Вы тут

Увага і дапамога


Сярэдняя пенсія ветэрана складае 4 мільёны 800 тысяч рублёў

Яшчэ з 2000 года для ветэранаў устаноўлены надбаўкі да пенсіі ў памеры ад 50 да 500 працэнтаў ад мінімальнай пенсіі па ўзросце. У рублёвым эквіваленце гэта ад 183 тысяч да 1 мільёна 843 тысяч. Найбольшыя даплаты атрымліваюць інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны (ім штомесяц дадаткова налічваюць амаль па паўтара мільёна) і Героі Савецкага Саюза (надбаўка ў памеры 500 працэнтаў). Акрамя таго, для людзей, старэйшых за 75 гадоў, прадугледжана даплата да пенсіі ў памеры 75 працэнтаў ад мінімальнай пенсіі па ўзросце, а для тых, хто дасягнуў 80 гадоў, — у памеры 100 працэнтаў. З улікам усіх гэтых надбавак ветэраны атрымліваюць у месяц у сярэднім 4,8 мільёна, што на два мільёны больш за сярэднюю пенсію па рэспубліцы.

7-45

Дарэчы, пенсіі за гэты месяц выдадуць датэрмінова. Учора пачаліся выплаты ў аддзяленнях паштовай сувязі Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і Мінска. На Гродзеншчыне, у Віцебску і сельскіх аддзяленнях Гомельшчыны атрымаць пенсіі можна будзе сёння, а ў гарадскіх паштовых аддзяленнях Гомельскай вобласці — заўтра. 9 мая працаваць будуць толькі дзяжурныя філіялы.

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу да 70-годдзя Перамогі на суму 205,5 мільярда рублёў аказалі 44,3 тысячам ветэранаў. Акрамя беларусаў, выплаты, у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі ў галіне сацыяльнага пенсійнага забеспячэння, атрымалі грамадзяне Расіі і Літвы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны і маюць статус ветэрана.

Як паведаміў кансультант аддзела па справах ветэранаў і інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег МАЗУРА, у нас захаваны цэлы блок ільгот для ўдзельнікаў ВАВ. Сацыяльнае абслугоўванне пажылых грамадзян праводзіцца на базе 146 тэрытарыяльных цэнтраў. Дапамогу на даму атрымліваюць чатыры тысячы ветэранаў. Летась ад інвалідаў і ўдзельнікаў вайны паступіла паўтары тысячы заявак на аказанне рознага віду паслуг, напрыклад, па рамонце жылых памяшканняў, надворных пабудоў, печаў. Усе просьбы былі выкананы.

Штогод усе ветэраны праходзяць комплекснае медыцынскае абследаванне, па выніках якога распрацоўваюцца планы індывідуальнай рэабілітацыі. Па словах галоўнага тэрапеўта Міністэрства аховы здароўя Вольгі МАРШАЛКІ, да агляду прыцягваюцца супрацоўнікі кафедраў медуніверсітэтаў і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У дадатак медсёстры і памочнікі ўрача кожны месяц наведваюць інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, каб своечасова скарэктаваць лячэнне.

Сёння ў Беларусі засталося 16 тысяч 800 ветэранаў (на чатыры тысячы менш, чым у мінулым годзе). З іх каля 11 тысяч — інваліды і ўдзельнікі вайны, 4,5 тысячы — узнагароджаныя працаўнікі тылу, 609 чалавек — блакаднікі Ленінграда, 286 грамадзян — работнікі прыфрантавых участкаў чыгункі. Яшчэ 27 тысяч жыхароў нашай краіны лічацца пацярпелымі ад наступстваў вайны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.