Вы тут

Працаваць трэба не на склад


Прэзідэнт патрабуе прыняцця мер па захаванні працоўных калектываў на прадпрыемствах

Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў, прымаючы з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну Шчоткіну, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

«Гэтая праблема больш за ўсё тычыцца міністра прамысловасці. Але хацеў бы і вас папярэдзіць, каб вы ва ўрадзе за гэтым пытаннем паназіралі і ажыццявілі кантроль. У нас на некаторых даволі буйных прадпрыемствах па пэўных прычынах, не буду іх называць, мы ўжо не аднойчы пра гэта казалі, склалася вельмі напружаная сітуацыя, абставіны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы ні ў якім выпадку не павінны дапусціць таго, каб іх, гэтыя прадпрыемствы, страціць. Гэта выключана». «Гэта не значыць, што мы павінны на плячах іх несці, яны павінны працаваць і, я скажу па-народнаму, «укалываць» на поўную катушку, калі хочуць выжыць і захавацца. Але і дзяржава не мае права іх страціць», — сказаў Прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна распачаць комплекс мер. «Але самая галоўная мера, і вы павінны за гэтым сачыць, — захаваць працоўныя калектывы. Крызісы калі-небудзь скончацца, рана ці позна, мы ўжо іх перажывалі не аднойчы, але калі выходзіш з крызісу і на тваю прадукцыю ёсць попыт, а няма рабочага люду, няма рабочага класа, які вырабляў гэтую прадукцыю, тады бяда. Таму любымі спосабамі і сродкамі трэба захаваць працоўныя калектывы, зрабіць усё для таго, каб людзі працавалі. І не на склад», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мае намер у бліжэйшы час наведаць шэраг мінскіх прадпрыемстваў, а таксама ў рэгіёнах.

«Міністру прамысловасці была пастаўлена жалезнае ўмова: захаваць працоўныя калектывы. І калі мы дзесьці там замарозіліся на дадзеным этапе, то на працягу лета (да верасня людзі ж выйдуць з адпачынку) вядома, што ў іх за настрой будзе, вы добра разумееце — ім патрэбна праца, патрэбна зарплата, дзяцей у школу адпраўляць, сям'ю карміць, гэта вельмі важна — усё нармалізаваць, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Таму пытанне нумар адзін — захаваць працоўныя калектывы, а каб іх захаваць, трэба, каб людзі працавалі».

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не тычыцца так званых п'яніц і разгільдзяяў. «Калі яны сёння не разумеюць сітуацыю і працягваюць гэта разгільдзяйства, ім не месца ў працоўных калектывах. Але, зноў жа, я папярэдзіў кіраўнікоў і міністра: пад гэтую катэгорыю асоб заганяць невінаватых людзей катэгарычна забараняю! За гэта адкажа кожны кіраўнік і ўрад у тым ліку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Марыяне Шчоткінай узяць пад кантроль усе пытанні, якія датычацца працоўных калектываў. Ён таксама дадаў, што ў бліжэйшы час правядзе нараду з членамі ўрада і кіраўнікамі прадпрыемстваў па пытанні захавання працоўных калектываў.

Яшчэ адной тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, стала сітуацыя з цэнамі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў канцы мінулага-пачатку гэтага года ў краіне «супакоілі і валютны рынак, і цэны». У той жа час назіраецца павышэнне цэнаў на тавары і паслугі. Паводле слоў Прэзідэнта, гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны, у прыватнасці, рост курсу долара ў адносінах да беларускага рубля.

«Калі назіраецца рост цэнаў па кантраляваных пазіцыях і асабліва ў ЖКГ, яшчэ дзесьці, там, дзе дзяржава павышае кошты, — гэта недапушчальна. Таму што мы зарплату сёння не можам падняць. Чалавеку не патрэбны рост заробкаў, калі не растуць цэны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«І там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост цэнаў, яго трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім: бізнесменам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і ўсім астатнім, што цэны пажадана цяпер не тузаць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заробак будзе расці па меры магчымасці. Ён таксама падкрэсліў, што не прыхільнік яго павышэння напярэдадні выбараў Прэзідэнта.

«Гэта перш за ўсё павінны разумець дзяржслужачыя», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ёсць спробы «выбарачна камусьці каэфіцыент павысіць, камусьці — даплату, зарплату». «Гэта недапушчальна! Я гэта буду лічыць правакацыяй супраць Прэзідэнта, супраць дзеючай улады. Гэтага быць не павінна! Да ўсіх павінен быць падыход аднолькавы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб павышэнні заработнай платы дзяржслужачым, падкрэсліўшы, што ўсё павінна быць увязана з работай эканомікі, прамысловасці.

Марыяна Шчоткіна далажыла аб становішчы на шэрагу прадпрыемстваў, па якіх арганізуецца маніторынг у Мінпрацы і сацабароны (760 прадпрыемстваў). Паводле яе слоў, у сувязі з аптымізацыяй за першы квартал звольнена па скарачэнні кадраў 1800 чалавек, 11200 чалавек — за прагулы. Міністр падкрэсліла, што ў праграме занятасці закладзена сума ў Br244 млрд на магчымасць апераджальнага перанавучання кадраў у выпадку, калі яны падлягаюць скарачэнню.

Прэзідэнт цікавіўся, як ідзе праца па прызначэнні сямейнага капіталу. Па словах міністра, па сямейны капітал звярнуліся 1857 сем'яў, работа ідзе ва ўстаноўленым парадку па адпрацаваным алгарытме дзеянняў.

Кіраўніку дзяржавы таксама даложана аб своечасовай выплаце ўсім ветэранам матэрыяльнай дапамогі да 70-годдзя Перамогі. Выплаты рабіліся з 1 красавіка па 1 мая.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.