Вы тут

Там, дзе жыве памяць...


Сярод усіх мерапрыемстваў, прысвечаных вайне і Перамозе, якія арганізуюцца Баранавіцкім раённым камітэтам БРСМ, самым адметным я лічу акцыю «Гэты боль назаўжды», што стала ўжо традыцыяй. На працягу пяці гадоў 21 і 22 чэрвеня яна праводзіцца ў вёсцы Калдычэва.

Гэты населены пункт абароны нездарма абраны. У час вайны маляўнічыя мясціны паэтаў Адама Міцкевіча і Яна Чачота набылі сумную славу. З 1942 па 1944 год у вёсцы знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер смерці. Умовы ў ім былі нечалавечымі. Вязняў мары́лі голадам, непасільнай працай, кожны дзень білі да паўсмерці, вешалі і расстрэльвалі. З мэтай павышэння смяротнасці фашысты свядома садзейнічалі распаўсюджванню тыфу і дызентэрыі. У пекле Калдычэва развіталіся з жыццём 22 тысячы савецкіх патрыётаў. Сёння пра трагедыю нагадваюць рэшткі турмы, дуб, на якім вешалі вязняў, і брацкая магіла з помнікам маці ў жалобе. Таму менавіта ў гэтых мясцінах 22 чэрвеня пачынаецца ўшанаванне памяці ўсіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

...Напярэдадні ўвечары ўдзельнікі акцыі каля сцен лагера разбіваюць палатачны гарадок, вараць салдацкую кашу, спяваюць песні пад гітару. На экране, створаным на паляне, усю ноч глядзяць кадры ваеннай хронікі і сучасныя фільмы пра вайну. Роўна ў чатыры гадзіны раніцы ўдзельнікі акцыі запальваюць свечкі каля брацкай магілы і помніка. А днём 22 чэрвеня ў Калдычэва прыязджаюць ветэраны, кіраўнікі раённай адміністрацыі і проста неабыякавыя людзі, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць загінулых. Нікога не пакідае раўнадушным экскурсія па мемарыяльным комплексе. Гісторыі лёсаў, перакрэсленых вайной, нечалавечай жорсткасці і вялізнай мужнасці людзей уражваюць яшчэ больш, калі гучаць у месцах, дзе і сёння чуецца подых смерці: каля сцен канцэнтрацыйнага лагера, брацкай магілы і палітага крывёю і слязамі дуба.

Неад'емнай часткай акцыі «Гэты боль назаўжды» з'яўляецца выстава дзіцячых малюнкаў ваеннай тэматыкі, прадстаўленая на сценах лагера смерці. Дзіцячыя малюнкі — сімвал жыцця, сімвал еднасці людзей часоў ваеннага ліхалецця і мірнага часу.

Акрамя актывістаў БРСМ, у акцыі пастаянна прымаюць удзел і выхаванцы Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча. Гэтыя маладыя людзі хутка стануць абаронцамі Айчыны і таму неабходна зрабіць усё, каб яны былі годнымі прадаўжальнікамі традыцый дзядоў-пераможцаў.

...У Калдычэве нават днём цяжка знаходзіцца: атмасфера смерці і нейкая ненатуральная цішыня адчуваюцца ледзь не фізічна. І гэта зразумела. Сцены лагера памятаюць плач і стогны вязняў, дуб-шыбеніца палохае, а таму спакойна стаяць каля магілы, дзе пахавана 22 тысячы чалавек, немагчыма. Дарэчы, на яе месцы раней быў дом каменданта лагера, дзе ў падвальных катоўнях дзень і ноч паміралі людзі. Пасля адной ночы, праведзенай у страшных мясцінах, пачынаеш на пэўныя рэчы глядзець абсалютна па-новаму, многае пераацэньваеш.

На камені-помніку ахвярам Калдычэўскага лагера смерці напісаны словы: «Калі скажуць, што попел маўчыць — не верце. Не верце, што ў вас пад нагамі маўклівы жвір... Чуеце? Мы вам завяшчаем жыццём і смерцю: Цаніце мір! Беражыце мір!» Той, хто хоць раз прыняў удзел у акцыі «Гэты боль назаўжды», ужо ніколі ні пры якіх абставінах не зможа пераступіць праз гэты запавет.

Валерыя СЦЯЦКО,
вучаніца 11 класа
Мірскай сярэдняй школы
Баранавіцкага раёна.

Пра аўтара

Валерыя — удзельніца алімпіяды па беларускай мове і літаратуры: на «рэспубліцы» летась атрымала дыплом ІІІ ступені, сёлета стала пераможцам абласнога этапу. 16-гадовая дзяўчына некалькі гадоў займалася навукова-даследчай працай на тэму «Мясціны Баранавіччыны ў творчасці пісьменнікаў-землякоў», з якой на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ў гэтым годзе атрымала дыплом ІІІ ступені. Валерыя актыўна вывучае англійскую мову і гісторыю Беларусі, цікавіцца падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

— Абрала для сябе прафесію журналіста, пасля заканчэння школы мяркую паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ. Актыўна друкуюся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах, — распавядае Валерыя. — Як будучы журналіст, упэўнена ў сіле друкаванага слова, таму ў прафесійнай дзейнасці планую зрабіць усё магчымае для адраджэння беларускай мовы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?