Вы тут

Вывад з ценю


Дэпутаты прынялі да ведама Дэкрэт №3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства

На чарговым пасяджэнні сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутатам быў прадстаўлены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дэкрэт, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі, павінен быць разгледжаны абедзвюма палатамі парламента. Акрамя таго, і дэпутаты, і сенатары, ды і ўсе грамадзяне нашай краіны яшчэ да канца гэтага года могуць унесці прапановы па карэкціроўцы гэтага дакумента.

Дэкрэт выдадзены ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і папярэджання сацыяльнага ўтрыманства. Але самая галоўная праблема, якую закліканы вырашыць Дэкрэт, — легалізацыя працоўнай дзейнасці. Гэта асабліва падкрэслівала ў размове з журналістамі міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна ШЧОТКІНА, якая прадстаўляла дакумент дэпутатам.

Міністр заклікала дэпутатаў не выкарыстоўваць ярлык «дармаед», а акцэнтаваць увагу выбаршчыкаў на сацыяльнай адказнасці кожнага жыхара нашай краіны. Парламентарыі, у сваю чаргу, адзначылі неадназначную рэакцыю грамадства на прававое новаўвядзенне.

— Камісія па працы і сацыяльных пытаннях дасканала вывучыла пытанні, заўвагі і прапановы, якія паступілі ў парламент, а таксама меркаванні, якія былі выказаны ў СМІ, у тым ліку блогерамі ў інтэрнэце, — паведаміла намеснік старшыні парламенцкай камісіі Ларыса БАГДАНОВІЧ. — Часцей за ўсё пытанне выплаты збору хвалюе тых, хто пражывае або працуе за мяжой, даглядае дзяцей, старых, інвалідаў, а таксама часткова занятых, рамеснікаў, жыхароў сельскай мясцовасці і невялікіх гарадоў, тых, хто займаецца хатняй гаспадаркай. Большасць гэтых катэгорый дэкрэтам вызвалена ад выплаты збору. На жаль, значная частка пытанняў датычыцца ценявой занятасці, а значыць, ляжыць у плоскасці працоўных, падатковых, адміністрацыйных і іншых парушэнняў. Разам з тым афіцыйна занятае насельніцтва лічыць дэкрэт своечасовым і карысным для аднаўлення каштоўнасці працы і працоўнага чалавека, а таксама для аднаўлення канстытуцыйнай справядлівасці пра роўнасць перад Законам.

— Лічу правільным, што ад падатку вызвалены тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, у прыватнасці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — выступіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Зінаіда МАНДРОЎСКАЯ. — Але, каб ніводзін чалавек не быў незаслужана пакрыўджаны, у дэпутатаў ёсць магчымасць прапанаваць змены ў гэты дэкрэт. У тым ліку па пытанні, якое шырока абмяркоўваецца, — па вызваленні ад выплаты збору маці, якія выхоўваюць дзяцей, незалежна ад іх колькасці.

Марыяна Шчоткіна таксама звярнула ўвагу на тое, што кіраўнік дзяржавы чарговы раз даручыў дасканала прааналізаваць усе прапановы, якія паступаюць з нагоды дэкрэта,

— Канешне, мы аналізуем, але на жаль, пакуль няма ніякай канкрэтыкі, — паскардзілася яна.

Акрамя пытання, якое тычыцца догляду дзяцей, паступіла прапанова вызваліць ад збору медыятараў. Закон прадугледжвае, што медыятарам можа быць любы чалавек з вышэйшай адукацыяй, які атрымаў адпаведную падрыхтоўку і ўнесены ў рэестр. Яшчэ адна прапанова датычыцца жыхароў не толькі сельскай, але і гарадской мясцовасці, якія жывуць з працы на ўласным падворку.

«Ад збору павінны быць вызвалены тыя катэгорыі грамадзян, якія ўдзельнічаюць у працоўнай дзейнасці або ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, і кожны сам выбірае, якім шляхам тут ісці», — патлумачыла ідэю дакумента кіраўнік міністэрства.

Распрацоўшчыкі дэкрэта адмовіліся ад прапановы прыраўнаваць тых, хто не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, да абавязаных асоб па Дэкрэце Прэзідэнта №18 аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях. Відавочна, што ўрад вырашыў не наступаць другі раз на адны граблі. «Па-першае, работа павінна прыносіць чалавеку і заробак, і пэўнае задавальненне, — выказала сваю пазіцыю Марыяна Шчоткіна. — Па другое, чалавек павінен працаваць, а не рабіць выгляд, што працуе. І наўрад ці варта караць наймальніка, прымушаючы яго ўладкоўваць да сябе на працу чалавека, які не плаціць падаткі, і пры гэтым фарміраваць для апошняга правы на пенсію, заробак, адпачынак і іншае».

Практычны алгарытм рэалізацыі Дэкрэта №3 выбудаваны, лічыць міністр. Той, хто прынцыпова не жадае працаваць і ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а таксама не хоча плаціць збор, будзе пакараны штрафам у памеры ад двух да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам з абавязковым выкананнем грамадска карысных работ без аплаты.

Дэкрэт мае часовы характар, ён будзе дзейнічаць, пакуль не завершыцца распрацоўка ў нашай краіне інтэграванай разлікова-сэрвіснай сістэмы, якая прадугледжвае наяўнасць у кожнага жыхара Беларусі электроннай карткі з інфармацыяй пра яго ўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. У залежнасці ад такога ўдзелу, магчыма, і будуць фарміравацца расцэнкі на розныя спецыяльныя паслугі. «Гэта цывілізаваная практыка, якая актыўна выкарыстоўваецца, — запэўніла міністр. — Але гэта — справа будучыні».

Пасля абмеркавання Дэкрэта №3 дэпутаты прынялі яго да ведама і пагадзіліся праз пэўны час прадставіць шэраг сваіх прапаноў па яго карэкціроўцы.

Таксама на ўчарашнім пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў было разгледжана 10 законапраектаў, у тым ліку ратыфікаваны шэраг міжнародных дагавораў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.