Вы тут

Па газеты ў кнігарню


Святлана Барысенка ўжо прызвычаілася купляць чарговы нумар «Звязды» ў найбліжэйшай кнігарні. Да шапіка «Магілёўсаюздрук» яшчэ трэба дайсці, а магазін — вунь ён, пад бокам. Настаўніца часта забягае туды набыць нешта карыснае для сваёй працы. І першае, што трапляе на вочы, гэта стэлаж з газетамі і часопісамі. Як не зацікавіцца? Тым больш што ніхто не перашкаджае патрымаць выданне ў руках і нават пагартаць.

1712

— Перыёдыку мы пачалі прапаноўваць 6 гадоў таму, каб у пакупнікоў было больш падстаў наведаць нашы магазіны, — расказвае начальнік аддзела друку арганізацыі «Магілёўсаюздрук» Наталля Стараверава. — Для нас гэта ж дадатковыя грошы. Толькі сёлета за першы квартал мы зарабілі на перыёдыцы больш за 300 мільёнаў — звыш 15 % ад усяго тавараабароту.

Магчыма, людзей, якія спецыяльна ідуць у кнігарню па перыёдыку, і не шмат, але тых, хто ў дадатак да кніг набывае газеты, становіцца больш. У кнігарні «Раніца», што на рагу вуліцы Першамайскай і праспекта Міру мы пазнаёміліся з пенсіянерам Васілём Ігнаценкам. Ён захапляецца краязнаўствам і адсочвае кніжныя навінкі. «Я ніколі не выходжу з магазіна без пакупкі, — усміхаецца мужчына. — Калі грошай на кнігу не хапае, абавязкова куплю нешта з газет. Любімай у мяне няма пакуль, але калі пагартаеш, то нешта карыснае для сябе абавязкова знойдзеш.

— У першую чаргу ў нас, вядома ж, купляюць кнігі, прычым у залежнасці ад сезона, — распавядае загадчыца магазіна «Раніца» Вольга Аляксеева. — Як толькі пачынаецца вучоба, адразу павялічваецца попыт на адпаведную літаратуру. З мастацкіх выданняў часцей набываюць расійскія. Нашы беларускія, безумоўна, добрыя, але каштуюць, мякка кажучы, не танна. А таму мы ўжо прывыклі, што некаторыя нашы патэнцыйныя пакупнікі могуць гадзінамі нешта чытаць. Нават ведаем, каму якая тэматыка падабаецца.

За той час, што крама распаўсюджвае перыёдыку, ужо склалася кола пастаянных наведвальнікаў, якія набываюць газеты і часопісы выключна ў кнігарнях. Іх таксама ўжо ведаюць у твар. Тая ж «Раніца» ў месяц рэалізуе на 17-18 мільёнаў рублёў перыёдыкі. І гэта з улікам таго, што магазін знаходзіцца не на самым бойкім месцы і з пачаткам дачнага сезона пакупнікоў становіцца менш.

Наогул гандлёвых аб'ектаў таварыства «Магілёўсаюздрук» па вобласці 220, з іх 90 — у Магілёве. У першаю чаргу па перыёдыку звяртаюцца, вядома, у шапікі. Але, нягледзячы на песімістычнае меркаванне «ну, хто зараз чытае папяровыя выданні», здараецца, што апошні свежы нумар любімай газеты купілі на вачах.

У кнігарні пакупнікоў прываблівае яшчэ і тое, што тут можна сустрэцца непасрэдна з аўтарамі любімых твораў, з выдаўцамі. А яшчэ ў кніжных крамах перыядычна ладзяцца дзіцячыя святы, якія таксама карыстаюцца вялікім попытам. Дзеці наогул самыя адданыя чытачы, калі іх нечым зацікавіць.

— А я ў апошні час газету толькі праз наш кніжны магазін выпісваю, — пахвалілася адна з пакупніц. — Гэта так зручна. Калі паспець да 25-га чысла, у наступным месяцы гарантавана будзеш з любімым выданнем.

Начальнік аддзела «Магілёўсаюздруку» Наталля Стараверава ўдакладняе, што пакуль такая магчымасць падпіскі ёсць толькі на паўгоддзе. Прычым забраць выданне можна ў любым шапіку ці кніжным магазіне па дарозе.

— У нас гэтай паслугай у першым паўгоддзі скарысталіся больш за 100 прадпрыемстваў і звыш 350 індывідуальных падпісчыкаў, — кажа Наталля Леанідаўна. — Сярод іх ёсць і тыя, каму патрэбна менавіта «Звязда».

Каб яшчэ больш наблізіць газеты і часопісы да чытача, набыта вельмі зручнае абсталяванне для іх выкладкі. Зараз яно ўсталёўваецца ў магілёўскіх кнігарнях.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.