Вы тут

Знайдзі сябе сам — у справах!


Юнкары, увага!

Наш творчы конкурс для юных і маладых няштатных аўтараў «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» скончыў прыём «проб пяра». Але гэта не азначае, што ён пакідае старонкі «Чырвонкі. Чырвонай змены». Нямала работ ад ахвотных прыняць удзел у «журналісцкім спаборніцтве» прыйшлі на наш адрас літаральна ў апошнія дні. Лепшыя з іх будуць апублікаваны ў найбліжэйшых нумарах, так што сачыце за газетай. Нагадваем, што, як і было абяцана, вынікі нашага творчага конкурсу будуць падведзены і абвешчаны да пачатку ўступнай кампаніі. Упэўнены, што прайграўшых не будзе, нават калі нехта і не ўбачыць сваю працу надрукаванай. Паверце, любы досвед каштоўны! А пакуль мы рэдагуем апошнія з дасланых «проб пяра», раім не сядзець склаўшы рукі. Пішыце ў «Чырвонку. Чырвоную змену» пра тое, што вас цікавіць і хвалюе. Чакаем вашых допісаў!

Я гатова паспрачацца з тымі, хто сцвярджае, што маленькія гарады ці вёскі не даюць магчымасці знайсці сябе маладым людзям. Я — з іх ліку.

У гарадку дзве школы і гімназія. Ёсць музей краязнаўства, дом рамёстваў, тры бібліятэкі, школа мастацтваў, дзе займаюцца юныя мастакі і музыканты. Клуб юных маракоў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Спартыўныя секцыі, харавыя гурткі, якіх безліч у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Доме культуры. Гэта наконт таго, як з карысцю і цікава можна правесці час. Самім. Хто хоча, той знойдзе, хто стукае, таму адчыняюць. Жыць па інерцыі — не той шлях, які мае перспектыву. Згодны са мной? Для мяне важна, каб кожны дзень, тыдзень, месяц былі запоўнены. Каб не было сумна, бязглуздна, абыякава, каб не шукаць прыгод на сваю галаву. Зразумела, у якім сэнсе. Што змяніць у паўсядзённасці, куды можна скіраваць нераўнадушны позірк?

15 гадоў існуе гурток «Юны журналіст і дыктар» пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Я ў ім чатыры гады. Для гараджан і жыхароў раёна гурткоўцы рыхтуюць святочныя радыё-праграммы да кожнага свята. Таксама былі публікацыі пра найлепшыя падвор'і. Юныя журналісты-краязнаўцы і эколагі ў адной асобе сфатаграфавалі і паказалі землякам магчымасці ствараць цуды на ўласнай зямлі: куточкі, якія радуюць сэрца і вабяць вока.

Не магу забыцца пра сустрэчы з ветэранамі вайны і працы. Ужо колькі гадоў наведваем трох франтавікоў, на жаль, адзін з іх пайшоў з жыцця. Цешым сябе, што пра ўсіх напісалі і не аднойчы. Не парываецца наша сяброўства з першай настаўніцай школы, дзе вучымся. Побач з навучальнай установай жыве жанчына-інвалід, мы часта наведваем яе. Ужо больш за 10 гадоў супрацоўнічаем з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа. Валанцёрства — неабсяжная колькасць спраў: экалогія, шэфства, дзякуючы якому мы набылі дзясяткі сяброў, гасцявалі і прымалі гасцей, удзельнічалі ў праектах і акцыях. Я ганаруся тым, што гараджане ведаюць у твар валанцёраў. Здаецца, ніхто не адмовіў у дапамозе нам.

У дзіцячым садку №7 мы зрабілі кармушкі і зладзілі мерапрыемства, прысвечанае здароваму ладу жыцця. У дзіцячай бібліятэцы правялі выставу «Маё хобі». Кожны з нас прэзентаваў сваё, адметнае. Дзеці прыходзілі нават з бацькамі. Ёсць сувязі з лясгасам. Ды ці толькі з ім? Мы наведалі ўсе арганізацыі горада, хадзілі на экскурсіі паўсюдна, куды можна. Вы яшчэ не ўпэўніліся, што ўсё ў нашых з вамі руках?

Разумеючы, што час не спыніць, знайдзі і захавай памяць пра ўласны род, бо з яго складаецца народ. Некалькі слоў пра тое, што, на маю з сябрам думку, трэба стварыць. Стварыць умовы для падарожжаў у самыя разнастайныя куткі Беларусі. Бо часам замежжа ведаюць лепш за ўласную краіну. Гэта трэба. Ганаруся, што наш «Покліч Палесся» — міжнародны фестываль этнакультуры — ведаюць шмат дзе. Але хачу пабываць на Брэстчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне. Пабачыць, параўнаць, пераняць. А яшчэ ёсць ідэя. Хочацца, каб Беларусь стала чытаючай краінай. Але ў нас мала рэкламы пра карысць чытання. Няма рэкламных шчытоў, бігбордаў, нават у сталіцы. У метро ўбачыш любую рэкламу, але не гэтую, а выдатна, калі б была такая — «Чытаючы чалавек». Яшчэ мы прапанавалі назваць вуліцу мікрараёна імем Віці Сітніцы, удзельніка партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, піянера-героя, які нарадзіўся ў нашым раёне. Адміністрацыя горада дала «дабро».

Дар'я НЕСЦЯРЧУК,
вучаніца 10 класа СШ №1
г. Петрыкава.

Пра аўтара

— Мне вельмі падабаецца музыка. Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а цяпер вучуся іграць на гітары. Яшчэ наведваю хор і мноства гурткоў, выступаю на школьных і раённых конкурсах і вечарах, спрабую сябе ў якасці вядучай і журналіста. Не раз займала прызавыя месцы на конкурсах чытальнікаў: у «Зубраняці», у школе, на раённых і абласных конкурсах, — распавяла пра сябе Дар'я.

Яшчэ 16-гадовая дзяўчына спявае на сцэне раённага Дома культуры, удзельнічае ў тэатральных пастаноўках. Не прапускае школьныя алімпіяды і рознага кшталту інтэлектуальныя гульні. Яе хобі — вывучэнне англійскай мовы.

— Але галоўная мая мара — стаць журналістам, — кажа Дар'я. — Ведаю, што гэта будзе нялёгка, але я не здамся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.