Вы тут

Каб не быць падманутым


Кожны тыдзень каля 10 званкоў з серыі «калі не абважаць, дык аблічаць» паступае ў інспекцыю Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і Мінску

Не суцяшаюць і вынікі праведзеных інспекцыяй праверак і маніторынгаў стану вагавымяральных прыбораў пры водпуску тавару спажыўцам на рынках: з 49 правераных у І квартале года гандлёвых аб'ектаў парушэнні выяўлены на 31-м. У «чорны спіс» трапілі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынку «Кастрычніцкі» ЗАТ «Інвастрой» (г. Мінск), у гандлёвым гарадку «Лебядзіны» ГЦ «Ждановічы» і інш. Парушэнні ўсё тыя ж: неправераная вага, няправільная яе ўстаноўка і размяшчэнне на няўстойлівай аснове, загрувашчванне таварам, што не дазваляе спажыўцу бачыць увесь працэс узважвання і водпуску прадукцыі.

7-43

«Улічваючы значную колькасць выяўленых парушэнняў, скаргі, якія паступаюць ад пакупнікоў, кіраўніцтвам інспекцыі прынята рашэнне аб правядзенні такіх праверак кожны месяц, — паведаміла намеснік начальніка аддзела дзяржаўнага метралагічнага нагляду інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску Рыта ЧАРКАС. — Гэта дазволіць навесці парадак у гандлёвых аб'ектах на рынках, засцерагчы грамадзян ад недакладных і няправільных вымярэнняў, а таксама пазбегнуць абважвання і абліку пакупнікоў з выкарыстаннем вагавымяральнага абсталявання».

Са спецыялістамі Інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і г. Мінску мы адправіліся на чарговую праверку.

На гэты раз аб'ектам для ўвагі сталі гандлёвыя палаткі з гароднінай і садавіной, якія актыўна гандлююць на вуліцах сталіцы.

...Мы накіроўваемся на бульвар Шаўчэнкі. Тут размясціліся тры гандлёвыя палаткі. У першай — вага механічная, яшчэ савецкіх часоў. Стрэлак не відаць — цэннік налеплены проста на табло. Інспектары тут жа дадаюць: гіры не правераны, вага не ўстаноўлена па ўзроўні, размешчана на няўстойлівых скрынях, што можа прывесці да абліку пакупнікоў. Вага застаўлена таварамі, не мае галаграфічнай наклейкі, якая паказвае пакупніку, што прыбор прайшоў паверку. Дарэчы, у 2015 годзе такая наклейка павінна быць сіняга колеру. На яе наяўнасць варта звяртаць увагу пры здзяйсненні пакупак, асабліва на рынках.

Падышоўшы да другой палаткі, інспектары заўважаюць, што вага выкарыстоўваецца электронная — і для пакупніка гэта больш надзейна. Аднак і тут не абышлося без парушэнняў: вага была не правераная і не мела ніякіх рэквізітаў.

«Адкуль прывезена гэта вага на тэрыторыю краіны — невядома. Яна не ўнесена ў Дзяржаўны рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь; значыць, яе выкарыстанне не з'яўляецца законным і на паверку яе не возьмуць, — удакладняюць спецыялісты. — Хоць у нас дастаткова шмат афіцыйных зарэгістраваных арганізацый, якія прадаюць вагі, унесеныя ў Дзяржаўны рэестр».

Акрамя гэтага, вага таксама была загрувашчана таварам, устаноўлена на кардонных скрынях.

Не стала ўзорам і трэцяя палатка — тут таксама выяўлены поўны камплект парушэнняў.

Рыта Чаркас удакладняе, што прадавец за невыкананне правілаў карыстання вагай заплаціць штраф, які складае ад 10 да 30 базавых велічынь. А вось за тое, што прымяняецца непавераная вага, адказвае ўладальнік гандлёвага аб'екта, і яму пагражаюць штрафныя санкцыі ў такім жа памеры.

— Сёння на гэтым пункце нельга будзе працаваць, пакуль вагавымяральнае абсталяванне не заменяць на спраўнае, — дапаўняе інспектар.

На ліквідацыю парушэнняў, як правіла, даюцца суткі.

«Калі пры паўторнай праверцы таксама будуць выяўлены парушэнні, то сума штрафу павялічваецца ўжо ў разы. У далейшым, калі прадпрыемства не ліквідуе парушэнні, адпаведная інфармацыя накіроўваецца па месцы рэгістрацыі прадпрымальніка», — адзначае Рыта Чаркас.

Дарэчы

Паверка вагі і гір, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні гандлю і разлікаў паміж пакупнікамі і прадаўцамі, праводзіцца штогод. У рамках гэтай працэдуры пацвярджаюцца метралагічныя характарыстыкі сродку вымярэнняў і яго здольнасць забяспечваць дакладнасць вымярэнняў.

Дар'я ШОЦІК.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.