Вы тут

Брама ў Еўропу...


Удзел Беларусі ў адноўленым Шаўковым шляху прынясе краіне мільярды інвестыцый, новыя вытворчасці і працоўныя месцы

Караваны з дзясяткаў і сотняў вярблюдаў, нагружаных шоўкам, фарфорам, касметыкай, чаем, рысам і іншымі кітайскімі эксклюзіўнымі таварамі, цягнуліся ў бок Еўропы яшчэ да наступлення нашай эры. Пасля заваёўніцкіх паходаў Аляксандра Македонскага Захад даведаўся пра Усход і абодва вырашылі, што нядрэнна было б пагандляваць — кожны тым, што мае. Так і з'явіўся Вялікі шаўковы шлях (па назве тавару, які больш нідзе, акрамя Кітая, не вырабляўся і таму быў вельмі жаданым у іншых краінах). З-за войнаў ён часта змяняў свой кірунак, выходзіў у мора, зноў вяртаўся на сушу... Але заўсёды выконваў сваю функцыю — гандлёвая сувязь дзвюх частак матэрыка. Прычым з Кітая тады ішлі не толькі тавары, але і тэхналогіі — напрыклад, вырабу паперы і пораху. Гісторыя — штука цыклічная. І вось прыйшоў час, калі Кітай зноў гатовы ісці ў свет. І з таварамі, і з тэхналогіямі. У нашай краіны ёсць шанц заняць годнае месца ў новым Шаўковым шляху, знаходзячыся на сумежжы двух вялікіх рынкаў — Еўропы і ЕАЭС. Менавіта таму і быў створаны беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень». На наступным тыдні яго наведае старшыня КНР Сі Цзіньпін.

Палітычная гарантыя

Наведванне індустрыяльнага парка з'яўляецца адным з найважнейшых пунктаў праграмы дзяржаўнага візіту кіраўніка Кітая ў Беларусь. Гэта падзея стане, хутчэй за ўсё, вельмі моцным штуршком для інвестараў, якія дагэтуль вагаліся наконт удзелу ў беларуска-кітайскім парку.

Візіт пакажа, якая важнасць надаецца кіраўнікамі дзяржаў гэтаму праекту. Яны пацвердзяць свае намеры. «Укладанні вельмі вялікія, таму неабходны гарантыі. І гэты візіт — самая вялікая палітычная гарантыя, якая толькі можа быць. Увогуле, гэта знакавая для нас падзея. Як кажуць асобныя аналітыкі, некаторыя гадамі просяць, каб гэты ўплывовы кіраўнік прыехаў у іх краіну», — гаворыць намеснік кіраўніка адміністрацыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Ігар Ляшчонак.

Напярэдадні візіту актывізаваліся і кітайскія, і беларускія кампаніі, якія збіраюцца заключыць адпаведныя дагаворы аб рэзідэнцтве альбо пагадненні аб намерах рэалізаваць праекты ў парку. «Мы плануем, што падчас наведвання 12 мая кіраўніком КНР індустрыяльнага парка будуць уручаны пасведчанні аб рэгістрацыі ў якасці рэзідэнта шасці ці сямі кампаніям і адбудзецца абмен пагадненнямі аб намерах стаць рэзідэнтамі парка яшчэ з дзесяццю кампаніямі. Гэта адзін з галоўных практычных эфектаў, якія мы чакаем ад візіту Сі Цзіньпіна», — сцвярджае прадстаўнік адміністрацыі.

Будаўніцтва інфраструктуры

Сёння падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы, таму ў сакавіку былі распачаты будаўнічыя работы: «Размова ідзе пра стартавую зону ў 350 га (3,5 кв. км). Сам парк займае 90 кв. км. Паралельна з гэтым ідзе праца па прыцягненні рэзідэнтаў парка і інвестараў, якія будуць там будаваць свае вытворчыя прадпрыемствы альбо арандаваць гатовыя аб'екты».

Па планах да кастрычніка 2016 года ўся інжынерна-транспартная інфраструктура будзе гатовая. Гэта дарогі, газ, электрычнасць, вада, каналізацыя. «А да пачатку 2017 года мы плануем ужо прапаноўваць у арэнду ці ўласнасць тыпавыя офісныя і вытворчыя плошчы», — паведамляе Ігар Ляшчонак.

Галоўны эфект

У першую чаргу сумесны індустрыяльны парк забяспечыць прыток замежных інвестыцый. «Нават па тых дагаворах, якія мы ўжо заключылі і яшчэ плануем заключыць падчас візіту, аб'ём інвестыцый вымяраецца сотнямі мільёнаў долараў, — гаворыць Ігар Ляшчонак. — Калі разглядаць усю тэрыторыю парка, то гэта мільярды долараў, якія мы можам атрымаць у якасці інвестыцый у стварэнне новых вытворчасцяў».

Другі напрамак — прыцягненне новых тэхналогій. Для гэтага будуць стварацца кітайска-беларускія прадпрыемствы. Тут ёсць і зацікаўленасць саміх кітайцаў, бо тады ім прасцей заходзіць на рынак, маючы мясцовага партнёра. А іх сённяшняя палітыка грунтуецца на выхадзе на замежныя рынкі. «Таму мы маем магчымасць стаць для іх плацдармам і атрымаць ад гэтага сваю выгаду. Важныя для нас і льготныя крэдыты, якія ўрад Кітая прадастаўляе нашаму ўраду для стварэння інфраструктуры парка. Такіх умоў фактычна ў свеце няма — доўгатэрміновыя крэдыты на 15 гадоў з пяцігадовым ільготным перыядам, калі мы нічога не плацім, са стаўкай 3% гадавых», — лічыць намеснік кіраўніка адміністрацыі.

Трэці напрамак — кааперацыя ў вытворчасці і стварэнне новых рабочых месцаў. Гэта актуальна ў той сітуацыі, у якой знаходзіцца сусветная і беларуская эканоміка — фазе застою. «Нават на стадыі будаўніцтва інфраструктуры мы бачым эфект. Хоць генеральны падрадчык — кітайская кампанія, яны прыцягваюць беларускія будаўнічыя арганізацыі па субпадрадзе. У будаўніцтве сітуацыя няпростая, а так нашы прадпрыемствы атрымліваюць працу».

Пры гэтым галоўны, канчатковы эфект — «вытворчасць прадукцыі ў буйных аб'ёмах для паставак на вялікі рынак ЕАЭС і еўрапейскі рынак. На гэтых аб'ёмах вытворчасці якаснай высокатэхналагічнай прадукцыі мы будзем зарабляць грошы на падатках і павелічэнні ВУП».

Піянеры парка

У найбліжэйшы час сваю дзейнасць у «Вялікім камені» пачне сусветна вядомая кампанія Huaweі. Яна плануе стварыць у парку цэнтр навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак для кампаніі ва Усходняй Еўропе. «Яны вызначылі такія перспектывы для нашай краіны з улікам дастаткова вялікай колькасці ІТ-спецыялістаў. Таму яны хочуць стварыць тут «мазгавы цэнтр», — удакладняе Ігар Ляшчонак. Будзе тут працаваць і кампанія ZTE, якая ўжо зарэгістравала прадпрыемства — завод тэлекамунікацыйнага абсталявання.

Яшчэ адзін рэзідэнт парка, які непасрэдна пяройдзе да вытворчасці, — кампанія Zoomlіon. Яны плануюць выраб на тэрыторыі парка спецыялізаванай тэхнікі — аўтабетоназмяшальнікаў, аўтакранаў, камунальнай тэхнікі і іншай. Дарэчы, пры гэтым будуць выкарыстоўваць шасі нашага МАЗа.

Адзін з самых буйных праектаў, які знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі, — стварэнне лагістычнага субпарка. Гэта важна ў кантэксце новага Шаўковага шляху з Азіі ў Еўропу. Рэалізоўваць праект будзе найбуйнейшая лагістычная кампанія Кітая — Chіna Merchants Group — на плошчы ў 100 га недалёка ад аэрапорта. «Мы зможам задзейнічаць не толькі сухапутную частку Шаўковага шляху, але і марскую — запланаваны выхад на Клайпедскі порт, — сцвярджае прадстаўнік адміністрацыі. — Кітайцы не проста так сюды прыйшлі, яны доўга выбіралі маршрут. Праз нас будуць праходзіць велізарныя патокі тавараў з Азіі ў Еўропу і наадварот».

У планах — супрацоўніцтва з кампаніяй YTO, якая вырабляе трактарную тэхніку. Аднак яна не стане канкурэнтам МТЗ, бо тут будуць ствараць сучасныя сістэмы кіравання для трактароў. Другі этап — у супрацоўніцтве з нашым МТЗ яны прапрацоўваюць пытанне стварэння энерганасычаных трактароў.

А буйная кампанія па вытворчасці оптавалакна Fіberhome Technologіes заключыла пагадненне з беларускім ВА «Энергакамплект». Яны хочуць стварыць сумесную вытворчасць оптавалакна.

У доўгатэрміновых планах кампаніі Geely — адкрыццё вытворчасці аўтакампанентаў для таго, каб павысіць лакалізацыю і зменшыць цану машын, якія ўжо вырабляюцца ў Беларусі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.