Вы тут

Яны ратавалі жыцці


Штодня бачыць скалечаныя целы і быць апошнім спадзяваннем для таго, хто пакутліва памірае, — пад сілу не кожнаму. Мы ўшаноўваем тых, хто не шкадаваў свайго жыцця, абараняючы Радзіму ад ворагаў. Але несправядліва забывацца і на людзей, якія зберагалі і адраджалі гэтыя жыцці — ваенных медыкаў і тых, хто ахвяраваў сабой на полі бою, дапамагаючы параненым. Бо дзякуючы камусьці з ваенных дактароў, якія ратавалі нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, жывуць цяпер многія з нас.

Але, на жаль, далёка не ўсе ўдзельнікі вайны атрымалі дзяржаўныя знакі пашаны. Таму ў Беларусі заснавана спецыяльная ўзнагарода ветэранам-медыкам. У нашай краіне іх засталося каля 600 чалавек, і вельмі важна паспець аддзячыць кожнаму з іх.

Заснаваць спецыяльную ўзнагароду прапанавалі арганізатары дабрачыннай платформы «МаеСэнс», іх падтрымалі Мінскі гарадскі савет ветэранаў і Рэспубліканскі савет ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Гісторыкі сцвярджаюць, што існавала правіла, згодна з якім медыцынскіх работнікаў узнагароджвалі пасля выратавання 80 байцоў. Але па ўзроўні смяротнасці медыцынскія фарміраванні займалі другое месца пасля пяхотных войск. Часта медыкі гінулі, не паспеўшы выратаваць і дзесяці жыццяў. Сёння ветэраны медыка-санітарных службаў не ходзяць у першых шэрагах на парадах, не адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, але пры гэтым менавіта яны зрабілі многае для дасягнення міру. Адзнака, што мы збіраемся ўручыць ветэранам, — гэта грамадская ініцыятыва, даніна людзей, якія доўгі час жывуць пад мірным небам», — адзначыў адзін з кіраўнікоў «МаеСэнс» Аляксандр СКРАБОЎСКІ.

На стварэнне ўзнагароды плануюць выдаткаваць 70 млн рублёў, гэта будуць сродкі, сабраныя на дабрачыннай платформе пад названую акцыю ад прыватных асоб і арганізацый. Такім чынам, дзякуючы ініцыятыве грамадскасці, гэтая ўзнагарода стане сапраўды «народнай».

Як падкрэсліваюць арганізатары, праект значна шырэйшы, чым проста ўручэнне ветэранам памятнага знака. Адна з яго задач — прыцягнуць грамадства да вырашэння праблем удзельнікаў вайны.

Акцыя праходзіць у Беларусі з 1 мая па 30 чэрвеня. На першым этапе ўнікальныя памятныя падарункі атрымаюць 100 ветэранаў-медыкаў з Мінска і Мінскай вобласці.Больш падрабязна даведацца пра ініцыятыву, а таксама пра тое, як дапамагчы ветэранам-медыкам Вялікай Айчыннай вайны, можна на сайце maesens.by.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.