Вы тут

«Тавар» на любую тэму


Святлана Гнаціў на прадпрыемства «Гроднааблсаюздрук» прыйшла 17 гадоў таму. Ёй, маме двух сыноў, спатрэбілася работа з гібкім графікам. Вось і перайшла з магазіна ў кіёск. Думала, што часова, але спадабалася, і цяпер іншую працу шукаць не збіраецца.

6-32

Рабочае месца Святланы Гнаціў і яе маладой супрацоўніцы Крысціны Ткач цяпер знаходзіцца побач з маладзёжным цэнтрам «Гродна». Гэта ўжо не звычайны кіёск, а павільён. Асартымент тавару, што прапануецца кліентам, проста каласальны!

— Некалькі соцень адзінак? — спрабую вызначыць.

— Больш. Дакладную лічбу дае перападлік, але зараз у павільёне, верагодна, да тысячы адзінак рознай прадукцыі, — кажа Святлана Гнаціў.

Калі яна прыйшла прадаўцом у «Гроднааблсаюздрук», тавар на рэалізацыю ў кіёск прывозілі невялікімі пачкамі, а цяпер — цэлымі мяхамі. Зразумела, па максімуме прадстаўлены газеты — мясцовыя, рэспубліканскія, рэкламныя. Вельмі багаты таксама выбар жаночых і мужчынскіх часопісаў — на любы густ. Тут і тэмы здароўя, кулінарыі, садоўніцкія і агародніцкія справы, парады маладым мамам, майстрам-самавукам, будаўнікам, выданні для аматараў аўтамабіляў, радыё і іншай тэхнікі... Шмат прапаноў для дзяцей (напрыклад, па зборцы розных мадэляў), а таксама калекцыянераў. У прыватнасці, можна збіраць калекцыі «Вялікія музеі свету», «Падарожнічай з задавальненнем». Новае друкаванае выданне — часопіс «Армгер» аб беларускай геральдыцы і сімволіцы. Альбо — «Автолегенды», дзе разам з часопісам прапануецца мадэль аўтамабіля.

— Нядаўна заходзіў наш пастаянны кліент, які ўжо купіў усе 109 нумароў гэтага часопіса. Цікавіўся новым паступленнем. Увогуле я думала, што ў сувязі з эканамічным становішчам будзе цяжкавата з рэалізацыяй тавару, але разыходзіцца ён някепска, — зазначае Святлана.

Гэтаму спрыяе, безумоўна, тое, што не памыліліся з размяшчэннем гандлёвага пункта. Месца бойкае — у гістарычным цэнтры горада над Нёманам. Тут шмат турыстаў, якія купляюць сувеніры (выбар даволі багаты), карты горада. Дэфіцыту гэтай прадукцыі, дзякуючы цеснаму кантакту з базай, ніколі не бывае: нешта заканчваецца — адразу ж давозяць.

— Дарэчы, нават ад расіян можна пачуць: «А што ёсць на беларускай мове?» Тады абавязкова прапануем і «Звязду», — кажа Святлана Гнаціў.

Вядома, кліенты бываюць розныя і не заўсёды з пазітыўным настроем. Але і ў гэтым прафесіяналізм работніка: каб не абвастраць сітуацыю, а граматна, тактоўна яе «разруліць». У пэўным сэнсе даводзіцца быць і псіхолагам.

Зрэшты, станоўчых эмоцый ад кантактаў з наведвальнікамі ў Святланы Леанідаўны значна больш:

— Мне падабаецца працаваць з людзьмі: пра нешта даведваешся, ідзе абмен думкамі ... А з пастаяннымі кліентамі ўжо і на асабістыя тэмы пагаворым.

Хаця такой магчымасці можа і не аказацца, бо неадкладная ўвага патрэбна, зразумела, і іншым наведвальнікам павільёна.

Барыс ПРАКОПЧЫК. 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.