Вы тут

Новыя магчымасці Шаўковага шляху


Што такое эканамічны пояс Шаўковага шляху? Адказ на гэта пытанне лепш за ўсё пачуць у самім Кітаі, дзе наш карэспандэнт і сустрэўся з загадчыцай аддзела Інстытута Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Кітайскай Акадэміі грамадскіх навук прафесарам Чжао Хуэйжун і задаў ёй некалькі пытанняў.

— Спадарыня прафесар, ідэя нарадзілася ў Кітаі...

— Так, старшыня КНР спадар Сі Цзіньпін агучыў гэты праект у 2013 годзе, у верасні. Калі коратка, то саму ідэю можна ахарактарызаваць як стратэгічны план дзяржаўнага развіцця Кітая, а таксама Кітая ў супрацоўніцтве з краінамі Еўропы і Азіі, уключаючы Беларусь.

— Ці не будзе насіць такое аб'яднанне палітычны характар?

— Ужо сама цэнтральная ідэя гэтага плана — стымуляванне стабільнасці і росквіту краін праз міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

— Гэта значыць, эканоміка вышэй за ўсё?..

— Старшыня КНР Сі Цзіньпін сваю прамову ў верасні 2013 года ў Назарбаеў Універсітэце ў Казахстане невыпадкова назваў наступным чынам: «Развіццё дружбы народаў, стварэнне светлай будучыні». Тады і стратэгію наш кіраўнік выклаў: «Для таго, каб умацаваць эканамічныя сувязі паміж краінамі Еўразіі, паглыбіць узаемнае супрацоўніцтва, пашырыць магчымасці для развіцця, мы можам стварыць інавацыйную мадэль супрацоўніцтва — разам пабудаваць эканамічны пояс Шаўковага шляху, паступова сфарміраваць шырокі пояс рэгіянальнага супрацоўніцтва».

— Усяго плануецца ў эканамічны пояс уключыць каля 40 краін. Беларусь не згубіцца сярод многіх партнёраў Кітая?

— На мой погляд, у вас выключнае для рэалізацыі гэтай ідэі геапалітычнае, геаграфічнае становішча. Беларусь знаходзіцца на шляху з Азіі ў Еўропу і з Еўропы ў Азію. І гэта нельга не ўлічваць. Але гэта не адзіны прывабны складнік партнёрства з Беларуссю. Кітайскі бок адзначае, што нараўне з транспартнымі перавагамі, здольнасцю мудра выстраіць лагістыку, ваша краіна прываблівае чалавечым фактарам. Вы гатовы рэалізаваць любыя праекты — для гэтага ёсць высокаадукаванае інтэлектуальнае грамадства, сур'ёзны навуковы патэнцыял. Ваш Прэзідэнт, палітыка, якая праводзіцца пад яго кіраўніцтвам, выступаюць палітычным гарантам разумнага выкарыстання інвестыцый. Нам па душы фінансавы, эканамічны клімат у вашай краіне.

— Спадарыня Чжао Хуэйжун, у Беларусі ствараецца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі Камень». Што б вы сказалі пра гэты праект, пра перспектывы яго развіцця?

— Наша краіна ўжо стварыла шэраг такіх індустрыяльных паркаў у іншых дзяржавах. Прыемна, што і Беларусь уключана ў гэты працэс. І асабліва прыемна, што ідэя такога эканамічнага партнёрства рэалізуецца менавіта цяпер. Бо парк будзе садзейнічаць стварэнню ў Беларусі новых кітайска-беларускіх вытворчасцяў. Тым больш што ўжо першапачаткова вызначана: «Вялікі Камень» гатовы будзе, калі так можна сказаць, адчыніць дзверы для любых замежных прадпрыемстваў. Дзякуючы такой палітыцы эканамічны пояс Шаўковага шляху ўключыць у сваё згуртаванне значна большую колькасць краін, чым цяпер.

— Спадарыня прафесар, беларускі бок ставіцца да Кітая як стратэгічнага партнёра. Пра гэта казаў Прэзідэнт нашай краіны, выступаючы ў парламенце са штогадовым Пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу...

— І мы разглядаем Беларусь як самага сур'ёзнага і надзейнага партнёра. Эканамічныя адносіны — аснова моцнай дружбы, руху наперад. Разам мы можам ажыццявіць многае. Пра гэта, безумоўна, будзе ісці гаворка на маючых адбыцца перамовах нашых лідараў Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі.

— Дзякуй за інтэрв'ю!

Гутарыў Кірыл ЛАДУЦЬКА,

г. Пекін, Кітай.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.