Вы тут

Якія мы сёння, такім будзе і заўтра


У кожнага з нас сваё стаўленне да той ці іншай праблемы, якіх у нашым грамадстве шмат. Я ўпэўнена, што моладзь у першую чаргу хвалююць такія пытанні, як чысціня мовы, барацьба з дрэннымі звычкамі і адносіны да старэйшага пакалення.

Пачну з таго, што з праблемай брыдкаслоўя мы ўсе сустракаемся ў паўсядзённым жыцці. У нашым ліцэі змагаюцца з ёй такім чынам: мы пішам конкурсныя сачыненні на тэму «Свет без брыдкаслоўя — твой рэцэпт», праводзім практычныя семінары, дзе абмяркоўваем прычыны гэтай з'явы і шляхі яе выкаранення, праводзім розныя акцыі, напрыклад, «Мы — за чыстую мову». Гэта адна з невялічкіх праблем, аднак маленькія праблемы аднойчы перарастаюць у вялікія. Яшчэ Арыстоцель пісаў: «Заканадаўца павінен выдаляць з дзяржавы брыдкаслоўе, таму што са звычкі брыдкасловіць развіваецца і схільнасць да здзяйснення дрэнных учынкаў». Напрыклад, такіх, як курэнне. Гэта вельмі сур'ёзная праблема, і не толькі медыцынская, але і сацыяльная. У той час, як у Еўропе і ў Амерыцы ўсё больш і больш распаўсюджваецца схільнасць да здаровага ладу жыцця, у нас усё зусім наадварот. На курэнне ў нашым ліцэі звяртаюць асаблівую ўвагу. Аднойчы праходзіла акцыя «Памяняй цыгарэтку на цукерку», якую зладзілі навучэнцы і ўдзельнікі БРСМ. Яе ўмовай было зламаць цыгарэту і выкінуць яе ў скрыню: за гэта навучэнец атрымліваў смачную цукерку.Тады нашы актывісты раздалі амаль пяць кілаграмаў цукерак! Настаўнікі вырашылі ўвогуле пазбавіцца ад гэтай дрэннай звычкі ў ліцэі і ўсіх курцоў паклікалі на «пахаванне» цыгарэт.

Мяне, як і ўсю моладзь, хвалюе гісторыя нашай краіны. Летась адбылася важная падзея: Беларусь святкавала 70 гадоў свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І нашы навучэнцы прынялі ўдзел у акцыі «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны». У вёсцы Новая Мыш адбыўся ўрачысты мітынг «Рэквіем салдатам Перамогі», прысвечаны Дню Перамогі. Ладзілася таксама культурна-спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Найлепшым вучням уручылі квіткі на чэмпіянат свету па хакеі: Уладзіміру Пурпулеўскаму, Глебу Весялоўскаму, Анатолю Корабу. Свята працягвалася ў актавай зале ліцэя, дзе прайшло тэатралізаванае прадстаўленне «Песні нашых бацькоў», на якое былі запрошаны падшэфныя інваліды і ветэраны. Ініцыятарам, арганізатарам і ідэйным натхняльнікам гэтага мерапрыемства стаў рэжысёр народнага тэатра «На Мышанцы» Станіслаў Станіслававіч Пшэўлоцкі, чалавек таленавіты і творчы. Дзякуючы яму ў выкананні вучняў і педагогаў загучалі песні пра вайну — як добра знаёмыя мелодыі, так і новыя. Мы не забываемся дапамагаць нашым героям, якія ў цяжкія часы адстаялі сённяшнюю квітнеючую Беларусь. Валанцёры Навамышскага ліцэя аказваюць шэфскую дапамогу ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Цімафеевічу Зайкоўскаму. Мы любім і паважаем старэйшае пакаленне.

Я лічу, мы павінны быць актыўнымі грамадзянамі, адказнымі перад грамадствам, сям'ёй, дзяржавай. Мы не павінны заставацца ўбаку ад кіравання краінай. Будзем уносіць свае прапановы, складаць праекты і рэалізоўваць іх.

Мы павінны быць камунікабельнымі. З намі будзе лёгка мець зносіны. Мы цікавыя, эрудзіраваныя. Верым, што дзяржаўныя межы будуць існаваць толькі на карце, а не ў нашай свядомасці і зносінах. Такой павінна быць моладзь сёння, такой павінна быць моладзь будучыні!

Дар'я Лукашэня,
навучэнка Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці
Баранавіцкага раёна.

Пра аўтара

— З маленства я была рухавая і завадная. Ні адно свята ў садку, пазней — у школе, не абыходзілася без майго ўдзелу. Галоўнае, што гэта заўсёды мне падабалася. Калі падрасла, энергію таксама трэба было некуды скіраваць. Так я пайшла вучыцца ў дзіцячую школу мастацтваў, клас харэаграфіі. Іграю на домбры і гітары, вельмі падабаецца танцаваць. А яшчэ люблю чытаць, асабліва класічныя творы рускай і беларускай літаратуры. Мой любімы твор — «Паўлінка» Янкі Купалы, — распавяла пра сябе Дар'я.

Цяпер 17-гадовая аўтарка атрымлівае ў ліцэі спецыяльнасць... «Аўтаслесар па рамонце аўтамабіляў». У дзяўчыны ёсць правы кіроўцы, так што атрыманыя навыкі ёй могуць спатрэбіцца ў будучыні. А вучыцца далей Дар'я плануе ў вышэйшай навучальнай установе па спецыяльнасці «Лагапед».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.