеты ў партызанскай зоне ўбачыла свет 105 нумароў. Разам з вызваленнем у Мінск прыйшла і «Звязда». Яна зноў выйшла ў сталіцы 10 ліпеня 1944 года.

— Газета з'яўлялася прыкладам прафесійнага адлюстравання ваеннай рэчаіснасці для ўсяго беларускага друку, — лічыць даследчык гісторыі беларускай журналістыкі, доктар гістарычных навук Алег СЛУКА. — Яе публіцыстычныя матэрыялы былі напісаны жывой усхваляванай мовай, якая нікога не пакідала абыякавым. Кожнае слова — стрэл, трапны радок — кулямётная чарга, публіцыстычны вобраз — смерць ворагу! Такое крэда творчай працы было ў журналістаў-звяздоўцаў і ва ўсіх журналістаў Беларусі.

Слова майстра

Словам змагаліся з ворагам і пісьменнікі. Ды і не толькі словам. Ганаровы грамадзянін і жыхар Любані, работнік культуры Беларусі, выдатнік друку Савецкага Саюза, лаўрэат прэміі Васіля Віткі пісьменнік Іван Муравейка Вялікую Айчынную вайну прайшоў ад першага дня да апошняга. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы дайшоў да Берліна. І на матчынай мове распісаўся на рэйхстагу: «Я — Іван з Беларусі».

Менавіта пад такой назвай летась у Івана Андрэевіча выйшла кніга. За апошнія 8 гадоў у паэта і празаіка — 8 кніг.

[caption id="attachment_82076" align="alignnone" width="300"]Пар­ты­зан­скі ла­гер. Квет­кі ад звяз­доў­цаў. Пар­ты­зан­скі ла­гер. Квет­кі ад звяз­доў­цаў.[/caption]

— Хто чытаў маю біяграфію, ведае, што сёлета мне спаўняецца 94 гады, але гэта няпраўда: мне больш за 100, бо год на фронце лічыўся за тры, — не без гумару пачаў свой аповед Іван Муравейка. — Нас засталося мала. Як мой сябар Сакалоў напісаў: «Жывымі помнікамі ходзім па адваяванай зямлі...»

Што мог прывезці пісьменнік з вайны? Вядома, друкавальную машынку, якую гвардыі старшы лейтэнант набыў восенню 1945 года ў Германіі. Гэты трафей, калі яго можна так назваць, Іван Муравейка перадаў у музей Тальскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа. Літаратурны салон створаны на малой радзіме Івана Андрэевіча: у вёсцы Таль, што непадалёк ад Любані. Тут захоўваюцца дакументы і граматы ветэрана, асабістыя рэчы пісьменніка, рукапісы яго твораў.

Іван Муравейка яшчэ працягвае пісаць. Слова для яго — як паветра. Да свайго 95-годдзя, якое ветэран адзначыць у наступным годзе, ён плануе выдаць яшчэ адну кнігу. Магчыма, туды ўвойдзе і гэты верш, які зарадзіўся ў галаве творцы зусім нядаўна:

Салдат старанна выкапаў акоп,

Уласную для абароны крэпасць.

Тры дні і ночы не глядзеў на неба,

Страчаў праклятых чужакоў у

 лоб.

Вакол акопа ворагі ляжаць

І танк варожы дымна дагарае,

А воін наш пад танкам памірае.

Хто стане знішчаны акоп

шукаць?

А пахаванка скажа маме так:

«Сыночак ваш прапаў, прапаў

без вестак».

Паплача дзень-другі нявеста,

А мама будзе ўсё жыццё чакаць.

Сваім земляком на Любаншчыне лічаць і партызана, настаўніка, самабытнага пісьменніка Мікалая Жука. Нягледзячы на тое, што гэты чалавек нарадзіўся на Случчыне, ваяваў, жыў і працаваў ён менавіта на гэтай зямлі.

— У гады вайны былы студэнт літаратурнага аддзялення Мінскага педагагічнага інстытута, чые вершы ўжо пачалі з'яўляцца ў друку, апынуўшыся на акупаванай тэрыторыі, пайшоў у партызанскі атрад, — расказвае бібліятэкар-бібліёграф Любанскай цэнтральнай бібліятэкі Ірына ГІЛЬ. — Пасля вайны доўгі час працаваў у школе. Пісаў вершы, паэмы — пісаў пра тое, што перапаўняла яго сэрца. На жаль, Мікалай Андрэевіч так і не пабачыў сваіх кніг.

Партызанскі фальклор

Вершаваныя радкі нараджаліся ў акопе, канспіратыўнай кватэры, партызанскай зямлянцы. Сярод партызанаў Любанскага раёна было шмат майстроў слова. Вучні Сароцкай сярэдняй школы не толькі адшукалі літаратурную спадчыну сваіх землякоў, а і старанна даследавалі баявую паэзію партызанаў. У выніку выйшаў зборнік вершаў і песень паэтаў-партызанаў Любаншчыны «Дзённік суровага часу».

— Усё, што звязана з партызанскай гісторыяй, не павінна згубіцца, знікнуць, — упэўнены ўкладальнікі зборніка, вучні 10 класа Ілья Хмялеўскі і Вольга Шаплыка. — У сваёй працы мы не толькі канстатавалі вядомыя гістарычныя факты з гісторыі партызанскага руху Любаншчыны, а і імкнуліся знайсці як мага болей твораў паэтаў-партызанаў, у якіх яны адлюстроўвалі рэаліі вайны. Мы будзем працягваць збор паэтычных твораў, напісаных у гады Вялікай Айчыннай партызанамі нашага краю.

Партызанскі фальклор прапаноўваем ацаніць і чытачам. Народныя мсціўцы былі сведкамі выдання падпольнай «Звязды». А можа, і мелі да гэтай справы нейкае дачыненне.

Нам не забыць і з часам

Рэдакцыі куточак.

Адціскі, шрыфт і касу,

Важных навін радочак...

Было ўсё ў парадку,

Вось з гэтага паўстанка

Пускалі ў ход вярстанку

І Локаць, і Дастанка.

Калі была патрэба —

Парада або помач,

Рэдакцыю наведваў

Таварыш Канановіч.

Свая ў нас кананада.

Каб мела мір планета,

Мы білі немцаў-гадаў

Лістоўкай і газетай.

Раз конна прыскакалі

Да нас Казлоў і Бельскі:

На друкарах медалі

Заззялі, як пралескі.

(Я. Хатэнка. Аб важным сховішчы)

Зараджаліся на лясных палянах-сцежках і партызанскія прыпеўкі:

Сядзіць Гітлер у Берліне,

Лічыць свае зубы

І калоціцца ад страху:

— Моцна б'ецца Любань.

* * *

Ах, які ў нас гармонік,

Залатыя галасы,

Немцы нос баяцца сунуць

У партызанскія лясы.

Усё гэта, безумоўна, злавала ворага. Доўгі час фашысты не маглі паверыць, што на акупаванай тэрыторыі выдаюцца бальшавіцкія газеты. Гітлераўцы думалі, што іх дасылаюць з Масквы. Можна толькі ўявіць, якім жа было іх расчараванне, калі яны пераканаліся ў тым, што літаральна ў іх пад носам бясстрашныя людзі выдавалі газету.

Дарэчы, на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда», які адкрыецца сёння на выставе СМІ Беларусі, асобны раздзел будзе прысвечаны выданню газеты ў партызанскім краі на Любаншчыне. У чытачоў з'явіцца магчымасць не толькі пачуць пра востраў Зыслаў і журналістаў-патрыётаў, а і пабачыць гэтыя мясціны, дакрануцца да гісторыі стварэння нашай «Звязды» і пераканацца ў тым, што і сёння там захоўваецца памяць аб гераічных справах партызанаў на любанскай зямлі.

Вераніка КАНЮТА,

Фота Яўгена Пясецкага,

 

Любанскі раён.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.