Ноч.


Ноч. На працягу шматлікіх стагоддзяў у чалавечай свядомасці ноч — час, пазбаўлены сонечнага святла, самая загадкавая і таямнічая частка сутак — выклікала страх перад невядомым, сіламі цемры і зла. У той жа час ноч — час адпачынку, аднаўлення сіл, зараджэння новага жыцця на Зямлі: «Прыйшла чорная маці, усіх паклала спаці».

 Сімвалам ночы часцей за ўсё выступала сава, якая сваім крыкам абвяшчала надыход цемры.

 Час, праведзены без сонечнага святла, а на працягу года ён мае пэўнае часавае значэнне, людзі надзялялі як станоўчымі, так і адмоўнымі характарыстыкамі: «светлая» ці «ціхая», «кароткая» ці «доўгая» ноч, «ноч жахаў». Пра тых, хто ажаніўся летам, казалі: «Як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая».

 У традыцыйнай культуры вельмі высокім статусам надзелена калядная ноч. Лічылася, што ў прамежку ад 2 да 5 гадзін раніцы раскрываюцца нябёсы: у гэты час можна прасіць Усявышняга аб пазбаўленні ад невылечных хвароб і здзяйсненні самых запаветных жаданняў.

 Такімі ж былі і адносіны да вадохрышчанскай і асабліва велікоднай ночы, на працягу якой у храмах праводзілася ўсяночнае набажэнства.

 У купальскую ноч — самую кароткую ноч у годзе — людзі шукалі сімвал шчасця, кветку папараці.

 Можа, менавіта таму амаль усе ночы вялікіх народных святаў з'яўляюцца найбольш спрыяльным часам для варажбы самага рознага кшталту, і вядома, перш за ўсё аб сваім сямейным становішчы; для пазбаўлення ад розных хвароб ці аказання дапамогі сваёй гаспадарцы.

 У той жа час менавіта ўначы выконваюцца магічныя дзеянні і абрады, якія могуць прынесці значную шкоду чалавеку.

 У сваю чаргу чалавек звяртаўся па дапамогу шматлікіх рытуальных дзеянняў, атрыбутаў і амулетаў, каб спыніць або нейтралізаваць стыхію цемры і змроку. Самым моцным ахоўным патэнцыялам валодала полымя начнога вогнішча.

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.