Вы тут

Як пазбавіцца ад пырніку за адзін сезон?


Пырнік старажытныя рымляне называлі «агонь палёў». Справіцца з ім вельмі няпроста. Тым больш за адзін сезон. Ёсць некалькі варыянтаў.

Капаць, капаць і капаць

Многія пачынаюць перакопваць участак, выбіраючы карані пырніку. Але кавалачкі каранёў ўсё ж часам застаюцца і потым прарастаюць з новай сілай. Іх, вядома, лягчэй выдзіраць, бо грунт ужо распушаны, а карэньчыкі невялікія. Але калі не выкапаць іх своечасова, даць ім падужэць, пырнік вокамгненна распаўзаецца зноў. Ды і апрацаваць такім спосабам 20 сотак...

Сеем жыта

7-3

Добры варыянт — пераараць участак і засеяць жытам. Жыта выцясняе пырнік, і гэта даказаны факт. Падрослы злак скасіць і заараць у глебу. І барацьба з пырнікам, і паляпшэнне структуры глебы, і яе ўзбагачэнне арганікай — тры ў адным атрымліваецца.

Усё пад плёнку

Вельмі дзейсны спосаб — закрыць пырнік непразрыстай чорнай плёнкай на ўвесь сезон. Праўда, выдатковы, але тут ужо трэба выбіраць. Мульчыраванне чорнай плёнкай рэкамендавана нават для барацьбы з такім жывучым і невыкараняльным пустазеллем, як баршчэўнік. Эфектыўнасць пацверджана эксперыментальна. Участак, зарослы травой у чалавечы рост (і пырнік, і палын, і асот, і шмат яшчэ чаго), заслалі чорнай плёнкай, і так ён стаяў цэлы год. Пасля плёнку прыбралі, а зямлю перааралі. Вынік уражвае: роўны ўчастак, друзлая, рассыпістая глеба без следу пустазелля.

Ёсць і такі вопыт. Чорнай плёнкай накрылі пляцоўку (па цаліне) пад парнік. Плёнка ляжала з красавіка па чэрвень — пустазелле на гэтым месцы да восені не з'явілася.

Ёсць нюансы. Па-першае, пажадана ўжываць менавіта плёнку, а не чорны спанбонд. Спанбонд прапускае ваду, не перашкаджае паветраабмену, так што моцнаму пустазеллю (а пырнік слабым не назавеш) цалкам рэальна выжыць. Тым больш, якасць многіх матэрыялаў такога кшталту пакідае жадаць лепшага: нават пры заяўленай вытворцам высокай шчыльнасці, палатно можа мець нераўнамерную структуру і часткова прапускаць святло. Тады яго эфектыўнасць зусім невысокая. Плёнку лепш слаць так, як яна ёсць — «рукавом», не разразаючы, а значыць, у два слаі. Гэта памяншае верагоднасць пашкоджвання. Двайная плёнка абыдзецца даражэй, але будзе больш надзейнай.

Абавязкова трэба добра зафіксаваць краі, каб іх не падымала трава і вецер не здзімаў плёнку. Пакрыццё варта раўнамерна замацаваць якімі-небудзь грузамі. Падыдуць і цагліны, і камяні, і цяжкія дошкі або бярвёны, і проста мяшкі з грунтам або пяском.

Дарэчы, можна ж і камбінаваць метады: падзяліць плошчу на часткі і выпрабаваць усе варыянты. А потым параўнаць эфектыўнасць.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.