Вы тут

З небам на «ты», або што павінен умець кожны метэаролаг?


Пры сустрэчы з Таццянай МАЧКОВАЙ размову пра надвор'е вядуць не таму, што гэтага патрабуюць правілы этыкету. Ведаць сітуацыю ў «нябеснай канцылярыі» — яе прафесія. Дзяўчына працуе тэхнікам-метэаролагам першай катэгорыі на Горацкай аграметэастанцыі. Прызнаецца, што сябры сапраўды часта пытаюцца пра прагнозы: «Магу сказаць ім, чаго чакаць у найбліжэйшы дзень-два, але далей не загадваю».

Станцыя знаходзіцца на ўскраіне горада. Двухпавярховы будынак стаў утульным толькі некалькі гадоў таму — прывялі ў парадак, калі ў Горках праводзіліся «Дажынкі». Таццяне пашанцава пераехаць адразу ў адноўленае памяшканне. Побач з будынкам — метэапляцоўка са спецыяльным абсталяваннем. Паказчыкі надвор'я трэба здымаць кожныя тры гадзіны. Цяпер, праўда, для гэтага не абавязкова абыходзіць усе прыборы: інфармацыя выводзіцца на камп'ютар. На маніторы бачна, колькі ападкаў было за суткі і якая тэмпература паветра. Гэтыя і іншыя даныя метэаролаг запісвае сабе ў кніжку, шыфруе і складае тэлеграму (для звычайнага чалавека яна выглядае як два радкі загадкавых лічбаў), каб даслаць па электронцы сіноптыкам у абласны Гідрамет.

— Калі толькі прыйшла на станцыю, баялася, што не пацягну, — успамінае Таццяна. — Мяне яшчэ папярэдзілі: будзеш рабіць памылкі ці нясвоечасова дасылаць тэлеграму — могуць увесь калектыў прэміі пазбавіць. Таму кожную лічбу па некалькі разоў правяраю.

7-24

Дзяўчына скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках: на аграэкалагічным факультэце асвойвала спецыяльнасць «Плодаагародніцтва». Па размеркаванні трапіла ў адну з цяплічных гаспадарак Гомеля. Адпрацавала аграномам-аграхімікам два гады і прыехала дадому ў Горкі. Расказвае, што не хацела вяртацца на палі:

— Шукала што-небудзь лепшае. Ніколі б не падумала, што звяжу жыццё з надвор'ем. Але праз знаёмых выпадкова даведалася пра вакансію, вырашыла паспрабаваць. Спадабалася. Вядома, спачатку было складана: шмат лічбаў. Месяц хадзіла на метэастанцыю вучнем, практыкавалася.

Таня паказвае літаратуру, па якой займалася, каб «перакваліфікавацца» ў метэаролага. З цікавага — атлас з каляровымі фотаздымкамі аблокаў. Патрэбны, каб навучыцца «на вока» вызначаць разнавіднасць і вышыню хмар. Хаця на станцыі ёсць для гэтага спецыяльны прыбор, распазнаць аблокі на адлегласці ў дзясяткі кіламетраў яму не пад сілу.

— Плюсы працы? — дзяўчына задумалася. — Шмат вольнага часу. Два дні працую, два — адпачываю. Калі вялікая норма гадзін, то і па тры-чатыры дні дома бываю. Не паспяваю стаміцца. За два з паловай гады толькі адзін раз была ў адпачынку. А мінусы — вядома, начныя змены. Чалавеку, натуральна, спаць хочацца, а табе за надвор'ем сачыць трэба. Нават ноччу кожныя тры гадзіны ты павінен выйсці і глянуць на аблокі. Дый святаў, атрымліваецца, няма. І на 8 Сакавіка, і на Новы год даводзіцца працаваць, калі дзяжурства выпадае.

Мы тым часам просім Таню правесці экскурсію па метэапляцоўцы. Прыйшлося дзяўчыне пераабуваць свае прыгожыя боты: на абцасах туды нельга заходзіць па тэхніцы бяспекі. Пакуль на вуліцы разглядаем «рамонкі» для збору ападкаў і будкі з тэрмометрамі, наш гід прыгадвае, як на пляцоўцы аднойчы пасяліўся... заяц: «Здаровы такі, нават не ведаю, як ён пад агароджу праціснуўся».

— А ці даводзілася табе працаваць у экстрэмальных умовах? — пытаюся ў Тані.

— Так. Памятаеш «Хаўер» у сакавіку пазамінулага года? Мая змена якраз на той цыклон прыпала. Мне ў ноч ісці, а на вуліцы снегу — вышэй за мяне. Я, дарэчы, дзяжурыла падчас паўночнага ззяння і сонечнага зацьмення.

Заробак у маладога раённага метэаролага — пад тры мільёны.

— Калі знаёмыя пытаюцца, якая заработная плата, кажу, што стабільная, — усміхаецца дзяўчына. — Па горадзе ў сярэднім дзесьці столькі і атрымліваюць.

7-23

У вольны час Таня можа парадаваць блізкіх хатнім печывам. Любіць гатаваць кексы, піцу. У выхадныя і ўвечары звычайна ходзіць у кавярню ці на дыскатэку. Горкі — студэнцкі гарадок, таму моладзі ёсць дзе адпачыць. Распыталі Таню пра кошты. Квіток у мясцовы кінатэатр абыдзецца, у залежнасці ад фільма, у 25-50 тысяч рублёў, пакатацца на каньках на Лядовай арэне (пасля «Дажынак» і такая забава ёсць) — 30 тысяч (у гэты кошт уваходзіць і пракат канькоў). Наведванне начной дыскатэкі — ад 30 да 50 тысяч.

— Куды б ты параіла зайсці прыезджай моладзі?

— У піцэрыю. Нашу піцу ўсе хваляць: такая смачная. У мяне калега на метэастанцыі ў Оршы працуе. Калі прыязджае, заўсёды гэтую кавярню наведвае.

Аграном па адукацыі, дзяўчына некалі марыла стаць педагогам. Нават нізкія заробкі не пужалі. З дзяцінства гуляла ў школу: пасадзіць вакол сябе лялек ды медзведзянят і тлумачыць ім правапіс і табліцу множання. Каб паступіць на настаўніка малодшых класаў, не хапіла аднаго бала, таму пайшла ў сельскагаспадарчую акадэмію. Не хацела год губляць.

На думку дзяўчыны, адказная і карпатлівая прафесія метэаролага падыдзе ўседліваму чалавеку, які любіць працаваць з лічбамі. Сама Таня мяняць станцыю на іншае месца пакуль не збіраецца:

— Шкада кідаць. Дый, жа, зноў новыя людзі, з якімі трэба наладжваць стасункі. У мяне і бацькі такія, усё жыццё на адным месцы правялі. Маці ў бальніцы больш за 30 гадоў працуе.

Кажуць, выпускнікі геаграфічнага факультэта БДУ, якія атрымалі прафесію метэаролага, у правінцыю не спяшаюцца. Застаюцца пры абласных Гідраметах. «І дарэмна», — мяркуюць вопытныя супрацоўнікі горацкай станцыі. Сапраўднай метэаралогіі можна навучыцца толькі ў раёнах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Мінск — Горкі — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.