Вы тут

Перамогу сустрэлі кветкамі


Пазаўчора з падарожжа па Беларусі, якое расцягнулася на 2 700 кіламетраў, вярнуўся маладзёжны агітпоезд «Кветкі Вялікай Перамогі». Яго пасажырамі сталі актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, творчыя калектывы. Сустракаць цягнік з кветкамі на перон мінскага чыгуначнага вакзала прыйшло каля тысячы чалавек: моладзь, ветэраны, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў.

У падарожжа мы адправіліся 24 красавіка, — распавяла сакратар ЦК БРСМ Вікторыя МЯНАНАВА адразу пасля спынення цягніка. — Гэта былі неверагодныя дні, на кожнай станцыі нас сустракалі ўсмешкамі і слязьмі радасці мясцовыя жыхары. Думаю, не менш прыемна было і ім, асабліва ветэранам, якія, дзякуючы нашаму цягніку і яго музею, маглі вярнуцца ў той шчаслівы май 45-га. Нас вельмі цёпла сустракалі паўсюль, але асабіста мне добра запомніўся наш прыезд у Скідаль. Мы былі на станцыі ўсяго пяць-сем хвілін, але мясцовыя жыхары сустрэлі цягнік неверагодна прыгожа: з гармонікамі, танцамі і спевамі. Дзяўчаты апранулі паркалёвыя сукенкі, прыйшлі піянеры, актывісты БРСМ. Увогуле, за час паездкі склалася адчуванне, што мы ўжо святкуем Дзень Перамогі; так бы мовіць, 9 мая — кожны дзень. На сваім шляху састаў з сямі вагонаў наведаў месцы баявой славы Чырвонай Арміі ў самых розных гарадах: Асіповічах, Бабруйску, Гомелі, Жлобіне, Магілёве, Оршы, Віцебску, Лідзе, Скідалі, Гродне, Баранавічах, Брэсце.

7-46

На станцыях удзельнікі паездкі рэканструявалі святкаванне 9 мая ў 1945 годзе, ладзілі канцэрты і творчыя праграмы, паказвалі тэатралізаваныя пастаноўкі, ускладалі кветкі да помнікаў, сустракаліся з ветэранамі.

Адзін з вагонаў цягніка заняў імправізаваны музей, у якім экспанаваліся рэчы ваеннага часу. Падчас падарожжа ён папоўніўся экспанатамі з розных гарадоў Беларусі, фільмамі-ўспамінамі ветэранаў, «Пісьмамі да пераможцаў».

— Як і семдзесят гадоў таму, Вялікая Перамога аб'яднала людзей, — сказаў у сваім прывітальным слове першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Сёння вялізная колькасць грамадзян, у першую чаргу маладых, прыклалі свае намаганні з тым, каб рэалізаваць гэты маштабны патрыятычны праект. І я ўпэўнены, што той настрой, які падараваў цягнік жыхарам краіны, застанецца ў іх яшчэ доўга.

— Нам асабліва прыемна, што праект агітпоезда «Кветкі Вялікай Перамогі» ўвасобіла ў жыццё маладое пакаленне, — падкрэсліў міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ, які таксама прыйшоў сустрэць цягнік на вакзал. — Гэта даказвае, што ў нас вельмі добрая моладзь, якая памятае гісторыю і трапятліва ставіцца да таго, што адбывалася ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта падштурхоўвае да новых ініцыятыў і праектаў для моладзі, прысвечаных не толькі Вялікай Перамозе, але і іншым важным падзеям у гісторыі Беларусі. Дарэчы, і ад ідэі агітпоезда «Кветкі Вялікай Перамогі» мы не адмаўляемся, будзем прапрацоўваць пытанне аб тым, каб ужо ў наступным годзе ён праклаў свой шлях не толькі па Беларусі, але і па тэрыторыі іншых краін былога Савецкага Саюза.

Пасля ўрачыстага мітынгу і вальса на Прывакзальнай плошчы моладзь і ветэраны накіраваліся на плошчу Перамогі, дзе ўсклалі кветкі да манумента. Да ўдзелу ў акцыі ў Мінску далучыліся расіяне, удзельнікі аўтапрабегу-медыяэкспедыцыі «Перамога — адна на ўсіх», якая праходзіць зараз па краінах СНД і Заходняй Еўропы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».