Вы тут

Сакрэты фрытаты


Вы думаеце, што ніколі не чулі пра такую італьянскую страву? Памыляецеся, усе з нас добра ведаюць «прабабулю» гэтага амлета — звычайную яечню. А калі падсмажыць яе на сале ці з хатняй, «пальцам пханай» каўбаскай, ды з памідорчыкамі, а зверху прыцерушыць свежым зяленівам, лічыце, што беларуская фрытата ўжо ў вас на стале. Італьянская адрозніваецца хіба начынкай: апроч пералічаных інгрэдыентаў, яе гатуюць з сырам і большай колькасцю гародніны. Ды напачатку запякаюць на пліце, а потым даводзяць да гатоўнасці ў духоўцы. Але галоўны сакрэт фрытаты насамрэч не ў гэтым. Але пра яго — пасля. Напачатку будзе адна гісторыя.

7-10

Нядаўна ўвесь свет, без перабольшвання (а з інтэрнэтам зараз па-іншаму і не бывае), абляцела навіна пра сужэнцаў з Нью-Ёрка. Праславіліся яны тым, што, не знайшоўшы паразумення паміж сабой, вынеслі на ўсеагульнае абмеркаванне і нават галасаванне... імя свайго дзіцяці. Заўважу, яшчэ не народжанага. Дык вось, калі маладая жанчына (між іншым, наша зямлячка з Маладзечна) паведаміла сужэнцу-грэку, што цяжарная, паміж імі пачалася спрэчка пра тое, як назваць немаўля. Па словах будучай маці, муж настойвае, што калі будзе сын, даць яму імя Спірыдон. Так звалі бацьку мужчыны, а ў Грэцыі модна называць першынца ў гонар дзеда. А жанчыне гэтае імя ну зусім не падабаецца, яна кажа, што яго нават вымавіць цяжка. Самой ёй больш даспадобы імя Міхаіл — у гонар ужо свайго бацькі. («Жаночая логіка — дзіўны прадмет. Скандал ужо ёсць, а прычыны яшчэ няма». У нашым выпадку — у прамым сэнсе гэтых слоў). Ну, і панеслася. Ужо сужэнец пачаў гаварыць, што на выбар жонкі аказвае ўплыў яе савецкае мінулае з тагачаснымі «варварскімі» (!) імёнамі. («Я і не ўяўляла, што ты такі цікавы мужчына!» — «Дык спытала б у мяне, я б расказаў»). Больш за тое, ён нават абвінаваціў другую палавіну ў тым, што яна парушае папярэднія дамоўленасці адносна таго, што імёны сынам будзе даваць ён, а дочкам — жонка. Не ведаю, як там насамрэч сітуацыя з дамоўленасцямі, але такі падыход нагадвае чарговы анекдот. Памятаеце? «У спрэчцы сапраўднага мужчыны і сапраўднай жанчыны заўсёды перамагае той, хто першы заплача».

Не, вядома, у кожнага з нас ёсць свае прынцыпы. Але ж іх неяк палюбоўна вырашаць трэба. Вось, напрыклад, ваш пакорны слуга некалі насіў доўгія валасы, збіраўся прабіць вуха і купіць каўбойскія боты. А выбранніца сказала катэгарычнае «не». Больш за тое, папярэдзіла, што возьме гэта смешнае прозвішча Хацелавай-Змагелавай толькі пры ўмове, калі я пастрыгуся. Што было рабіць? Як у тым даўнім анекдоце пра дзённік «новага рускага»: «На ноч перачытваў пэйджар. Шмат думаў». Надумаў. Пайшлі ў цырульню разам. Я ўзяў з сабой фотаапарат, кажу, трэба на памяць здымкі зрабіць. Ходзім, здымаемся, я то ракурс лаўлю, то сонца... Вечарэла, як казаў некалі сатырык Задорнаў. І тут мая абранніца ўцяміла, што гэта я такім чынам час цягну, чакаю, пакуль цырульня зачыніцца. «Хацелаў-Змагелаў! Яна дапазна працуе, так што пайшлі!» Затое ў жонкі — маё прозвішча...

Але вернемся да нашай гісторыі. Не знайшоўшы паразумення, сужэнцы вырашылі прыцягнуць на дапамогу інтэрнэт-карыстальнікаў. (У сацыяльнай сетцы. «Чаму ты мяне з сяброў выдаліла?» — «Таму, што ты мяне прыводзіш у шаленства!» — «А нічога, што мы з табой жанатыя?!.») Яны запусцілі ў сеціве зварот з умовай, што калі не менш за сто тысяч чалавек выкажуцца на карысць імя Спірыдон, так таму і быць. Адкуль такая лічба? Па словах будучай маці, прыкладна столькі жыхароў пражывае ў яе родным Маладзечне. («Жонцы ўжо і самой надакучыла крычаць на мужа, але тут ён папрасіў яе супакоіцца...»).

З цягам часу мая жонка вынайшла свой рэцэпт фрытаты. Страва патрабуе шмат інгрэдыентаў: вяндліна або сасіскі, цвёрды і плаўлены сыры, памідоры, гуркі, салодкі балгарскі перац, смятана, зяленіва... Каштуе гэта нятанна, патрэбныя прадукты шукаюцца загадзя, гатуецца страва таксама не вельмі хутка, таму дазволіць яе сабе можна нават не на кожныя выхадныя. Затое які водар пачынае лунаць па кватэры, калі яна запякаецца! Стравай на тры пальцы таўшчынёй з вялікай патэльні за раз можна накарміць — абавязкова пад лаваш ці багет — чалавекі чатыры-пяць. Фрытата вельмі смачная як гарачая, так і халодная. Але не спяшайцеся набівацца ў госці — і вось чаму...

Вы часам не глядзелі амерыканскі фільм «Добрай раніцы»? Тэлепрадзюсара-дзяўчыну звальняюць з праграмы мясцовых навін, і яна ўладкоўваецца ў не вельмі папулярнае ранішняе шоу. Спрабуючы яго рэанімаваць, яна запрашае легендарнага вядучага Майкла Памероя, ролю якога выконвае Харысан Форд (дарэчы, хто не ведае, яго продкі — з Беларусі). Цягам стужкі мы назіраем, як паміж зусім рознымі людзьмі паступова наладжваюцца цёплыя сяброўскія і прафесійныя стасункі. Галоўны герой у нейкі момант выходзіць са сваёй «ракавіны» і дзеліцца рэцэптам прыгатавання менавіта фрытаты. І вось, увага, абяцаны галоўны сакрэт гэтай стравы! У вуснах нашага героя ён гучыць так: «Але толькі для тых людзей, якіх я па-сапраўднаму люблю...» Для мяне жончына страва — сімвал дома, сям'і, утульнасці, клопату.

Вяртаючыся зноў да гісторыі з імем яшчэ не народжанага дзіцяці, думаецца — галоўнае ў ёй тое, каб «фрытата» была прыгатаваная з любоўю. «Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?» — «Шчаслівым!» — «Ты не зразумеў майго пытання». — «Ты не зразумеў майго адказу»...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?