Вы тут

Мікалай Чурылаў: «Вы знаходзіцеся бліжэй да ісціны»


Адзін з гасцей выставы «СМІ ў Беларусі» — гэта доктар сацыялагічных навук Мікалай Чурылаў з Украіны. На радзіме ён з'яўляецца генеральным дырэктарам кампаній «TNS-Украина» і Цэнтра сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў. Мяркуецца, што пад яго кіраўніцтвам у нашай краіне сёлета пройдуць перадвыбарныя сацыялагічныя даследаванні. Карэспандэнт «Звязды» задала спецыялісту некалькі пытанняў.

8-53

— Замежныя калегі-журналісты часта называюць беларускае палітычнае жыццё спакойным, без скандалаў, боек, якія дазволілі б «зрабіць карцінку»...

— Бойка ніколі не была сімвалам дэмакратызму. Наадварот, спакой у палітыцы (калі адсутнічае падман і абвінавачванні, калі няма «мардабою» на экране) — вось паказчык дэмакратычнасці. Тое, што адбываецца ў палітычнай сферы маёй краіны, асабіста мне, як чалавеку і як сацыёлагу, не імпануе.

— Чаму менавіта вам, украінскай кампаніі, плануецца даверыць правядзенне перадвыбарных даследаванняў у Беларусі?

— Мы маем вялікі вопыт: з 1997 года, першымі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, сталі праводзіць даследаванні экзіт-полаў (апытанне выбаршчыкаў, пасля выхаду з участкаў галасавання. — Аўт.). Правялі больш за 40 экзіт-полаў не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі (у 2010 годзе), Грузіі, Малдове. Наша кампанія досыць аўтарытэтная, нас запрашаюць, бо ведаюць, што мы працуем аб'ектыўна і чыста.

— Што ўяўляюць з сябе гэтыя даследаванні?

— Яны будуць накіраваны на выбарчую кампанію, але датычыцца шырокага спектра пытанняў. Будзем ладзіць масавае апытанне, выяўляць сацыяльна-псіхалагічны стан насельніцтва, рэакцыю на тыя або іншыя дзеянні кіраўніцтва, ацэньваць агульную сітуацыю ў краіне. Мы пастараемся спрагназаваць вынік прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца восенню. У канцы мая — пачатку чэрвеня плануем правесці першае даследаванне, у верасні — другое, у лістападзе — трэцяе. І літаральна за тыдзень да выбараў — яшчэ адно. А таксама экзіт-пол у дзень выбараў.

— Як уплывае інфармацыя, якая трапляе ў медыя, на меркаванні выбаршчыкаў?

— Той, хто кажа, што некаторую інфармацыю лепш не ведаць, не надта разумее, што ён кажа. Любыя звесткі, станоўчыя ці адмоўныя, з'яўляюцца добрай з'явай. Бо яны дазваляюць чалавеку арыентавацца і нармальна адчуваць сябе ў гэтым свеце. Людзей не трэба карміць толькі станоўчымі фактамі, яны павінны ведаць усе нюансы.

— Як вы ацэньваеце працу беларускіх СМІ?

— Калі я параўноўваю навіны аб падзеях у маёй краіне, якія ідуць на расійскіх тэлеканалах і на ўкраінскіх, бачу, што гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Аднак ісціна павінна знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Калі я пачынаю ўважліва адсочваць беларускія тэле- і радыёперадачы, бачу, што вы знаходзіцеся хаця і не ў самай сярэдзіне, але бліжэй да яе, чым украінцы і расіяне. Вы працуеце досыць прафесійна, аб'ектыўна. Верагодна, арыентуецеся на свайго лідара, Прэзідэнта Лукашэнку. У апошні час мне вельмі імпануе яго пазіцыя. Зразумела, у такой сітуацыі немагчыма быць зусім незалежным, але ён праяўляе максімум тактоўнасці і вытрымкі ў адносінах да ўкраінскіх падзей.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.