Вы тут

Навіны на перапынку


Што замінае стварыць міжуніверсітэцкае тэлебачанне?

Пра самыя значныя падзеі ў сценах альма-матар сённяшнія студэнты даведваюцца праз інтэрнэт. Бадай, кожны факультэт мае ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакце» сваю суполку «Падслухана», дзе можна прачытаць, як прайшла чарговая «Міс», у каго з выкладчыкаў складана спісаць і колькі каштуе кава ў міні-кавярні на трэцім паверсе. І, тым не менш, навучэнцы ВНУ працягваюць выдаваць свае газеты і выходзіць у радыё- і тэлеэфір на перапынках. Чаму ўніверсітэцкія сродкі інфармацыі па-ранейшаму запатрабаваныя, расказалі ўдзельнікі рэспубліканскага форуму «Студэнцкія СМІ Беларусі», які прайшоў на базе «МІТСО».

7-16

7-16

 

Стаць «зоркай» факультэта

На стэндзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — яркая газета «Alma Papera». Летась студэнты заняліся яе рэбрэндынгам і самі распрацавалі новы фармат. Газета настолькі падабаецца навучэнцам, што ўвесь тыраж разбіраецца за 15 хвілін.
— Камусьці выданне можа падацца занадта каляровым, але гэта цалкам адпавядае таму, што хацелі б бачыць нашы студэнты, — кажа кіраўнік цэнтра маладзёжных праектаў і крэатыўных рашэнняў «Канструктар» пры БДУКМ Анастасія БАТУРА. — У нас, напрыклад, ёсць рубрыка «Свая атмасфера», дзе чытачу прапануецца зрабіць штосьці самому: напісаць, аб чым марыш, або скласці верш. А ў адным з выпускаў мы намалявалі, як нас бачаць студэнты БДУІР і мы самі.
— А праблемныя тэксты ў вас друкуюцца? Напрыклад, пра нясмачныя катлеты ў сталоўцы? — жартуем мы.
— На пачатку года ў нас праходзіць акцыя «+100500 пытанняў рэктару», дзе студэнты могуць пагутарыць з кіраўніком ВНУ пра што заўгодна. Дзякуючы такім сустрэчам праблемы з катлетамі не даходзяць да старонак газеты. Мы аднойчы пісалі, як капітан нашай футбольнай каманды спытаўся ў рэктара, калі ж у іх будзе свая форма. І яна з'вілася — класная, фірменная!
Зараз студэнты «кулька» рыхтуюць спецвыпуск, прысвечаны 70-годдзю Перамогі. Моладзь напісала шчырыя лісты, дзе расказала, якім чынам вайна закранула іх сем'і.
На думку Анастасіі, такія выданні — добры шанц самарэалізавацца не толькі ў межах будучай спецыяльнасці. Напрыклад, тэксты адной са студэнтак БДУКМ заўважылі рэдактары тэатральных парталаў і прапанавалі дзяўчыне пісаць для іх. Плюс універсітэцкія газеты даюць магчымасць падзяліцца нечым важным і стаць на сваім факультэце «зоркай».
Найстарэйшае і самае папулярнае выданне Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта «Alma Mater» выходзіць з 1995 года. Штомесяц газета расказвае пра тое, што адбываецца на факультэтах і асобных кафедрах, праводзіць апытанні сярод чытачоў, каб з улікам іх пажаданняў паляпшаць наступныя нумары. Здымкі рыхтуе ўніверсітэцкі фотаклуб.
— Кожны год у рэдакцыю набіраюць новых людзей, — распавядае другакурсніца Аня ШЫМЧУК. — Праца ў студэнцкай газеце дазваляе трапіць на розныя канферэнцыі, лепш пазнаёміцца са сваім факультэтам. Найбольшым попытам у маіх сяброў карыстаюцца публікацыі пра такія мерапрыемствы, як Дзень першакурсніка, «Міс МДЛУ», КВЗ.
Спецыяліст упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю БДУ Яўген БАРОЎКА мяркуе, што студэнцкія газеты сталі ўжо традыцыяй. Тым больш што пісаць у сеціве і для друкаванага нумара — розныя рэчы. На паперы нельга нічога выправіць, гэта накладае адказнасць. А студэнтам па-ранейшаму цікава чытаць універсітэцкія выданні. Факультэты нават просяць павялічыць тыраж (цяпер ён складае дзесьці 50-60 асобнікаў): газета разыходзіцца вельмі хутка.

Перадайце прызнанне ў каханні

Некаторыя ўніверсітэты маюць сваё радыё. Праўда, наладзіць прамы эфір не ва ўсіх атрымліваецца. Студэнты «кулька» прызналіся, што ў іх нават добрых калонак няма: трансляцыі вядуць праз пажарны апавяшчальнік. А вось радыё «FІVE» міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», якое працуе восем гадоў, выходзіць у прамы эфір кожны будны дзень у першую і другую змену. У камандзе 34 чалавекі: 22 вядучыя, 10 дыджэяў і два адказныя за тэкст. На перапынках будучыя юрысты і эканамісты расказваюць пра навіны ВНУ і краіны, знаёмяць з тэатральнымі і кінапрэм'ерамі. Студэнты і выкладчыкі могуць дасылаць віншаванні, прызнанні ў каханні, замаўляць песні на свой густ. Дарэчы, 15 працэнтаў музыкі ў эфіры — кампазіцыі, якія напісалі студэнты.
— З дапамогай радыё студэнцкія аб'яднанні могуць хутка праінфармаваць аб найбліжэйшых мерапрыемствах, — кажа першакурсніца Анастасія МАРТЫНАВА. — На сцяне ў сацыяльных сетках гэтыя аб'явы губляюцца, а тут табе кожны дзень пра іх нагадваюць.
Пахваліцца ўласным тэлебачаннем могуць адзінкі.Так, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны пачаў здымаць відэаролікі толькі ў мінулым кастрычніку. За гэтыя паўгода студэнты падрыхтавалі шэсць выпускаў навін. Спачатку інфармацыйны блок доўжыўся дзесяць хвілін, але затым яго скарацілі да шасці: каб не надакучваў. Цяпер здымаюць праграму, прысвечаную
85-годдзю ўніверсітэта. «Скарынаўскіх» тэлевізійнікаў — 15 чалавек. Карэспандэнтамі сталі дзяўчаты з філалагічнага факультэта, а за аператараў — фізікі-матэматыкі.
Студэнцкаму тэлебачанню БДУІР ужо амаль 15 гадоў. Максім МАКСАК, каардынатар маладзёжнага канала ўніверсітэта, узгадвае, як на пачатку 2000-х яны манціравалі свой першы ролік на двух відэамагнітафонах. Цяпер тэлебачанне інфарматыкаў і радыёфізікаў, бадай, самае прасунутае: HD-камеры, фірменная ветраабарона на мікрафонах, тэлесуфлёр. Маніторы ў карпусах, на якія транслююцца навіны, упраўляюцца дыстанцыйна. Змайстравалі нават аператарскую калыску: падстаўку сабралі сталяры, рэйкі замянілі пластыкавымі трубамі для вады, а калёсы знялі са скейтборда. Штомесяц на журналісцкую каманду (18 студэнтаў) выпісваецца прэмія — ад 6 да 10 мільёнаў рублёў.
— Які неабходны набор тэхнікі, каб стварыць універсітэцкае тэлебачанне? Камера, мікрафон (калі хочаце рабіць інтэрв'ю), святло, носьбіт інфармацыі, дадатковы акумулятар і камп'ютар, каб апрацоўваць матэрыял, — кансультуе Максім.
Тэлебачання, якое б расказвала пра навіны ўсіх ВНУ, зараз няма. Канал «Універсітэт-ТБ», які неяк пачалі ствараць на базе БДУ, апошнія паўтара года не працуе, бо яго не фінансуюць. Дый самі ВНУ не праяўляюць ініцыятыву.

7-15

7-15

 

Студпрэсу чытаюць за мяжой

Сёння ў 54 беларускіх ВНУ выпускаецца 131 студэнцкае СМІ. У сеціве зарэгістравана больш за дзве тысячы суполак універсітэтаў.
— Па выніках сацыялагічнага апытання, 98 працэнтаў моладзі давяраюць інтэрнэту. Таму наша прысутнасць у віртуальнай прасторы — гэта не даніна модзе, а неабходнасць, — лічыць начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ.
Студэнцкія газеты і каналы не павінны толькі забаўляць сваю аўдыторыю. Трэба інфармаваць студэнтаў пра важныя падзеі і фарміраваць каштоўнасныя арыенціры. Сёлета — акцэнты на Год моладзі і 70-годдзе Перамогі.
Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія ВАНІНА заклікае часцей перакладаць навіны на англійскую мову:
— Нас актыўна чытаюць за мяжой. Не толькі ў суседніх краінах і Кітаі, але і ў Амерыцы і Аўстраліі. Просяць студэнтаў перакладаць інфармацыю пра сябе. Не афіцыйныя звесткі пра ВНУ (яны і так прадстаўлены на інтэрнэт-старонцы), а менавіта навіны пра студэнцкае жыццё. Гэта цікава замежнай моладзі. Увогуле, дзейнасць студэнцкіх сродкаў інфармацыі сведчыць, што ва ўніверсітэтах ёсць самакіраванне. У год, калі Беларусь падала заяўку на членства ў Балонскім працэсе, важна, каб навучэнцы ўдзельнічалі ў самакіраванні і расказвалі пра яго на старонках сваіх выданняў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.