Вы тут

Перспектывы ўзаемадзеяння


Якія цікавыя нюансы можна звязаць з дзяржаўным візітам старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Рэспубліку Беларусь, які чакаецца ў найбліжэйшыя дні?

Варта адзначыць, што гэта першы візіт лідара Кітая ў Рэспубліку Беларусь, які ажыццяўляецца ў кантэксце еўразійскай інтэграцыі, таму што перад прыездам старшыні КНР у нашу краіну ён таксама наведае Казахстан і Расію. Такім чынам, створаны з першага студзеня гэтага года Еўразійскі эканамічны саюз ужо набывае важнае значэнне для наладжвання супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, у тым ліку такімі важнымі ўдзельнікамі сусветнай эканомікі, як Кітай.

6-44

Другім вельмі важным аспектам візіту можна лічыць той факт, што ўпершыню ён будзе прысвечаны рэалізацыі вельмі сур'ёзнай канцэпцыі, агучанай Пекінам у 2013 годзе і намечанай да рэалізацыі на еўразійскім кантыненце. Гаворка ідзе пра канцэпцыю эканамічнага пояса Шаўковага шляху, якую прэзентаваў асабіста старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас візіту ў Казахстан у 2013 годзе. Яе сутнасць у тым, што Кітай выступіць спонсарам сур'ёзных інвестыцыйных праектаў, якія будуць паляпшаць лагістыку і іншыя сферы эканомікі (прычым так далёка, наколькі гэтага пажадае краіна, якая ўдзельнічае ў праекце) на шляху спрадвечных маршрутаў Шаўковага шляху, што існаваў у старажытнасці. Значнасць эканамічнага пояса заключаецца ў пераадоленні «вузкіх месцаў» на шляху гандлю і інвестыцый паміж краінамі — удзельніцамі праекта, што, безумоўна, зацікавіць большасць патэнцыяльных удзельнікаў новай кітайскай ініцыятывы.

Беларускаму боку праект таксама цікавы, паколькі нашай краіне неабходна павышаць даходы ад свайго геаграфічнага становішча. Яго слабым бокам з'яўляецца адсутнасць выхаду да Сусветнага акіяна, што выклікае неабходнасць карыстацца марскімі партамі суседніх краін для развіцця таваразвароту з аддаленымі краінамі. Моцным — цэнтральнае становішча ў Еўропе, якое прынясе сур'ёзныя выгады ў выпадку высокіх тэмпаў развіцця камунікацыйных каналаў праз тэрыторыю Беларусі. Але, на жаль, у папярэднія гады прыцягненне інвестыцый на гэтыя мэты ажыццяўлялася яўна недастатковымі тэмпамі. Наша эканоміка аб'ектыўна мае патрэбу ў новых сучасных шасэйных дарогах і чыгунках, якія палепшаць магчымасці па хуткасным перамяшчэнні людзей і грузаў па беларускай тэрыторыі як важнай частцы еўразійскага кантынента.

Развіццё кантынентальных камунікацый праз тэрыторыю Беларусі непазбежна павысіць і прывабнасць інвестыцый у іншыя сектары эканомікі Беларусі. Нягледзячы на адсутнасць выхаду да Сусветнага акіяна, у краіну можна будзе хутка і нядорага дастаўляць сыравіну і камплектуючыя з розных частак Еўразіі, а таксама танна экспартаваць гатовыя тавары на іншыя рынкі. Гэта, безумоўна, палепшыць інвестыцыйную прывабнасць беларускай эканомікі ў цэлым.

Таксама Беларусі неабходна прыцягненне знешніх інвестыцый і замежнай валюты для ўмацавання пазіцый беларускага рубля. Праект эканамічнага пояса дае і першае, і другое.

Важным пазітыўным фактарам стане павелічэнне ролі юаня ў беларускай фінансавай сістэме. Гэта дае дадатковыя гарантыі бяспекі ў выпадку праблем з прыцягненнем дамінуючых у ёй еўра, долараў і расійскіх рублёў.

Не варта забываць і пра паветраны складнік маршруту. Новыя заказы атрымае Нацыянальны аэрапорт «Мінск», пачнуць актыўна развівацца грузавыя паветраныя зносіны, новы шанц атрымаюць рэгіянальныя аэрапорты ў розных кутках Беларусі.

Услед за кітайскімі інвестыцыямі ў інфраструктурныя праекты прыйдуць страхавальнікі, лагістычныя кампаніі, фінансавыя структуры. Усе гэтыя сектары эканомікі ў Беларусі недастаткова развітыя, і ў рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху атрымаюць сур'ёзны імпульс да развіцця.

У рамках новага праекта КНР Кітайска-беларускі індустрыяльны парк становіцца з адзінокага праекта ў асобна ўзятай еўрапейскай краіне важнай часткай эканамічнага пояса Шаўковага шляху, што прыцягне ў яго дадатковых інвестараў, не толькі кітайскіх. А значнасць гэтага парка для мадэрнізацыі беларускай эканомікі зробіць яго адным з самых прыярытэтных праектаў па мадэрнізацыі эканомікі ў найбліжэйшыя гады.

Важны імпульс да развіцця атрымае ўязны турызм у Беларусі. Грамадзяне краін Еўразіі змогуць лягчэй і танней патрапіць у Беларусь і даўжэй затрымлівацца на тэрыторыі нашай краіны. А гэта, як паказвае практыка, пацягне развіццё сумежных сектараў эканомікі і рост таваразвароту.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.