Вы тут

У руху... або Чаго хоча танцор...


Хто сказаў, што мужчыны не танцуюць? Танцуюць, і яшчэ як! Пра тонкасці сваёй прафесіі распавёў малады харэограф Чачэрскай дзіцячай школы мастацтваў Арцём ГУЛЕВІЧ, які ўжо два гады вучыць «лятаць» дзяцей, моладзь і дарослых.

7-18

Што прывяло хлопца да танцаў? Будзеце смяяцца, але гэта быў лёс. Этнаграфічны ансамбль з такой назвай ёсць у вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна — мясціне, дзе нарадзіўся будучы танцор. Не памылюся, калі скажу, што танцы — фамільны занятак сям'і Гулевічаў: усе дзеці прайшлі праз калектыў «Лёс». Праўда, і брат, і малодшая сястра нашага суразмоўцы памянялі прафесію.

— Адзін я застаўся, — жартуючы, уздыхае Арцём і ўзгадвае цікавы выпадак. — Аднойчы мы рыхтаваліся да фестывалю беларускіх бытавых танцаў, але я забыўся на адзін з іх. Мой брат разам са сваёй дзяўчынай, якая таксама добра танцуе, стаў і лёгка паказаў мне яго, хаця ўжо пяць гадоў мінула, як ён кінуў гэтым займацца.

Спярша праз школу «Лёсу» прайшоў старэйшы брат Арцёма. Хлопчык пільна сачыў за яго «трэніроўкамі» і зацікавіўся настолькі, што сам пачаў паўтараць і развучваць рухі. У 11 гадоў Арцём прыйшоў у калектыў, дзе яго ўзялі ў малодшую групу. Пасля дзявятага класа хлопцу прапанавалі прадоўжыць навучанне ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага: на той час у Чачэрскім раёне была патрэба ў харэографах. Арцёму зрабілі мэтавае накіраванне. Экзамены ён здаў добра, набраных балаў хапіла на бюджэтнае месца.

Вучоба ў каледжы зацягнула з першага курса: у дзень магло быць каля шасці гадзін танцаў: народных, класічных, бальных, сучасных, гісторыка-бытавых. Арцём прызнаецца, што нават пасля такіх нагрузак заставаліся сілы хадзіць на... дыскатэкі. З вялікай ахвотай далучыўся ён і да іншага віду мастацтва: на тэатральным аддзяленні каледжа часам не хапала акцёраў, таму ў харэографаў таксама быў шанц стаць «зоркай» пастаноўкі. Пра сябе хлопец пажартаваў: «На дні першакурсніка быў богам, потым царом, а пасля мяне панізілі да графа». Арцёму прапаноўвалі пець і ў хоры «Радзейка», аднак расклад заняткаў не дазволіў ажыццявіцца гэтай задуме. Карацей, у каледжы сумаваць не даводзілася.

7-20

У інтэрнаце часта ладзілі дыскатэкі, па вечарах збіраліся ў гімнастычнай зале, дзе расцягваліся, паўтаралі і развучвалі рухі, рыхтаваліся да экзаменаў. Выкладчыкі асабліва ганялі будучых харэографаў за паставу, таму многія гадзіны моладзь праводзіла каля станка. Зараз харэограф узгадвае, што было і цяжка, і лёгка. Адны выкладчыкі паказвалі рух усяго раз — і ўсе павінны былі адразу ж улавіць яго і запомніць. За такімі звычайна не паспявалі і «даганялі» ў гімнастычнай зале пасля заняткаў. Іншыя выкладчыкі развучвалі рухі да таго моманту, пакуль апошняму вучню з групы не стане зразумела, і толькі пасля ішлі далей.

Арцём прызнае: каледж даваў шмат магчымасцяў. Яго аднагрупнік сышоў у стаўрапальскі казачы калектыў. Самому Арцёму не раз прапаноўвалі стаць удзельнікам ансамбля «Харошкі». Але ён вырашыў спачатку давучыцца, а пасля рабіць кар'еру. Хаця на апошнім, чацвёртым, курсе хлопец пачаў падпрацоўваць харэографам у сярэдняй школе вёскі Раманавічы: там ён вучыў дзяцей рытміцы.

— Спачатку было лёгка, бо выхаванцаў было няшмат, — узгадвае Арцём. — Два разы са мной прыязджаў харэограф і тлумачыў, што і як, бо я толкам не ўмеў выкладаць. Калі застаўся сам-насам з вучнямі, то стала цяжэй. Да таго ж, група разрасталася, прыходзіла ўсё больш маленькіх дзяцей, сачыць за кожным было цяжка. Мяне хапіла на тры месяцы, пасля пачаліся рэпетыцыі да дзяржэкзаменаў — па тры на дзень. На ўсё ўжо не хапала сіл.

За права называцца харэографам студэнты мусілі здаць класічны і народны танцы, методыку выкладання. Арцёму лягчэй за ўсё даваўся менавіта народны танец. Любімыя рухі — прысядка і разножка. Але гэта не азначае, што сучаснымі танцамі ён не цікавіўся: можа паказаць майстэрства і на клубным танцполе.

7-19

— На дыскатэцы танцую не так, як на занятках, — прызнаецца харэограф. — У клубе я больш разняволены, рухаюся ад душы, так як мне падабаецца. Можна сказаць, станаўлюся звычайным чалавекам і зліваюся з іншымі. Наўрад ці хтосьці скажа, што я выкладчык танцаў.

Пасля вучобы ў Арцёма была магчымасць застацца ў Гомелі — прапаноўвалі месца ў вясковай школе непадалёк ад горада. Аднак хлопец не пагадзіўся: давялося б здымаць жыллё. Затое ў Чачэрску яму адразу ж прадаставілі інтэрнат, хлопец стаў у чаргу на арэнднае жыллё. Да таго ж родная вёска — за 30 кіламетраў ад горада. Зараз маладому выкладчыку 20 гадоў, ён працуе харэографам у дзіцячай школе мастацтваў і выкладае хіп-хоп у Доме культуры. Самым маленькім навучэнцам — па 7 гадоў, у старэйшай групе займаюцца дзяўчаты і хлопчыкі па 10 гадоў. Цікава, ці ладзіць ён са сваімі вучнямі?

— Агульную мову з дзецьмі знайсці цяжка. Я добра гэта зразумеў яшчэ тады, калі пачаў выкладаць у Раманавічах, — прызнаецца суразмоўца. — Да кожнага чалавека трэба індывідуальны падыход: аднаму трэба добрае слова, другому — большая нагрузка і строгасць. Я ж яшчэ шмат працую з дарослымі: даволі часта просяць паставіць танец альбо падтанцоўку. Дык, па маіх назіраннях, яны паводзяць сябе, як дзеці...

Сваю гадзіну трыумфу малады харэограф ужо перажыў: дзесяць дзяўчынак прадставілі на Новы год «Танец сняжынак». Бачыць штодня шчаслівыя твары дзяцей — найлепшая ўзнагарода для настаўніка. Пра сваіх вучаніц ён з гонарам кажа: «Яны вельмі здольныя, хутка ўлаўліваюць рухі, за занятак могуць развучыць цэлы танец». У выкладанні Арцём паўтарае методыку сваіх выкладчыкаў: таксама «ганяе» вучаніц за паставу. Тым больш, бацькі, аддаючы дзіця ў танцы, жадаюць атрымаць хаця б «мінімум»: каб спіна была роўная.

У дзіцячай школе мастацтваў ёсць людзі, якія працуюць тут не першы дзясятак гадоў. Ёсць у каго павучыцца, пераняць вопыт, што таксама каштоўна для маладога спецыяліста. Дарэчы, любімага танцора ў Арцёма няма, аднак яму падабаецца каманда Lord of the Dance, што танцуе ў стылі «чачотка». На думку чачэрскага харэографа, у іх добрая пастаноўка, якой варта павучыцца. І нарэшце выкладчык танцаў прызнаецца: яму самому больш падабаеццца танцаваць, а не ставіць танцы.

Агулам на дзвюх працах штомесяц набягае заробак у тры мільёны, чаго хлопцу хапае нават з лішкам. Пасля размеркавання ён плануе паспрабаваць сябе ў іншай сферы: ёсць думка паступіць у... Мінскі авіяцыйны каледж на памочніка пілота. Прызнаецца, што самалёты яго вабілі заўжды. Але гэта зусім не значыць, што Арцём збіраецца паставіць крыж на танцах. Проста харэографу хочацца мець яшчэ адну прафесію, каб пасля выбіраць, чым яму займацца па жыцці.

Кацярына РАДЗЮК.

Мінск — Чачэрск — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.