Вы тут

Каб стварыць кола чытачоў


У гандлёвых пунктах «Брэстаблсаюздруку» заўсёды было месца кнігам. Яшчэ пяць гадоў таму, калі адкрылі прасторную краму «Сябрына», тут пачалі праводзіць выставы-продажы літаратуры. Першая прайшла пад назвай «Кнігі па даступных цэнах», потым была тэматычная выстава для дзяцей «У гасцях у казкі».

Паступова ў «Сябрыны» склалася сваё кола пакупнікоў — аматараў кнігі. Вопыт названай крамы падхапілі іншыя гандлёвыя пункты. Ён аказаўся запатрабаваны нават у новым, толькі што адчыненым павільёне ў дзіцячай паліклініцы №1 па вуліцы Кіжаватава.

Гэтую лячэбную ўстанову для ўсяго Ленінскага раёна абласнога цэнтра ўвялі ў строй летась. А сёлета, літаральна месяц таму, у паліклініцы прыняў сваіх першых пакупнікоў гандлёвы аб'ект «Брэстаблсаюздруку». Бацькі юных пацыентаў адразу ацанілі зручнасць павільёна. З'явілася магчымасць аблягчыць чаканне ў чарзе чытаннем свежай перыёдыкі альбо кніжнай навінкі. А для дзяцей там прадстаўлены шырокі выбар дзіцячай літаратуры: ад размалёвак для самых маленькіх да прыгодніцкіх твораў, цікавых падлеткам.

Дырэктар прадпрыемства «Брэстаблсаюздрук» Таццяна ЗІНЕВІЧ сказала карэспандэнту «Звязды», што супрацоўнікі прадпрыемства займаюцца кнігай амаль нараўне з перыёдыкай. І цяпер у яго кіёсках і крамах вялікі выбар літаратуры беларускіх выдавецтваў, увага пакупніка звяртаецца на кніжныя навінкі, а таксама на творы мясцовых аўтараў.

Цэлая паліца цікавых кніг з'явілася ў нядаўна адкрытай пасля рэканструкцыі краме ў Іванаве. А хутка расчыніць дзверы новая сучасная крама «Брэстаблсаюздруку» ў Століне. І там разам са свежымі газетамі чытачу абавязкова прапануюць добрую кніжку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.