Вы тут

Пра вайну і мір ад доўгажыхароў


102 гадовы ветэран вайны і 100 гадовая ветэранка працы «прыадкрылі таямніцу» таго, як пражыць больш за стагоддзе і не быць абузай для блізкіх. Нашы героі — жыхары Полацкага раёна. Усяго тут сем чалавек, якім ужо за 100 гадоў.

«Лавіў» самалёты пражэктарамі

Яфім Якаўлевіч Рыжычэнка жыве разам з дачкой, унукам і жонкай унука ў вёсцы Захарнічы. Адукацыя ў суразмоўцы — тры класы. А галоўнай «школай» стала само жыццё.

— Нарадзіўся 22 сакавіка 1913 года. Тутэйшы я. Бацька і маці, дзед і прадзеды працавалі на чыгунцы. Разам са мной у бацькоў было дзевяць дзяцей, — дакладна адказвае на пытанні ветэран. — Да 1933 года жылі сваёй гаспадаркай, потым у калгас уступілі. А ў 1935 годзе забралі мяне ў салдаты. Служыў у Гомелі. Вучылі пражэктарамі свяціць у неба, каб самалёты «лавіць» (у кіно паказваюць, як на нямецкія самалёты нашы наводзяць прамяні. — Аўт.). У 1937 годзе дэмабілізаваўся. А праз год зноў забралі, і служыў я да 1940 года ў Полацку, — працягвае Яфім Рыжычэнка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Прыкладна за 1,5 месяца да пачатку Вялікай Айчыннай яго зноў прызвалі ў армію, каб адправіць у Манголію.

— А вайна ж пачалася. Я тады ў Віцебску служыў. Так атрымалася, што ў хуткім часе ўзялі мяне ў палон, але ўдалося збегчы. Праз балоты ўцёк, а са мной яшчэ 12 чалавек... Казалі, што з сабакамі немцы кінуцца за намі. Ды ніхто так і не гнаўся, бо мітусня вялікая была. Ворагі былі на шашы, якая вяла на Смаленск. Яны збіраліся туды наступаць. Прыйшоў да нашых, а ротны пытае, ці падрыхтавалі пражэктар для перавозкі. Не паспелі. Расказаў яму пра тое, што ў палон трапіў. Ён мне: нічога нікому не кажы. Так і зрабіў, — здзіўляе падрабязнасцямі ветэран. Ён памятае імёны і прозвішчы, воінскія званні, назвы вёсак, даты...

Яфім Якаўлевіч ваяваў у Бранску, браў Арол, Прыбалтыку вызваляў. Перад Перамогай у адпачынак адпусцілі. Пабыў дома 15 дзён. Пасля капітуляцыі фашыстаў служыў да кастрычніка 1945 года. Узнагароджаны медалямі: «За баявыя заслугі», «За Перамогу» і іншымі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

І першым у вёсцы купіў тэлевізар

— Тата шмат чаго можа расказаць пра вайну. І мне вельмі падабаецца яго слухаць. Цікава распавядае і пра пасляваенныя гады. Асабліва пра тое, як з мамай маёй ажаніўся. Настасся Захараўна памерла 1,5 года таму. Пражыла 94, — распавядае Раіса Яфімаўна, дачка ветэрана. Яна нарадзілася ў 1947 годзе.

Як пазнаёміўся з будучай жонкай? У адной вёсцы жылі, з яе братамі сябраваў. Я са сваімі бацькамі параіўся — яны не былі супраць, каб ажаніўся. Сказалі, што сціплая дзяўчына... Вяселле невялікае зрабілі. І пачалі жыць, — дадае Яфім Якаўлевіч.

Наваспечаны муж, як бы цяпер сказалі, з нуля пачаў будаваць сямейнае гняздо. У небагаты пасляваенны час гэта было складана. Добра, што Яфім Якаўлевіч — чалавек з «залатымі рукамі».

— У ваенным гарадку — на будоўлі, потым — у калгасе — шафёрам. І цесляром быў... Працаваў з раніцы да позняга вечара, таму і прыйшоў час, калі пачалі грошы «вадзіцца», — працягвае ён.

— Мяне і малодшага брата гадавалі бацькі. І мы нябедна жылі, а ўсё дзякуючы тату. Я ж яшчэ і сябровак падкормлівала. У нас і белая мука заўсёды была, і іншае, — дзеліцца Раіса Яфімаўна.

Яна добра памятае: калі яшчэ малая была, у вялікай бацькавай хаце на святы збіраліся аднавяскоўцы. Хто капусты міску прынясе, хто — яечню... Весяліліся, песні спявалі, але ніхто не быў п'яны і не біўся.

Ветэран з гонарам расказваў пра тое, што першы ў вёсцы купіў тэлевізар, газавую плітку ўсталяваў у хаце. А ўсё таму, што зарабляў, грошы на спіртное не траціў. Ды і гаспадарка свая была моцная.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Просіць, каб пры ім сала пасмажылі

Я ўсё цікавіўся, як адчувае сябе чалавек у такім узросце, як харчаваўся, пра дрэнныя звычкі. Спрабаваў даведацца сакрэт доўгажыхарства.

Яфім Якаўлевіч дрэнна бачыць, і тое толькі адным вокам. Але з задавальненнем слухае тэлевізар.

У маладосці не злоўжываў алкаголем. Калі бачыў аднавяскоўца нападпітку, перажываў. І не столькі за тое, што той грошы прапіў, а хваляваўся: як заўтра ўстане? Курыць пачаў у арміі, але кінуў, калі цыгарэты падаражэлі, — расказвае унук ветэрана Алег Іванавіч.

І цяпер Яфім Якаўлевіч часта просіць скварку. Ды зубы не дазваляюць шмат яе з'есці. Але ж просіць, каб пры ім сала пасмажылі. Сядуць за стол, а ён і паспявае: «Враги сожгли родную хату», «Катюшу» і іншыя песні пра вайну...

На развітанне дамовіліся, што ў наступным годзе зноў прыеду ў госці. Каб павіншаваць ветэрана з чарговым днём нараджэння, запісаць больш яго ўспамінаў.

Не ленавацца і шмат працаваць

Разам са старшынёй Гаранскага сельвыканкама Мікалаем Васільевічам Карасёвым у Новых Гаранах наведалі доўгажыхарку Настассю Аляксандраўну Маўчанаву. Яна нарадзілася 1 сакавіка 1915 года.

— Я расла ў шматдзетнай сям'і, была старэйшым дзіцем. У жывых засталася сястра родная. Яна жыве ў Мінску, ёй 90 гадоў. Усё жыццё я пражыла ў вёсцы Гаравыя, 55 гадоў працавала ў калгасе, — распавяла бабуля.

— Летам яна адна жыве ў сваім доме. Сама па ваду ходзіць, кухарыць. Колькі яе не пераконвалі, што з намі было б лепш, кажа, што сама справіцца, — дадае яе ўнучка Ірына Віктараўна. Падчас размовы яна трымала на руках дзіця — праўнука бабулі, 11-месячнага Захара (усяго ў доўгажыхаркі два сыны, 11 унукаў, 14 праўнукаў.)

У сельвыканкаме расказалі, што Настасся Аляксандраўна — добры прыклад для пераймання. Узорная вясковая жанчына і на працы была ў перадавіках, і суседзям па гаспадарцы дапамагала. Каму — бульбу садзіць, каму — капаць і г.д. Нават калі яе не прасілі, сама прыходзіла на дапамогу.

Сакрэт доўгага жыцця пенсіянерка тлумачыць проста: трэба не ленавацца і шмат працаваць. Наконт ежы: што ўсе елі, тое і яна. Цяпер у асноўным малочныя прадукты, а раней і сала, і ўсё астатняе. Вось і вер пасля гэтага медыкам наконт шкоднасці сала з-за халестэрыну...

Аляксандр ПУКШАНСКІ,
фота аўтара.

Полацкі раён — Віцебск.

Аўтар выказвае падзяку кіраўніцтву Полацкага райвыканкама і старшыні Гаранскага сельвыканкама Мікалаю Карасёву за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.