Вы тут

Шлях да Абая


На сайце нашага Выдавецкага дома, віртуальную прэзентацыю якога мы наладзілі падчас выставы «СМІ ў Беларусі», у раздзеле «Сугучча», прысвечаным літаратурам народаў СНД, ёсць асобная спасылка «Абай крочыць па планеце». Такая ўвага да слыннага прадстаўніка казахскай літаратуры невыпадковая: сёлета 175-годдзе паэта.

6-35

Для лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага, вядомага перакладчыка паэзіі іншых народаў на беларускую мову, Абай — адзін з улюбёных ім паэтаў. Кніга пераствораных М. Мятліцкім на беларускую мову вершаў Абая называецца «Стэпавы прастор». Пра тое, як складваўся гэты творчы праект, — наша гутарка з Мікалаем Міхайлавічам.

— Што стала першаштуршком да работы над перакладамі паэзіі Абая Кунанбаева?

— Можна сказаць, нечаканы абавязак. Наша таварыства дружбы і культурнай сувязі з зарубежнымі краінамі (сталічны Дом дружбы), членам прэзідыума праўлення якога я з'яўляюся, ладзіла літаратурны вечар, прысвечаны творчасці Абая Кунанбаева. Мне выпала весці гэтае літаратурнае мерапрыемства. Памятаю тое хваляванне, з якім рыхтаваўся, бо на вечарыне меўся прысутнічаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан. Паглыбіўся ў жыццёвы і творчы шлях вялікага казахскага паэта, пачынальніка сучаснай казахскай літаратуры. А ў завяршэнне — прачытаў ва ўласным перакладзе верш Абая «Калі змоладу гонар бярог...» Як кажуць, паэту ад паэта! Відаць, чытаў дужа натхнёна, бо пасол прапанаваў усур'ёз заняцца перакладамі Абая, выказаў упэўненасць, што ў мяне гэта абавязкова атрымаецца. Да глыбіні душы кранула, што Анатоль Васільевіч Смірноў, па нацыянальнасці рускі чалавек, вельмі любіць і цэніць творчасць Абая і робіць усё магчымае для яе папулярызацыі. Таму ахвотна паабяцаў падрыхтаваць падборку перакладаў для часопіса «Полымя». З гэтага, можна сказаць, усё і пачалося.

— Знаёмства з паэзіяй Абая як перакладчык вы пачалі з падрадкоўнікаў, зробленых Кайратам Бакбергенавым — цікавым паэтам і перакладчыкам з Казахстана. Вы імкнуліся захаваць літаральна кожнае слова Абая, пераўвасабляючы падрадкоўнік у паэтычны пераклад? Ці ўсё ж дазвалялі сабе вольнасці? «Дакладнасць» і «вольнасць» — дзе іх межы?

— Перш-наперш я задумаўся над тым, што бяруся перакладаць паэта ўжо суверэннага Казахстана. І гэта надало жадання здабыць самыя дакладныя падрадкоўнікі — убачыць усю зместавую сутнасць паэта, адчуць яго рытм — сэрцабіццё, яго жывое дыханне. І мне тут надзвычай пашанцавала. У Казахстане, як высветлілася, ёсць не толькі Саюз пісьменнікаў, але і Саюз перакладчыкаў. А яго старшыня Кайрат Бакбергенаў, вядомы паэт і перакладчык, даўно падрыхтаваў даслоўныя рускамоўныя падрадкоўнікі, якія неўзабаве і апынуліся ў мяне на стале. З гэтых падрадкоўнікаў перакладаюць Абая сёння па-новаму і ў Расіі, і ў былых саюзных рэспубліках — ужо без юбілейнай паспешлівасці, удумліва і засяроджана, даходзячы да кожнага слова, з той творчай адказнасцю, што перад табой не толькі бессмяротныя радкі вершаў, а ў еднасці сваёй, сутнаснай паўнаце яны — духоўны падмурак цэлае нацыі. Прачытаўшы і падрадкоўнікі, і пераклады, што трапіліся ў рукі, я зразумеў, кім і чым з'яўляецца для братняга казахскага народа Абай Кунанбаеў. Яго духоўнай велічы і моцы ставала і стае, каб сказаць цэламу свету пра свой народ і свой край. Таму палічыў неабходным даць Абаю магчымасць застацца самім сабой, не паніжаць або павышаць яго голас, не падмяняць адсябечынай ім прамоўленае. За вялікім паэтам перакладчык ступае ўслед, не ідзе нават збоку, тым больш паперадзе. Ты даеш права паэту быць тым, хто ён ёсць. Гэта не ты, а ён гаворыць з тваім народам. І ты, перакладчык, сваёю мовай дай яму той «мікрафон», каб яго пачулі ва ўсіх кутках тваёй Айчыны. Пры перакладзе абсалютнай дакладнасці, на жаль, не бывае. Але сутнаснай дакладнасці ўсё ж дасягаеш — ствараеш не свой, а ягоны мастацкі свет па ўсіх законах паэтыкі.

— Абай Кунанбаеў — тая велічыня, мастацкая з'ява, якая заўважана многімі літаратурамі свету. На рускую мову Абая перакладалі Усевалад Раждзественскі, Сямён Ліпкін, Марыя Пятровых і шмат хто яшчэ. Актыўна перакладалі Абая і ва Украіне — Б. Сцепанюк, В. Забаштанскі, С. Йовенка, С. Цяльнюк, В. Каламіец. Ды і ў іншай славянскай прасторы яго добра ведаюць. Вось бы рэалізаваць такую ідэю — выдаць у адной кнізе вершы Абая на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах! Хіба гэта не падстава для творчай, мастацкай еднасці?!.

— Упэўнены, што на любой мове свету Абай будзе блізкі і зразумелы кожнаму сапраўднаму чалавеку. Вялікі казахскі паэт прамаўляе тое таемна-сутнаснае, сваё, што сугучна кожнаму чалавечаму сэрцу, якое прагне вольнага ўзлёту. Вершы паэта як толькі што створаныя, росна-свежыя. Іх метафарыстычны лад вабны, гучанне гуманістычнае, а нацыянальныя фарбы прыдаюць своеасаблівую адметнасць. Вандруючы абсягамі паэтычнага свету, адкрыўшы раней для сябе многіх паэтаў іншых народаў, вы раптам трапляеце ў дзівоснае бязмежжа стэпавага прастору з яго захапляльнымі, непаўторнымі карцінамі. Абай адкрывае вам не толькі і столькі геаграфічныя дзівосы — пад сонцам яго паэзіі жывуць мужныя простыя людзі, са сваімі радасцямі і засмучэннямі, з чарадой звыклых жыццёвых клопатаў. Яны жывуць гэтак, як жылі іх дзяды і прадзеды, імкнуцца да лепшае долі. І як вогнік цюльпана са збітага капытамі долу, вырастае жаданне паэта адкрыць перад сваім народам новыя гарызонты — паспрыяць творча яго духоўнаму ўзлёту.

На многіх мовах гучаць сягоння бессмяротныя вершы Абая. Думаю, яго паэзія прывабіць і захопіць яшчэ многіх перакладчыкаў у самых розных краінах. А тое, што зроблена ў нашым усходнеславянскім свеце, вартае быць паяднаным пад вокладкай у трыгуччы беларускай, рускай і ўкраінскай моў.

— Многія даследчыкі адзначаюць, што асабліва вялікую цяжкасць уяўляе перадача думак Абая, якія адлюстроўваюць гістарычныя асаблівасці жыцця казахскага народа мінулай эпохі. Ці адчувалі вы гэтыя цяжкасці?

— Абай з тых паэтаў, хто ўзваліў на сябе нялёгкую ношу. Падставіць пад яе плячо — хаця б адчуць увесь цяжар на некалькі крокаў — задача для перакладчыка даволі адказная. Аднак для таго і існуе ўласны перакладчыцкі вопыт, каб ім карыстацца. На пачатку перакладчыцкай дзейнасці, скажу шчыра, за гэтую працу пабаяўся б узяцца. Абая перакладаў у тым узросце, у якім ім самім пісаліся самыя сталыя вершы. Гэты ўзроставы кантакт даваў магчымасць мудра засяродзіцца. Як акын, чухаючы белую бараду, паўтараў за Абаем яго мудраслоўі на роднай мове, шукаючы самыя трапныя адпаведнікі. Азіраў зрокава яго стэп, вітаў творчыя раніцы каля казахскіх юртаў. Бачыў, як лёсава судакранаецца тагачаснае жыццё казахаў з нашым беларускім — імкненнем да лепшае долі. І гэта творчае шчасце: занава перадумаць тое, чым жыў сапраўдны Паэт, што ён хацеў данесці сваім суайчыннікам і ўсяму свету. Я прыйшоў да яго якраз з шырот гэтага свету, таму з непрытоенай увагай стараўся пачуць яго кожную думку, акрэсліць яе словам родным.

— Усе даследчыкі (асабліва — казахскія літаратура-знаўцы) падкрэсліваюць афарыстычнасць паэзіі Абая. У гэтым выяўляюцца і традыцыі ўсходняй паэзіі ўвогуле. Ці хапіла Вам нашых беларускіх мастацкіх рэсурсаў для перадачы гэтай адметнасці паэзіі Абая?

— Сапраўды, паэзія Усходу мае афарыстычную акрасу. І ў гэтым вялікая ступень яе агульнапрызнанай мудрасці. Мы часта з тае або іншай нагоды цытуем рубаі перса Амара Хаяма, якім ужо амаль тысяча гадоў і якія ведаем як сучасны фальклор. Мне асабіста ў перакладчыцкай працы давялося судакрануцца з паэзіяй многіх краін Усходу — Азербайджана, Арменіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Турцыі, Грузіі, Індыі, Кітая, Паўднёвай Карэі і інш. Якраз і вабіць адметны афарыстычны і метафарычны свет гэтай паэзіі. І сапраўды Усход — справа тонкая. Ён як бы правярае цябе на чалавечую вартасць.

І цяпер я часам бяру ў рукі «Стэпавы прастор» Абая, каб яшчэ раз мудра прамовіць сабе самому словамі паэта: «Калі ў ручай ступіў баран — вадзе тлусцей не стаць,/ І смешна нам, як стане воўк наспех яе хлябтаць./ Як гэты воўк, гляджу наўкруг — нічога не відаць./ Няўжо прасторны гэты свет мне думкай не абняць?» Або: «Было — і ў табе палымнеў агонь/ Адважных і смелых юнацкіх год./ Жаданняў тваіх шпарканогі конь / Скакаў і ніякіх не чуў перашкод». Пагодзішся з Абаем, падзякуеш у думках за мудры падказ.

А мастацкіх рэсурсаў у нашай роднай мове хапае, каб ва ўсіх фарбах перадаць афарыстычнасць паэзіі Усходу, у тым ліку і вершаў казахскага паэта. У нас, беларусаў, самыя значныя афарыстычныя вышыні ўзяў у творчасці, вядома ж, Максім Танк.

— Ці ёсць у вашых далейшых планах жаданне звароту да новых перакладаў казахскай паэзіі?

— У апошнія гады значна ўзмацніліся нашы творчыя кантакты з Казахстанам, якія, на шчасце, ніколі не перарываліся. Гэта і сумесныя «круглыя сталы», і сустрэчы на Днях пісьменства, і ўдзел у міжнародных кніжных выстаўках. Жаданне ісці насустрач адзін аднаму агульнае ў Саюзах пісьменнікаў нашых краін. Нашы творчыя ініцыятывы падтрымліваюцца і пасольствам Казахстана ў Беларусі. Мне неаднаразова даводзілася сустракацца з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ергалі Булігенавым. Гісторык па адукацыі, ён вельмі ўважліва ставіцца да падобных літаратурных кантактаў. Па запрашэнні часопіса «Полымя» і пасольства Казахстана ў пазамінулым годзе Мінск наведаў вядомы паэт і дзяржаўны дзеяч Алжас Сулейменаў. Адбыўся яго трыумфальны літаратурны вечар у сталічным Доме літаратара. Ужо выспела творчая магчымасць абмяняцца новымі анталагічнымі выданнямі — і ў паэзіі, і ў прозе.

Акрамя Абая, на беларускую мову пераклаў вершы Нурлана Аразаліна і Алжаса Сулейменава (піша па-руску). Жадаў бы ад Кайрата Бакбергенава атрымаць падрадкоўнікі твораў вядомых сучасных казахскіх паэтаў — перакласці на беларускую мову таленавітых наступнікаў вялікага Абая.

литературный портал стран СНГ

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.