Вы тут

Новы адрас для партнёрства


Ляньюньган — найбуйнейшы марскі порт Кітая. У горадзе, насельніцтва якога складае пяць мільёнаў чалавек, размешчана Зона супрацоўніцтва паміж усходняй, цэнтральнай і заходняй часткамі краіны. Урад Кітая заявіў, што Ляньюньган — адкрыты прыморскі горад.

Пра прыярытэты яго месцазнаходжання задумаліся яшчэ камуністычныя лідары 1920—1930 гадоў, якія разумелі, што як толькі возьмуць у свае рукі ўладу, давядзецца наладжваць разбураную вайной эканоміку. Але імклівае развіццё горада і порта стала асабліва заўважным у апошнія гады.

8-48

— Наш горад набывае ўсе рысы найбуйнейшага мегаполіса, — адзначыла на сустрэчы з беларускімі журналістамі спадарыня Тэн Вэнь, член пастаяннага камітэта парткама Ляньюньгана. — У нас сыходзяцца марская і чыгуначная інфраструктуры. Грузы, атрыманыя з Паўднёвай Карэі і Японіі, а таксама з іншых краін па моры, могуць далей перавозіцца па чыгунцы ў Цэнтральную Азію і Еўропу. Гістарычна наш горад быў самым зручным выхадам Вялікага шаўковага шляху да мора. Таму і цяпер усе стратэгічныя міжнародныя праекты, у тым ліку і эканамічны пояс новага Шаўковага шляху, звязаны з Ляньюньганам. Бо што сёння важна для гандлю, поспехі якога ў значнай ступені адлюстроўваюць стан эканомікі? Павялічыць хуткасці перамяшчэння тавараў, патанніць транспартныя выдаткі пры вырашэнні гэтай задачы. Значыць, лагістыка, разумныя інфраструктурныя рашэнні — аснова для руху наперад. Мы хацелі б бачыць Беларусь важным партнёрам у вырашэнні гэтай задачы.

Да самага актыўнага партнёрства ў галіне лагістыкі Беларусь запрашае і Кітайска-казахстанская міжнародная лагістычная кампанія Ляньюньгана. Створаная зусім нядаўна, яна ўжо можа быць узорам, паказваць вектар руху.

Генеральны дырэктар кампаніі спадар Лю Бін лічыць, што ўслед за Казахстанам Беларусь магла б смела заявіць пра свой намер удзельнічаць у лагістычных і транспартных праектах.

— Так, статутны фонд нашага сумеснага прадпрыемства складае 400 мільёнаў долараў. 51% капіталу — акцыі кітайскага боку. Астатняе належыць казахам. На стварэнне новых тэрміналаў, вырашэнне іншых тэхналагічных задач мы сумесна выдаткавалі 100 мільёнаў долараў. Тут ужо асноўныя інвестыцыі — за казахамі. Верагодна, на гэтым этапе беларусам не варта паўтараць праект. Спачатку трэба стварыць рух, павярнуць грузапатокі, карацей, грошы зарабіць менавіта на гэтым участку. Дык, можа, тады добра было б тэрмінова стварыць беларускае прадстаўніцтва — або ў порце Ляньюньгана, або пры нашай кампаніі. Мы ўжо пачалі цікавыя перамовы з Беларускай чыгункай. Думаю, яны паскорацца пасля сустрэчы Старшыні КНР і Прэзідэнта вашай краіны.

Варта зазначыць, што ўжо ёсць вынікі, якіх дабіваюцца сённяшнія арганізатары эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху на ўчастку Ляньюньгана. Калі раней у Казахстан, еўрапейскую частку постсавецкай прасторы цягнікі з грузамі з порта Ляньюньган прыходзілі за 20 дзён, то цяпер за 13—14.

Кітай уважліва прыглядаецца да еўразійскага эканамічнага будаўніцтва. Безумоўна, і Казахстан, і Беларусь асабліва цікавяць яго ў гэтым плане.

Сёння і кітайскія палітолагі падрабязна абмяркоўваюць развіццё двухбаковых адносінаў Кітая не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй, Казахстанам з улікам еўразійскага партнёрства гэтых краін.

Кірыл ЛАДУЦЬКА,

г. Ляньюньган, Кітай.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.