Вы тут

Аднавіць карціну вайны


Беларускія гісторыкі публікуюць засакрэчаныя раней спісы палонных і дакументы франтоў

Даследчыкі лічаць, што праз кожныя 20-30 гадоў любая тэма бачыцца зусім па-іншаму. Таму не дзіўна, што падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра якія, здавалася б, ужо столькі напісана, і сёння цікавяць навукоўцаў. За ўвесь час Інстытут гісторыі НАН Беларусі падрыхтаваў каля 11,5 тысячы публікацый, прысвечаных барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, аднак некаторыя старонкі гісторыі толькі сёння становяцца вядомымі.

Сляды сапраўдных падпольшчыкаў

Загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міжнародных адносін Інстытута гісторыі Аляксей ЛІТВІН расказвае, што ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі (Масква) знаходзяцца ўнікальныя дакументы — фотаздымкі надпісаў савецкіх палонных на сценах фашысцкіх турмаў. Некалі гэтыя надпісы цікавілі супрацоўнікаў Народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР толькі з аднаго боку: раптам хтосьці з тых людзей быў завербаваны немцамі і пакінуты на акупаванай тэрыторыі. Усім адпаведным органам прадпісвалася з Масквы назіраць за «падазроным» чалавекам і правяраць, ці не фашысцкі ён агент. Шукалі нават тых, хто па надпісах лічыўся расстраляным.

— Звесткі былі доўгі час засакрэчаны, — кажа Аляксей Міхайлавіч. — Цяпер, калі інфармацыя даступная, мы змаглі даследаваць спісы гэтых людзей, зрабілі некалькі публікацый па Гомельскай і Кобрынскай турмах. Высветлілася, што шмат з тых, хто пакінуў свае надпісы ў Гомелі, былі сапраўднымі падпольшчыкамі. Але пра іх ніхто дагэтуль не ведаў. Больш за тое, пасля нашых публікацый мне з Алматы даслаў ліст сын аднаго з такіх людзей. Ён спецыяльны карэспандэнт «Известий» па Казахстане, 70 гадоў шукаў бацьку. Дзякаваў, што нарэшце ўдалося даведацца, як склаўся бацькаў лёс.

У маскоўскім архіве такая інфармацыя ёсць па дзесяці беларускіх турмах (акрамя згаданых гарадоў, гэта Мінск, Магілёў, Віцебск, Орша, Пінск, Стоўбцы, Ліда, Нясвіж). Хаця месцаў зняволення ў нашай краіне было нашмат болей. У гады акупацыі на нашай тэрыторыі было больш за 70 турмаў.

Ацаніць чалавечыя страты

У Цэнтральным навуковым архіве НАН сёння захоўваецца справа, дзе прадстаўлены, бадай, першыя медыка-крыміналістычныя даследаванні таго ўрону, які нанеслі нямецкія захопнікі беларускаму насельніцтву. Кіраўнік архіва Марына ГЛЕБ распавядае, што адразу пасля вайны была створана надзвычайная ўрачэбная камісія:

— Медыкі бралі справаздачы аб фашысцкіх карных акцыях, складзеныя самімі гітлераўцамі, дзе з педантычнасцю і цынізмам апісвалася, як знішчаліся гета, расстрэльваліся ваеннапалонныя. На падставе гэтых дакументаў нашы ўрачы даследавалі месцы масавых забойстваў, наносілі іх на карту, рабілі падрабязны крыміналістычны аналіз знойдзеных там чалавечых астанкаў.

Ужо тады, у 1945 годзе, медыкі спрабавалі вызначыць, колькі беларусаў загінула. Па самых першых падліках, страты ацэньваліся ў мільён трыста тысяч чалавек. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што з улікам ускосных страт вайна забрала жыцці ад 2,5 да 3 мільёнаў жыхароў нашай краіны. Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандр КАВАЛЕНЯ прызнаецца, што слабое месца ваеннай гістарыяграфіі — гэта статыстыка:

— На тэрыторыі Беларусі загінула прыкладна 810 тысяч ваеннапалонных. Аднак дакладную лічбу забітых салдат і афіцэраў мы ніколі не даведаемся. Калі ў Англіі і Штатах спісы тых, хто загінуў, публікаваліся штотыдзень, то ў нас гэтага, з многіх прычын, не рабілася. Нават сёння мы знаходзім невядомыя раней месцы пахавання партызанаў.

Важныя вызваленчыя аперацыі

За апошнія гады беларускія даследчыкі разам з расійскімі калегамі выдалі некалькі значных прац. Так, сумесна з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук падрыхтавалі праект «1941 год. Краіна ў агні». А летась, з дапамогай Інстытута ваеннай гісторыі Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, прэзентавалі кнігу «Вызваленне Беларусі. 1943—1944». Там падабраны дакументы (многія з іх публікуюцца ўпершыню) Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, ваенных саветаў франтоў, дырэктывы і загады Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, якія літаральна па днях распісваюць, што адбывалася на нашай тэрыторыі. Акрамя шырока вядомай аперацыі «Баграціён», навукоўцы расказваюць і пра іншыя: Чарнігаўска-Прыпяцкую, Гомельскую, Гомельска-Рэчыцкую, Мазырска-Калінкавіцкую, Рагачоўскую (усе былі праведзены Цэнтральным фронтам пад камандаваннем Ракасоўскага) і некалькі аперацый Заходняга фронту.

— Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — агульная. У вызваленні толькі нашай краіны, акрамя саміх беларусаў, удзельнічала 60 тысяч армян, прыкладна столькі ж казахаў. Таму пры даследаванні ваенных гадоў мы супрацоўнічаем з іншымі дзяржавамі СНД, каб аднавіць карціну баявых дзеянняў цалкам, — адзначае Аляксей Міхайлавіч.

Сёлета, дарэчы, з 17 па 27 чэрвеня ў рамках гэтага супрацоўніцтва ў Мінску пройдзе чарговая школа маладых гісторыкаў краін СНД, прысвечаная праблемам Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Нанова вучыць гісторыю

Сёння актыўна вядзецца будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». У паўночнай частцы былога канцлагера пракладваюць дарожкі, усталёўваюць электраасвятленне і інфармацыйныя шыльды, прыво-дзяць у парадак рэшткі падмуркаў будынкаў, дзе ў 1942—1944 гадах знаходзілася нямецкае кіраўніцтва. Як паведаміў загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Вадзім КОШМАН, рэканструкцыя пакуль закранула толькі перыферыю лагера: адміністрацыйныя і вытворчыя памяшканні. Самі баракі былі крыху ў іншым баку (у перспектыве гэтую тэрыторыю таксама плануюць уладкаваць).

Самыя вялікія ахвяры лагера — ва ўрочышчах Шашкоўка, дзе з восені 1943-га існавала печ-крэматорый, і Благаўшчына. У апошнім з 1941 года расстрэльваліся яўрэі, прывезеныя з 8 краін Еўропы. Лічыцца, што ў гэтым месцы было забіта да 150 тысяч чалавек.

— Ведаеце, што мяне найбольш уразіла за амаль двухгадовы перыяд знаходжання на аб'ектах? Стаўленне людзей, — прызнаецца Вадзім Іванавіч. — У Шашкоўцы, дзе загінула каля 50 тысяч чалавек, сёння право-
дзяць пікнікі і страляюць з пнеўматыкі па інфармацыйных шчытах. А Благаўшчына стала месцам актыўнай працы «чорных капальнікаў», якія руйнуюць могілкі, спадзеючыся знайсці там залатыя зубы і ўпрыгожанні... Трэба працаваць з людзьмі, нанова вучыць іх шанаваць гісторыю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.