Вы тут

«Усё дзеля перамогі...»


Сербы прапанавалі сябрам сваё адчуванне вайны і міру

Музычнае адчуванне — праз савецкія песні пра вайну. Іх аб'яднаў спектакль «Белыя журавы», пастаўлены Іванай Жыгон, актрысай і рэжысёркай. Песні гэтыя яна з дзяцінства ведае ад таты, таксама чалавека творчага, тэатральнага, які вучыўся ў Ленінградзе. І гэтыя песні прагучалі ў Сербіі летась, калі там упершыню быў прадстаўлены гэты спектакль. Але цяпер аўтарка вырашыла: да 70-годдзя Перамогі яго павінны ўбачыць менавіта ў Беларусі. Не проста так яна гэта вырашыла, ёсць для гэтага сур'ёзная прычына. Яна ў слове «перамога», якое тут з года ў год толькі ўзмацняе свой сэнс і напаўняецца асаблівымі значэннямі. Тым больш сёлета. Яна гэта разумее.

Івана Жыгон — вельмі актыўны чалавек, да сваіх творчых спраў яна можа дадаць грамадскія, якія выконвае ў якасці старшыні таварыства сербска-рускай дружбы. Але насамрэч яна прызнаецца, што шчыра любіць Беларусь. Гэта яна аднойчы ўжо засведчыла ў фільме «Зямля пад белымі крыламі», які выйшаў крыху больш за 10 гадоў таму. Тады краіну яна пазнавала праз асобу — яе Прэзідэнта, які ў цяжкі для Сербіі час на крылах братэрскай любові ляцеў у Бялград, не спалохаўшыся бамбардзіровак. І краіна, і асоба выклікалі ў маладой сербкі шмат пачуццяў, якія яна не ўтойвала: жанчына ёсць жанчына, ёй можна сябе не стрымліваць у эмоцыях. Асабліва, калі эмацыйнасць працуе на ідэю.

І вось Івана Жыгон вярнулася. Не проста так, а з чарговым творчым праектам, які ў 2015 годзе зноў працуе на ідэю. Яна сама звярнулася да кіраўніцтва нашай краіны з просьбай паказаць у Мінску свой спектакль, прысвечаны Перамозе. 5 мая на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра быў прадстаўлены гістарычны мюзікл (як вызначыла жанр сама аўтарка) «Белыя журавы», дзе сербскія артысты зліліся з беларускімі, дзе ёсць ролі сербаў і савецкіх салдат, дзе аўтарка звяртаецца да паняццяў «радзіма» і «свабода», дзе на сцэну выходзяць ветэраны, і сучасныя хіпхоперы, і хлопцы на роліках. Усіх яднае адна тэма. А сам праект павінен яшчэ больш паяднаць братнія народы, як з'ядналіся ў адну гісторыю старыя савецкія песні ў сцэнарыі Іваны. І словы яе гучалі, як песня:

— Яшчэ з дзяцінства я любіла песні Вялікай Айчыннай вайны. У нас з 1948 года не святкаваўся дзень Перамогі: Ціта пасварыўся са Сталіным, таму, калі я была маленькая, гэтае свята ў нас не было самым галоўным. Адзначалі дзень вызвалення Бялграда. Таму я падумала, што трэба нагадаць, і ўзялася за гэтую працу спачатку сама. Тое, што стаяла ўнутры, доўга расло, хацелася гэта выказаць. Мой тата сказаў бы, што ўжо дзеля гэтага варта было жыць. І варта было прыехаць з гэтым у Мінск. Таму што Беларусь лепш за іншых захавала памяць пра страты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Усе бачаць, што цяпер творыцца ў свеце, а Беларусь — стрыжань славянскага свету, паказвае, што магчыма жыць у парадку і міры.

У нас наогул шмат што магчыма, і напэўна, Іване Жыгон ёсць яшчэ чаму здзіўляцца ў Беларусі. Мы ўмеем здзіўляць іншых глыбінямі беларускага характару. Што 70 гадоў таму, што цяпер. Перамогу мы ўмеем святкаваць так жа, як некалі ўмелі за яе пастаяць. Перамогай можам ганарыцца. Услаўляць тых, хто здабыў яе. Як і славіць тых, дзякуючы каму можам так стабільна святкаваць, паўтараючы салодкае слова «Перамога». І яно так глыбока ў свядомасці, што становіцца часткай асабістага свету, ператварае звычайнага чалавека ў палымянага патрыёта. Які беларус без адчування перамогі? Слова гэтае ў 2015-м гучаць будзе часта: год асаблівы. Год, калі зноў ёсць нагода разгадваць таямніцу беларускай душы. Івана Жыгон магла б стаць аўтаркай яшчэ аднаго фільма. І хто ведае, можа, якраз у гэтыя дні атрымае новае натхненне?..

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.