Вы тут

Гурт «Аўра» прызнаўся ў любові да... коцікаў


Сямейны і творчы тандэм прадставіў у інтэрнэце кліп на беларускамоўную песню «Дуся», прысвечаную ўзаемадносінам людзей і хатніх гадаванцаў.

Здымкі музычна-сацыяльнага відэа адбыліся менавіта ў сусветны дзень кошак, а ўдзел у міні-фільме ахвотна ўзялі вядомыя медыяперсоны — спявачкі Вікторыя Алешка і Іна Афанасьева, тэлевядучыя Марына Грыцук і Люцыя Лушчык, «Міс Супранэшнл-2012» Кацярына Бурая, а таксама 7 катоў, падапечных мінскіх валанцёраў — абаронцаў бяздомных жывёл.

8-32

— Асабліва пашанцавала з партнёрам Люцыі Лушчык, — жартуе аўтар песні, прадзюсар гурта «Аўра» Яўген Алейнік. — Кошка па мянушцы Майлі аказалася на рэдкасць артыстычнай і без лішніх слоў разумела, што ёй трэба рабіць у кадры, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.

Кампанію іншым дзяўчатам склалі вусатыя ды хвастатыя героі — Касандра і Алёша (ГААЖ «Эгіда»), Олівер, Максімільян, Белачка і Паўлуша (ГААЖ «Кот у Акенцы»). Ім, як і многім іншым беспрытульным катам і сабакам, патрэбен новы дом, які, спадзяюцца артысты, можа знайсціся хутчэй дзякуючы роліку. А ў эпізодах дзе-нідзе мільгае рудая мордачка Дусі — гэта котка, якую салістка гурта «Аўра» Юлія Быкава некалі ўзяла з вуліцы. Цяпер гаспадары не ўяўляюць без яе жыцця — што добра адчуваецца і ў песні, дзе спявачка сцвярджае: маўляў, Дуся «такая мі-мі-мі» і «цягнуся з Дусі я».

— Наогул, — расказвае Юлія, — ва ўсіх дзяўчат, якія зняліся ў кліпе, ёсць свойскія жывёліны — каты і сабакі, і не ўсе пародзістыя. Менавіта таму ўдзельніцы з задавальненнем пагадзіліся здымацца: нам хацелася не проста зрабіць сацыяльны ролік пра няшчасных кінутых жывёл, а паказаць і расказаць у пазітыўным ключы, з лёгкім гумарам, як яны будуць выглядаць ужо ў вас дома і дарыць вам сваю любоў і пяшчоту... У нашай сям'і ўсяго жыве 5 катоў: адзін у маёй мамы, адзін у нас, і тры — у мамы мужа. Усе яны былі падабраны на вуліцы. І я, шчыра кажучы, не бачу сэнсу выкідваць шалёныя грошы за пародзістага спешчанага ката, калі можна ўзяць бяздомнае кацяня, якое будзе любіць цябе і дзякаваць за гэта ўсё жыццё.

8-8

— Фішка кліпа ў тым, што гэта не сумны ролік з заклікам «забярыце жывёлінак, інакш іх усыпяць», а забаўнае відэа, якое ўздымае настрой і выклікае ўсмешку, знята яно на цалкам сучасную R-n-B-песню, толькі з тэкстам пра коцікаў, — дадае Яўген Алейнік. — Мы ўжо заключылі дагаворы з тэлеканаламі аб ратацыі «Дусі» як звычайнага музычнага кліпа. Калі ж з яго дапамогай атрымаецца дапамагчы беспрытульным жывёлам знайсці новых гаспадароў — будзем шчаслівыя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.