Вы тут

Іх бой вывучаюць па падручніках


Славутага савецкага танкіста Зіновія Калабанава сучасная моладзь ведае, хутчэй, дзякуючы айчыннай гульні World of Tanks — у танкавым сімулятары ёсць віртуальны медаль яго імя, які гульцу даюць за знішчэнне пяці і больш танкаў саперніка ў адным баі. Зіновій Рыгоравіч з ліку тых людзей, якія Героямі Савецкага Саюза так і не сталі. Увагу на праблему ўшанавання памяці танкіста напярэдадні Дня Перамогі вырашылі звярнуць удзельнікі міжнароднай спартыўнай ваенна-патрыятычнай эстафеты «Памяць», што праходзіла па маршруце Гатчына — Мінск. Карэспандэнт «Чырвонкі» паразмаўляў з яе кіраўніком і арганізатарам, падпалкоўнікам у адстаўцы, памочнікам рэктара Мінскай духоўнай акадэміі Сяргеем СОБАЛЕВЫМ.

— Сяргей Васільевіч, раскажыце, як у вас узнікла ідэя правядзення эстафеты ў гонар Зіновія Калабанава?

— Сёлетняя эстафета не першая, у 2013 годзе мы праводзілі аналагічнае мерапрыемства. Тады я прыйшоў да намесніка старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргея Забалотца і прапанаваў яму правесці ў Мінску Кубак сяброўства па лыжаролерах з удзелам спартсменаў Беларусі, Расіі, краін Балтыі і далёкага замежжа. Ён у адказ параіў нам пасля правядзення Кубка пазнаёміцца з дакументамі па гісторыі подзвігу Калабанава. Тады і ўзнікла ідэя таго, каб правесці сумеснае з Расіяй спартыўнае мерапрыемства, якое б у чарговы раз нагадала грамадству пра гэтага чалавека. Тым больш, што наводчыкам у танку Калабанава ў славутым баі пад Гатчынай быў беларус Андрэй Усаў, які нарадзіўся на Талачыншчыне. Ён таксама не быў узнагароджаны «Залатой Зоркай», хоць і прадстаўляўся да яе.

У 2013 годзе мы і рэалізавалі задуму. Я сам у савецкія часы быў звышмарафонцам, у мяне шмат знаёмых, якія займаюцца гэтым відам спорту. Я з імі звязаўся, ініцыятыву яны падтрымалі, і два гады таму мы правялі першую эстафету разам з прадстаўнікамі з шасці гарадоў Расіі, у тым ліку з радзімы Калабанава — Ніжняга Ноўгарада, усяго 28 чалавек. Сёлета ўдзел у ёй узялі толькі беларусы, аматары бегу і веласпорту з Мінска, Брэста, Бабруйска, Жодзіна, Заслаўя. Усяго 11 чалавек: шэсць звышмарафонцаў, тры веласіпедысты і два бегуны. Дарэчы, сярод удзельнікаў было дзве жанчыны.

7-26

— Якія мэты ставілі перад сабой удзельнікі сёлета?

— Вядома, мы хацелі яшчэ раз нагадаць пра подзвіг роты Калабанава, пра тое, што гэтыя людзі, без перабольшвання, непасрэдна паўплывалі на ход вайны. Бо калі б фашысцкая танкавая армада тады ўзяла Гатчыну, ніякай блакады Ленінграда не было б — горад быў бы захоплены імгненна. Калабанаў не атрымаў «Залатую Зорку» Героя толькі таму, што за ім цягнуўся шлейф адной гісторыі з часоў Фінскай вайны. Пасля аб'яўлення перамір'я камеры зафіксавалі размову Зіновія Рыгоравіча з фінскімі журналістамі, што было расцэнена як здрада Радзіме.

Пасля вайны пра яго подзвіг асабліва не прыгадвалі, ён быў звычайным рабочым на МАЗе. Ды і пахаваны быў без адпаведных вайсковых ушанаванняў. Іронія лёсу ў тым, што пра Калабанава нагадалі немцы. Падчас свайго візіту ў Мінск яны папрасілі паказаць яго магілу. Ледзь-ледзь яе адшукалі. У Германіі і іншых краінах той бой пад Гатчынай праходзяць ва ўсіх вайсковых бранятанкавых акадэміях, ён разглядаецца, як акадэмічны. Але такі быў савецкі час... Мы хацелі распавесці гэтую гісторыю моладзі. Ну і, безумоўна, імкнуліся паказаць, што звышмарафонскі бег — гэта цікава. Насамрэч, зараз гэты від спорту страчвае папулярнасць. Магчыма, некага наша эстафета «зачапіла» і падштурхнула да заняткаў спортам.

7-27

— Як праходзіла сама эстафета?

— Усё пачалося ў Гатчыне, куды мы прыехалі на аўтобусе. Там наведалі месца славутага танкавага бою Калабанава, узялі з сабой зямлю, сустрэліся з мясцовымі жыхарамі. Дарэчы, зямлю нам дапамагаў браць удзельнік штурму Рэйхстага, гатчынец, палкоўнік у адстаўцы Мікалай Бяляеў. Адтуль жа і ўзялі старт. На маршруце веласіпедысты і бегуны падмянялі адно аднаго, калі зусім стамляліся. Але рытм быў неверагодным, упэўнены, што не кожны прафесійны спартсмен мог бы яго вытрымаць.

У большасці гарадоў нас сустракалі мітынгамі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый. Выра, Луга, Пскоў, Апочка, Невель, Віцебск, Сянно, Талачын, Барысаў і Мінск — гэтыя гарады мы наведалі падчас эстафеты. Былі на месцах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, на брацкіх магілах, на месцах былых канцлагераў. Дзе-нідзе нас на кароткай дыстанцыі праводзілі мясцовыя бегуны. Па ўсім шляху суправаджалі супрацоўнікі ДАІ. На мяжы Расіі і Беларусі адбылася ўрачыстая перадача эстафеты ад Дзяржаўтаінспекцыі Расіі іх беларускім калегам.

Але, пэўна, галоўнае мерапрыемства эстафеты адбылося ў Талачыне. Там мы адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар маёра Андрэя Усава, пакінулі на яго магіле частку зямлі з месца бою пад Гатчынай. На беларускай частцы маршруту нам прыйшлося цяжка — быў моцны вецер, веласіпедыстаў літаральна выдзімала з дарогі, таму прыходзілася спыняцца. Але да гонару спартсменаў, яны здолелі працягнуць бег. Фінішавалі ў Мінску на плошчы Перамогі, дзе нас сустракала моладзь з усіх раёнаў сталіцы. Пасля заўпакойнай ліціі ва Усіхсвяцкім храме-помніку на вуліцы Каліноўскага была закладзена на вечнае захоўванне памятная капсула з той самай зямлёй з Гатчыны. Скончылася мерапрыемства на Чыжоўскіх могілках, дзе мы наведалі магілу Калабанава.

— Ці задаволены вы вынікамі мерапрыемства?

— Так, але канчатковая наша мэта — прысваенне Калабанаву і Усаву званняў Героя Расіі і Героя Беларусі адпаведна. У Расіі ініцыятыўная група чарговы раз збірае подпісы для таго, каб гэта ажыццявіць, магчыма, і ў нас атрымаецца такім чынам ушанаваць памяць герояў вайны.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

7-28

Зіновій Рыгоравіч КАЛАБАНАЎ — савецкі танкіст-ас, камандзір роты цяжкіх танкаў. Найбольш вядомым боем з яго ўдзелам з'яўляецца бой пад Гатчынай (тады — Краснагвардзейск) у жніўні 1941 года. Дзякуючы дэталёва выверанай стратэгіі і размяшчэнню засады пяць танкаў пад камандаваннем Калабанава знішчылі 43 танкі праціўніка. Пасля вайны жыў у Мінску, працаваў на Мінскім аўтамабільным заводзе. Памёр у 1994 годзе.

7-29

Андрэй Міхайлавіч УСАЎ — камандзір гарматы ў складзе экіпажа танка КВ-1 пад камандаваннем Калабанава. У баі пад Гатчынай снайперскім агнём знішчыў 22 танкі праціўніка. Пасля вайны жыў на малой радзіме ў Талачыне, займаўся партыйнай і гаспадарчай працай. Памёр у 1986 годзе.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.