Вы тут

Ганна Благава: «Калі выйду замуж, то назаўжды»


За плячыма гэтай артысткі шматгадовае сяброўства з музыкай. Яна з дзяцінства вывучае яе, спявае і складае свае гісторыі на мове пачуццяў і акордаў. Спрабавала сябе ў такіх конкурсах, як «Славянскі базар», «Еўрафэст», «Новая хваля», а зараз змагаецца на ўкраінскім шоу «Голас краіны». Паралельна працуе ў Тэатры эстрады і ў аркестры Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, дзе з'яўляецца салісткай. І марыць пра свята сустрэчы са сваімі слухачамі на вялікім сольным канцэрце. Пасля размовы са спявачкай разумееш, што яе асноўнае правіла «цішэй едзеш — далей будзеш» дапаможа гераіні дасягнуць сваёй мэты. Ганна, не зважаючы на ўсю яе сціпласць, умее за сябе пастаяць (між іншым, дзяўчына мае званне прапаршчыка міліцыі), бо свой характар загартоўвала не адзін год, прыехаўшы скараць Мінск з Полацка. Падчас сустрэчы яна расказала пра сваю эмацыянальнасць, стаўленне да мінулага і погляды на будучыню.

7-12

— Чым абумоўлена ідэя паказаць сябе на «Голасе краіны»?

— Конкурсы заўсёды ажыўляюць артыста, даюць яму новыя ўражанні і эмоцыі. Павышаецца і інтарэс да саміх выканаўцаў. Рашэнне паўдзельнічаць у «Голасе краіны» прыняла спантанна і яно — чыстай вады авантура. Мой найлепшы сябар Дзяніс Ліс быў запрошаны туды на сляпыя праслухоўванні і прапанаваў скласці яму кампанію. Паехалі. Я была неверагодна ўзрадавана, калі мне патэлефанавалі і сказалі, што мы з Дзянісам прайшлі. Такога я не планавала.

Зараз мне нават у сацыяльных сетках многія задаюць пытаннем: ці не куплены там конкурс? У маім выпадку магу сказаць дакладна, што ўсё было абсалютна сумленна, і я змагла зрабіць там пэўныя крокі сваімі сіламі, бо да мяне добра паставіўся прымаючы бок. Разам з тым людзі маюць рацыю, калі задаюцца пытаннем пра подкупы. На сабе гэта адчула. Заўсёды ёсць тыя, хто можа сабе нешта дазволіць, заручыўшыся падтрымкай, і іх выцягнуць. Я паехала туды з зацікаўленасцю і без страху, а калі самастойна і нечакана для сябе самой прайшла на праект, то конкурс стаў для мяне знакавым.

— Вы адзначылі, што ідэю паказаць сябе вам падказаў сябар. А ці часта на нашай эстрадзе сустрэнеш шчырую радасць за чужы поспех?

— Мне складана гаварыць, таму што я не тусоўшчыца, не люблю наведваць месцы, дзе збіраецца бамонд. Людзі вітаюцца, разглядаюць адзін аднаго, а за спінай плююцца. Вельмі не люблю, калі чалавек табе ўсміхаецца, а іншым кажа пра цябе непрыемныя рэчы. Таму, калі і бачуся з калегамі па цэху, то толькі на канцэртах.

Мне прыемна, што людзі, з якімі я маю стасункі, у тым ліку і тыя, з кім працую ў Тэатры эстрады, парадаваліся за мяне ў гэтай сітуацыі і зараз пытаюцца пра далейшае развіццё падзей. Такая падтрымка дае сілы і робіць цябе больш упэўненай.

— Далёка ўдалося зайсці на праекце?

— Яшчэ рана абмяркоўваць гэтае пытанне, таму што «Голас...» у самым разгары. Зусім хутка, здаецца, у сярэдзіне ці ў канцы мая, пачнуцца прамыя эфіры. Магу толькі сказаць, што этап накаўтаў будзе вельмі эмацыянальным, з вялікім напружаннем. У прыватнасці ў маёй пары. Гледачоў чакае прыемнае здзіўленне...

7-11

— Раскажыце, як вам працавалася з Аляксандрам Панамаровым?

— Мы прыязджалі на рэпетыцыі з іншай краіны, у чым былі пэўныя нязручнасці. Бо ў кожнага свая праца тут і часта ездзіць у Кіеў не атрымлівалася, таму працавалі амаль што завочна. Прыязджаеш на рэпетыцыі, паказваеш зробленае і атрымліваеш далейшыя ўказанні. Аляксандр — чалавек, які мае багаты вопыт як кампазітар, выканаўца, таму заўсёды ёсць да чаго прыслухацца і нешта ўзяць сабе на заметку. Але на сустрэчах ён накіроўваў мяне ў плане эмацыянальнасці і таго, як зрабіць так, каб песня дыхала пачуццямі.

— А вы эмацыянальны чалавек па-за сцэнай?

— Вельмі. Магу нават, абмяркоўваючы нейкае пытанне, вельмі бурна рэагаваць, гучна гаварыць. І часам людзям здаецца, быццам я сваруся. Але гэта нармальна для таго, хто «працуе» голасам. Яшчэ я часта плачу ў кіно. Некалі паказвалі фільм «Белы Бім Чорнае вуха» і я не проста плакала, а гадзіны тры пасля ў сябе прыходзіла ад уражанняў.

— А ці можна застацца сябрамі пасля кахання?

— Калі сувязь з былым хлопцам падтрымліваецца, то ў гэтым прысутнічае тэатральнасць. Мне, напрыклад, будзе непрыемна ведаць пра стасункі майго маладога чалавека з былой дзяўчынай. І, мабыць, калі мне непрыемна, то і той, хто побач са мной, не будзе ў захапленні ад такой сітуацыі. Была ў вашым жыцці нейкая гісторыя — пакіньце яе ў мінулым. Паверце, так усім будзе спакайней.

— Некалі вы марылі пра сям'ю і дзяцей. Ці змяніліся вашы жыццёвыя ўстаноўкі?

— Зараз да паняцця «сям'я» я стаўлюся больш асцярожна. Разумею, што калі выйду замуж, то ўжо назаўжды. Хочацца, каб побач быў той, хто будзе мяне разумець і падтрымліваць. Тым больш улічваючы маю эмацыянальнасць і спецыфіку прафесіі. І, безумоўна, гэты чалавек павінен быць годным прыкладам для маіх дзяцей, каб яны ганарыліся ім.

З кожным годам станаўлюся больш хатняй. Раней я была вельмі лёгкай на пад'ём. А зараз без праблем адмоўлюся ад паходу на нейкую вечарынку на карысць праведзенага дома вечара. Выхадныя на фестывалі ці паездка на лецішча? Выберу апошняе. А некалькі гадоў таму я нават не задумвалася над гэтым. Кідалася ў вір нейкіх паездак, тусовак, новых знаёмстваў. Цяпер для мяне дом важнейшы за ўсё тое, што маем мы, артысты, па-за яго сценамі.

7-13

— Такая пазіцыя выклікае павагу, але калі артыст не на вачах, то заўтра пра яго могуць не ўспомніць...

— Наша эстрада не на такім узроўні, калі не абысціся без піяру за кошт скандалаў альбо чагосьці іншага. Я не Філіп Кіркораў, каб думаць пра тое, як падагрэць зацікаўленасць да сваёй асобы, а дастаткова сціплы чалавек... Не ўмею штурхацца локцямі... Калі нешта павінна стаць маім — так і будзе. А вышэй галавы не скочыш.

— Неяк вы агучылі такую думку: «Чым больш кіламетраў чалавек праехаў да сталіцы, тым лепш». Патлумачце сваю пазіцыю...

— Сталічны жыхар прызвычаіўся да таго, што ён тут і яму не трэба змагацца за месца пад сонцам. Часам з-за такога меркавання людзі не скарыстоўваюць на поўную свае магчымасці. А чалавек здалёку зробіць усё, каб зачапіцца ў Мінску і здзейсніць задуманае. Наогул, па дарозе да сталіцы мы перажываем асобнае жыццё, напрацоўваючы вопыт па меры набліжэння да сваёй мэты. І нават у 20 гадоў у мінчаніна і прыезджага ён будзе розным, бо несталічны жыхар быў у дзеянні, у руху. Гэта надае людзям больш выжывальнасці ў нейкіх сітуацыях.

— Зараз вы адчуваеце сябе сталічнай дзяўчынай?

— З аднаго боку, ужо так, але з іншага — яшчэ дагэтуль не вывучыла горад дасканала. Аднак, калі бываю ў гасцях у маці ў Наваполацку, то не адчуваю, што горад мой. Там проста жывуць мае родныя, а ў Мінск я вяртаюся, як дадому. Калі мне тэлефануюць людзі з мінулага, то адчуваю настальгію. Але не хацела б вярнуцца ні ў адзін з перыядаў свайго былога жыцця.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.