Вы тут

Даступных крэдытаў на жыллё не будзе


Прынамсі, пакуль інфляцыя не дойдзе да адназначных паказчыкаў

Пра гэта заявіў падчас прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур. Адказваючы на пытанне пра неадпаведнасць нашых «іпатэчных» ставак узроўню прапаноў суседзяў (напрыклад Польшчы, Расіі), кіраўнік Нацбанка падкрэсліў неабходнасць «адказнай збалансаванай палітыкі» і нізкай інфляцыі.

6-43

У 2020 годзе — 5%?

«Вас не вельмі задаволіць мой адказ, — пачаў Павел Калаур. — Для таго, каб у нас былі стаўкі па іпатэчных крэдытах такія, як у Польшчы, трэба забяспечыць тую макраэканамічную стабільнасць, якая ёсць у эканоміцы гэтай краіны. Прычым забяспечыць на доўгі перыяд часу. На жаль, апошнія пяць гадоў пра гэта казаць нельга, бо мы бачылі нават гіперінфляцыю. Для таго, каб выйсці на больш нізкі ўзровень працэнтных ставак па крэдытах на жыллё, трэба выйсці на адназначныя лічбы па інфляцыі. Мы для сябе прагназуем базавую інфляцыю ў наступным годзе на ўзроўні не больш за 9%. У пяцігадовай праграме закладзены ўзровень інфляцыі, на які мы павінны выйсці да 2020 года — не больш за 5%. Нашы суседзі, Расійская Федэрацыя, прагназуе 4% ужо ў 2018 годзе. А для гэтага патрэбна адказная збалансаваная палітыка. У найбліжэйшы час іпатэчных крэдытаў, як у Польшчы, у нас не будзе. Яны могуць быць толькі пры ўмове льгатавання працэнтных ставак праз бюджэт».

На даўгі хопіць

Пры гэтым, як кажа Павел Калаур, галоўная мэта дзейнасці Нацбанка — якраз падтрыманне цэнавай стабільнасці, захаванне пакупніцкай здольнасці насельніцтва. «Нізкая інфляцыя забяспечвае прадказальныя ўмовы, а гэта вельмі важна для інвестараў. Гэта ж вядзе і да зніжэння працэнтных ставак на крэдытным рынку». Нагадаем, што інфляцыя за квартал склала 4,9%. «Гэта адпавядае нашым прагнозным ацэнкам. За тры тыдні красавіка — каля 0,5%. Калі макраэканамічныя ўмовы ў цэлым будуць захаваны на сённяшнім узроўні, то мы ў стане забяспечыць тэмпы росту цэн у межах зададзеных параметраў. Нават па ніжняй мяжы — 16%», — сказаў кіраўнік Нацбанка.

«Мы вызначылі на бягучы год грашова-крэдытную палітыку як манетарнае таргетаванне. Іншымі словамі, мы кантралюем эмісію. Вызначана, што прырост шырокай грашовай масы павінен быць не большым за 30% у год. Аднак гэта не значыць, што эканоміка не атрымае патрэбных грашовых рэсурсаў». Дарэчы, Павел Калаур сцвярджае, што для выканання сваіх абавязацельстваў ва ўрада дастаткова рэсурсаў і ніякіх праблем не ўзнікне. «Разам з тым, каб не дапусціць змяншэння фінансавання эканомікі і яшчэ большага зніжэння ўнутранага попыту ва ўмовах спаду эканамічнай актыўнасці, мы з урадам шукаем інвестараў».

Дамоўленасці з АКФ ЕўрАзЭС

Перамовы Беларусі і Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС аб новай краінавай праграме знаходзяцца на пачатковай стадыі. Бакі на экспертным узроўні абменьваюцца падыходамі, у тым ліку ў частцы памеру магчымага крэдыту, расказаў Павел Калаур. У 2011 годзе Савет АКФ ЕўрАзЭС ухваліў выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту ў памеры 3 млрд долараў.

Што тычыцца новай пазыкі, то сума, па словах Паўла Калаура, пакуль не вызначана. Не выключана, што яна будзе меншай за 3 млрд. «Канчатковае рашэнне будзе прымацца, зыходзячы з магчымасцяў фонду і патрэб Беларусі».

Рэзервы падраслі

«У найбліжэйшы час мы пяройдзем да палітыкі, пры якой курс будзе фарміравацца па прынцыпе двайнога аўкцыёну для таго, каб зняць усялякія домыслы з боку эканамічных агентаў. Мы б хацелі, каб наша курсавая палітыка была празрыстай», — заявіў кіраўнік Нацбанка. Пры гэтым Павел Калаур сцвярджае, што рэгулятар не праводзіў у 2015 годзе валютных інтэрвенцый для падтрымання курсу нацвалюты. Ён падкрэсліў, што курс, які склаўся на гэты момант, адлюстроўвае справядлівы кошт беларускага рубля, сфарміраваны зыходзячы з попыту і прапановы. «За красавік у нас нават ёсць прырост рэзерваў прыкладна на 10 млн долараў. На 1 мая золатавалютныя рэзервы склалі 4,6 млрд долараў». Нацбанк згладжвае кароткатэрміновыя ваганні курсу беларускага рубля, мінімальна выкарыстоўваючы для гэтага золатавалютныя рэзервы, падкрэсліў Павел Калаур.

Укладчыкі атрымліваюць грошы

Па апошніх звестках, прынята каля 9 тысяч заяў ад фізічных асоб, абавязацельствы Дэльта Банка перад якімі складаюць каля 97% ад агульнага аб'ёму. Выплачана 98% абавязацельстваў у беларускіх рублях, 91% — у доларах і 90% ад абавязацельстваў у еўра. «Выкананне абавязацельстваў перад юрыдычнымі асобамі залежыць ад таго, ці будзе дастаткова актываў Дэльта Банка», — дадаў Павел Калаур.

Між іншым, Вярхоўны Суд Беларусі 18 мая разгледзіць пытанне аб банкруцтве ЗАТ «Дэльта Банк». «Ліцэнзія ў яго была адклікана з-за таго, што ў справаздачнасці не было адлюстравана абцяжаранне замежных актываў банка. Гэтае абцяжаранне — забеспячэнне па крэдытах, выдадзеных трэцім асобам», — растлумачыў старшыня праўлення Нацбанка. Павел Калаур дадаў, што цяпер адпаведныя матэрыялы разглядаюць праваахоўныя органы — на прадмет падачы недакладнай справаздачнасці і перавышэння паўнамоцтваў службовымі асобамі Дэльта Банка.

Ключавую стаўку могуць знізіць

Зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў Беларусі залежыць ад макраэканамічнай сітуацыі, паведаміў Павел Калаур. Сёлета яна запланавана на ўзроўні 23-25%. Сёння стаўка складае 25%. «З улікам нашых прагнозаў яна павінна зніжацца».

«Паказчыкі Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на бягучы год актуалізаваны, — удакладніў кіраўнік Нацбанка. — Забяспечваць прадугледжаны раней ўзровень стаўкі рэфінансавання ў 15-16% у цяперашніх умовах немэтазгодна. Мы павінны вельмі ўзважана падыходзіць да працэнтнай палітыкі з улікам прыярытэтных задач. А прыярытэтам з'яўляецца зніжэнне інфляцыі».

Новыя паўнамоцтвы

Нацбанк да канца бягучага года можа стаць рэгулятарам страхавога рынку Беларусі. Павел Калаур распавёў, што рыхтуецца праект дзяржаўнага рашэння, згодна з якім функцыі рэгулятара сферы страхавання і рынку каштоўных папер будуць перададзены ад Міністэрства фінансаў да Нацбанка. Дакумент ужо накіраваны для абмеркавання ў зацікаўленыя ведамствы. «Мы гатовыя да выканання гэтых функцый, паколькі маем досвед рэгулявання іншых фінансавых інстытутаў», — сказаў старшыня праўлення Нацбанка.

Нагадаем, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу паставіў задачу задзейнічаць усе сегменты фінансавага рынку — страхавы сектар, рынак каштоўных папер, інвестыцыйныя фонды, мікрафінансавыя і лізінгавыя арганізацыі, пазабіржавы рынак «Форэкс» і гэтак далей. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць забяспечыць належны кантроль з боку дзяржавы, усклаўшы функцыі мегарэгулятара ў гэтай сферы на Нацбанк.

ЕБРР набудзе чвэрць акцый Белінвестбанка?

Павел Калаур заявіў пра такі намер Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Па яго словах, адпаведны мемарандум можа быць падпісаны 14-15 мая на штогадовых пасяджэннях ЕБРР. Згодна з дакументам, ЕБРР можа набыць 25% акцый Белінвестбанка, каб сумесна з урадам і Нацбанкам завяршыць перадпродажную падрыхтоўку. Наступным этапам, як адзначыў старшыня праўлення Нацбанка, можа стаць «адчужэнне акцый — і гэтых 25%, і дадатковых — стратэгічнаму інвестару».

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця створаны ў 1991 годзе і з'яўляецца найбуйнейшым інвестарам у рэгіёне. Акрамя выдзялення сваіх сродкаў, прыцягвае значныя аб'ёмы прамых замежных інвестыцый.

Нагрузка за працэнты

З 1 чэрвеня плануецца ўвесці дадатковую нагрузку на беларускія банкі, якія падтрымліваюць неабгрунтавана высокія працэнтныя стаўкі на дэпазітна-крэдытным рынку. На дадзены момант Нацбанк сумесна з банкаўскай супольнасцю адпрацоўвае метадалогію новаўвядзення. «Падыходы ў цэлым прынятыя, але хацелася б, каб усё было выверана», — сказаў Павел Калаур. «Мы б хацелі, каб умовы, якія прапануюць банкі, былі празрыстымі для кліентаў, — адзначыў кіраўнік Нацбанка. — У канкрэтнага банка няма неабходнасці істотным чынам адрывацца ад рынку пры правядзенні дэпазітна-крэдытнай палітыкі. Калі ён гэта робіць, значыць, у яго ёсць праблемы, якія павінны быць вядомыя не толькі Нацбанку, але і грамадскасці».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».