Вы тут

«Дзясяты наш дэсантны батальён»


Вядома ж, ад пасляваеннага часу і дагэтуль ствараюцца фільмы, сюжэт якіх развіваецца падчас Вялікай Айчыннай. Тут невымоўны трагізм, батальныя сцэны, ваенная разруха, узрушальныя падзеі, забойствы, страта родных, геройства і іншае.

Але вядома таксама, што хоць вайна ў 1945-ым і скончылася, будучыня асуджана была адчуваць водгалас і ўздзеянне мінулага.

Надышлі 1970-я, пасля вайны прайшло 25 гадоў, і стала зразумела, што безумоўнага шчасця не прыйшло, высокая мараль не стала абсалютам і мір — паняцце недакладнае. Тады, у 1970 годзе, быў створаны фільм Андрэя Смірнова «Беларускі вакзал» — не са зброяй і геройствам савецкага народа, а пра тую самую сучаснасць, адзначаную разрывам паміж свядомасцю людзей, якія жылі і выхоўваліся быццам у розныя эпохі. У пранізлівай і шчырай карціне чацвёра былых франтавікоў-аднапалчан сустракаюцца ўпершыню пасля 1946 года (калі яны адзначалі дзень нараджэння свайго сябра Валянціна Мацвеева). Летам 1945-га Іван Прыходка, Мікалай Дубінскі, Віктар Харламаў, Аляксей Кірушын і Мацвееў расталіся на Беларускім вакзале і сустрэліся — праз 25 гадоў — на пахаванні апошняга.

8-15

Сёння гэта розныя людзі — слесар, дырэктар завода, бухгалтар і журналіст, але ў гледача будзе даволі часу і сітуацый, каб зразумець, што яны насамрэч падобныя. Гэта адзін «лагер», дзе адрозненне праяўляецца не ўнутры групы, а побач з малодшым пакаленнем. Ёсць (было) нешта, то бок вайна, якая, можа, і супраць волі, стварыла фон бясспрэчных ісцін. Пры сутыкненні з маладымі людзьмі ў рэстаране былыя аднапалчане выходзяць пераможцамі, але ж міліцыя становіцца на бок тых, у каго бацька з «чынам». Ганебная сучаснасць.

Класічнай стала сцэна, у якой сябры прыязджаюць да былой франтавой медсястры Раі. Жанчына бярэ гітару і спявае песню «Нам патрэбна адна перамога» («Дзясяты наш дэсантны батальён»), напісаную спецыяльна для фільма. Булат Акуджава прыдумаў тэкст і мелодыю, якую апрацаваў кампазітар Альфрэд Шнітке. Сёння песня стала класічнай і абавязковай у дзень святкавання гадавіны Вялікай Перамогі.

Спачатку фільм па сцэнарыі Уладзіміра Труніна планаваўся чорна-белым, але ў апошні момант было вырашана рабіць каляровую шырокаэкранную стужку. Была вызначана і аўдыторыя, на якую арыентаваліся стваральнікі фільма, — гэта ветэраны і ўсе тыя, хто мае дачыненне да часоў вайны. Але пасля прагляду становіцца зразумела, што гэтая карціна — яшчэ і выклік сучаснаму (у любы год прагляду) грамадству. Таму што канстатуе: веліч подзвігу нашых дзядоў залежыць і ад нас саміх. За што яны змагаліся, калі некаторыя сёння адмаўляюць безумоўныя маральныя арыенціры? Насамрэч гэтых ісцін не так шмат, і лепш, каб выхоўвала і вучыла нас не вайна, а мы самі. У любым пакаленні.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.